Вы тут

Намінант на "Оскара" ў сталічным пракаце


Уручэнне прэмій Амерыканскай кінаакадэміі — Оскараў — адбудзецца ў канцы месяца. А пакуль у сталічным пракаце можна паглядзець адзін з фільмаў-намінантаў. Карціна «У цэнтры ўвагі» рэжысёра Тома МакКарці трапіла адразу ў шэсць катэгорый — «Найлепшы фільм», «Найлепшы арыгінальны сцэнарый», «Найлепшы рэжысёр», «Найлепшы акцёр другога плана» (гэта Марк Руфала) і «Найлепшая актрыса другога плана» (Рэйчэл МакАдамс), а таксама «Найлепшы мантаж».


Існавала б намінацыя, у якой можна атрымаць статуэтку за важнасць тэмы — фільм «У цэнтры ўвагі» стаў бы фаварытам. Заснаваная на рэальных падзеях карціна распавядае пра адно з самых рэзанансных журналісцкіх расследаванняў пачатку стагоддзя. Аддзел «У цэнтры ўвагі» бостанскай газеты бярэцца за тэму святароў-педафілаў. Зачэпка ў выглядзе абвінавачванняў канкрэтных прадстаўнікоў царквы выводзіць аддзел, што складаецца з трох журналістаў і рэдактара Уолтэра Робінсана (яго сыграў Майкл Кітан), на хібы цэлай сістэмы.

Расследаванне праводзіцца ва ўмовах прыхільнасці насельніцтва да інстытута царквы, ды яшчэ ў горадзе, дзе царква займае моцную пазіцыю, мае бязмежныя магчымасці і можа ўплываць на дзяржаўныя інстытуты. Пайсці супраць яе — што фактычна ў выніку зрабіў аддзел «У цэнтры ўвагі» — гэта крамола, замах на святое, неверагодная дзёрзкасць. Таму сама справа, як і фільм, мае інтрыгуючае адценне і ненавязліва штурхае на абдумванне суадносін паміж верай і рэлігіяй.

Важным складнікам фільма з'яўляюцца вобразы журналістыкі, газеты і ўласна журналістаў, якія робяць сваю справу не дзеля гучных загалоўкаў і сусветных сенсацый, а дзеля таго, каб злачынцы адказалі за свае ўчынкі. Таму тут паказваецца не толькі дыспазіцыя паміж журналістамі і бокам, што перашкаджае расследаванню, але шырока (эмацыянальна) прадстаўлены і трэці ўдзельнік — тыя, хто пацярпеў ад святароў. У сувязі з гэтым унутры з'яўляецца адчуванне трыумфу, калі на экране бачыш кіпу надрукаваных газет з першапалосным матэрыялам, які ні аспрэчыць, ні адмяніць, ні выдаліць. Бо ў пэўны момант аддзел «У цэнтры ўвагі», маючы багата матэрыялу для разгромнага тэксту і рызыкуючы выступіць з тэмай не першымі, працягвае расследаванне, каб выкрыць хібы не асобных святароў, а ўсёй сістэмы.

Тады становіцца зразумелым і відавочным прызначэнне інстытута сапраўднай журналістыкі, якая мае магчымасць уздзейнічаць на навакольны свет, каб павышаць у ім узровень справядлівасці.

У фільме знайшлося месца для асабістых унутраных драм герояў, улічваючы, што ніхто з іх, як персанаж, не выступае ўперад іншых. Так, карціна — выбітны твор мастацтва. І ў параўнанні з некаторымі намінантамі для паўнавартаснага выказвання ёй не спатрэбілася маса спецэфектаў і ахвяр. Фільм у пракаце — да 24 лютага, а мы будзем «хварэць» за яго падчас уручэння Оскараў.

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Што ў цэнтры ўвагі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».