Вы тут

Чым родная мова адрозніваецца ад той, на якой гаворым


Не ведаю, як вы, а я асабіста ўжо некалькі апошніх дзён не-не дый задумаюся: як бы гэта сёлета Дзень роднай мовы адзначыць? (Калі хто не памятае, ён у нас, як і ва ўсім свеце, паслязаўтра, у нядзелю.) Часу засталося няшмат, а нічога слушнага ў галаву не прыходзіць. А свята ж гэта, нягледзячы на яго ў апошні час публічнасць, самае, бадай, з усіх, што ёсць, асабістае. Бо родная мова — не з'ява, не паняцце, не словазлучэнне. Я б назвала яе надсвядомым светаўспрыманнем. Якое не з'яўляецца пад прымусам ці ад спакусы, якое не знікае па загадзе ці паводле чыйгосьці прыкладу. Якое ёсць у кожнага без выключэння, як душа, або, скажам, сумленне. Якое ў кожнага сваё, і хоць «сэрца аб зоры разбі», ты яго ніяк не перайначыш.


Вось, напрыклад, крылаты сімвал краіны. Як гэтую птушку назваць? «Аист»? «Бусел»? У нашай двухмоўнай краіне зразумеюць і той, і той варыянты. Я нават трэці ведаю — «сіgоgnе» (гэта па-французску, даводзілася іншаземцам пра сваю краіну расказваць, а як жа без яго абыдзешся?). Але па-сапраўднаму, у тым самым надсвядомым светаўспрыманні, для мяне гэта бусел, і ніяк інакш. Значна больш, чым птушка. Гэта росны поплаў, высокае сіняе неба, копы маладога сена, босыя ногі, якія казыча скошаная трава. І звонкае-радаснае, што ў бездань неба, задраўшы голаў, крычыш: «Бусел-бусел, вылі воду, закружыся на пагоду!», і адчуванне абсалютнага шчасця, калі пасля тваёй замовы белая птушка пачне павольна кружыць ля самага сонца...

Або, скажам, шыдэлак. Цэлая праблема з ім нядаўна атрымалася. Шукала яго ў руска-беларускім слоўніку, а там яго няма! «Кручок» — і ўсё тут! А што агульнага можа мець кручок, на які зачшэплівалі штовечар дзверы роднай хаты ў сенцах, з карункавымі падзорнікамі пад высокімі ложкамі, з крухмальнымі сурвэткамі, якія ўсе бабуля шыдэлкам старанна вязала?!..

Мая сваячка, якая пайшла вучыцца ў сталіцу яшчэ ў пачатку васьмідзясятых, нашу вясковую мову разам са сваёй вясковасцю заўзята з сябе выціскала. І выціснула-такі: праз дваццаць гадоў настолькі чыста гаварыла па-руску, што нават нашага заўсёднага «дзекання» і «цекання» ў яе чуваць не было. Але калі гадоў дзесяць назад раптоўна прама на рабоце спынілася сэрца ў яе маладога мужа, мне ў трубку яна роспачна і проста сказала: «Наш бацька памёр», і ўжо мы абедзве ведалі і разумелі, якая гэта страшная і непапраўная бяда стаіць за гэтымі знаёмымі з дзяцінства словамі — сям'я страціла апору і кармільца, бо там, дзе мы нарадзіліся, бацькам і маці звалі адно аднаго сужэнцы, якія жывуць у ладзе і даверы... А нядаўна я пачула, як яна спявае сваёй маленькай унучцы калыханку пра ката, які «пайшоў на гулі, памарозіў лапкі, залез на палаткі. Сталі лапкі грэцца — няма коціку дзе дзецца...» Бо менавіта так у нас спрадвеку спявалі самым маленькім, самым любімым, люляючы іх на руках...

Да чаго, уласна кажучы, вяду. Родная мова, атрымліваецца, — мова асацыяцый. Назвы і паняцці, якія закладзеныя ў розум і душу з маленства, нават калі чалавек яшчэ не ўмее гаварыць. І тое, што беларускую мову падчас апошняга перапісу насельніцтва назвалі роднай больш за шэсцьдзясят працэнтаў апытаных, пры тым, што гавораць на ёй у паўсядзённым жыцці толькі трыццаць, — ніякі не парадокс, абсалютна рэальная з'ява. Праблема ў іншым. Калі родную (у нашым выпадку — канешне ж, беларускую) мову не выпусціць з межаў надсвядомага светаўспрымання ў паўсядзённы ўжытак (а менавіта гэта нават тыя, хто абсалютна шчыра называе яе роднай, рабіць не спяшаюцца), у нашых дзяцей не будзе таго самага асацыятыўнага ланцужка, які родную мову для кожнага асобна такой і робіць. А не будзе яго — з самага дзяцінства, яшчэ калі чалавечак і гаварыць не ўмее — для новага пакалення роднай мовай будзе іншая. І ўжо няважна будзе, колькі гадзін беларускай адвядуць у школе, якія дырэктыўныя меры па яе падтрымцы прымуцца, з якіх трыбун і на якіх мерапрыемствах яна будзе гучаць, як і належыць дзяржаўнай мове, наколькі модна сярод моладзі будзе на ёй размаўляць... Якой з гэтага бяды, спытаеце? У прынцыпе ніякай. Толькі вось... Родная мова і Радзіма — паняцці сугучныя, словы роднасныя. Калі мець на ўвазе гэта, задумацца кожнаму з нас аб уласнай ролі ў гісторыі і лёсе краіны Беларусь (не больш, не менш — менавіта так!) сапраўды варта...

Я пакуль не прыдумала, як сёлета адзначыць Дзень роднай мовы. Але дакладна ведаю: у гэту нядзелю, як і ва ўсе іншыя дні, першае, што пачую, прачнуўшыся, маміна «Добрай ранічкі!». І скажу ў адказ: «Добрай! Як табе спалася?..» Па сённяшнім часе зусім нямала.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: На ўзроўні надсвядомасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?