Вы тут

Паміж сэрцайкам і зорачкай


Інтэрнэт — люстэрка нашага жыцця. Людзі праз сеціва знаёмяцца і нават жэняцца. Як і ў рэальным свеце, карыстальнікі размяркоўваюцца па інтарэсах на спецыялізаваных форумах, вучацца на дыстанцыйных курсах, чытаюць, глядзяць, слухаюць... І, нарэшце, пратэстуюць, калі ім нешта не падабаецца.


Некалькі гадоў таму расійская сацыяльная сетка «УКантакце» праводзіла маштабны рэдызайн. Адным з самых важных крокаў была замена так званай «сцяны» на больш сучасны мікраблог. Новаўвядзенне не надта спадабалася карыстальнікам рэсурсу. Сотні тысяч незадаволеных распачалі акцыю пад назвай «Дураў, вярні сцяну!» (маючы на ўвазе стваральніка і былога гендырэктара сацыяльнай сеткі) і нават абяцалі правесці своеасаблівы «страйк» — цэлы дзень не карыстацца «УКантакце» ў знак пратэсту. Адміністрацыя рэсурсу на масавы пратэст ніяк не адрэагавала. У хуткім часе акцыя пайшла на спад. Cёння ўсе настолькі звыкліся з мікраблогам, што мала хто памятае, як раней была рэалізавана функцыя посцінгу.

Ці вось зусім свежая гісторыя інтэрнэт-змагання. Адміністрацыя адной з самых папулярных у свеце сацыяльных сетак Twіtter вырашыла пайсці на «кардынальныя» змены — замест аформленай як зорачка кнопкі «Выбранае», якой карыстальнікі могуць пазначаць упадабаныя твіты, увяла больш распаўсюджанае ў інтэрнэце «Мне падабаецца» ў выглядзе сэрцайка. Хваля абурэння мільёнаў «старавераў» ад інтэрнэту літаральна накрыла стужкі карыстальнікаў.

Зусім нядаўна ўсё той жа Twіtter рэалізаваў яшчэ адну змену, праўда, ужо больш сур'ёзную. Замест ранейшай сарціроўкі паведамленняў у стужцы па часе (больш новыя твіты заўсёды знаходзяцца ўверсе) запрацавала так званая алгарытмічная сістэма — сацыяльная сетка аналізуе, якія з іх могуць быць цікавымі карыстальніку, і змяшчае лепшыя ўверсе стужкі. Падобнай сістэмай карыстаецца гігант Facebook. Думаю, не трэба казаць, як адрэагавалі юзеры? Праўда, новую функцыю пакуль што дазваляюць адключаць у настройках.

Ёсць, зрэшты, і прыклады больш паспяховых «страйкаў». Прызначаны для аматараў кінамастацтва сайт «Кінапошук» набыў расійскі інтэрнэт-гігант «Яндэкс». Першым жа крокам па ўдасканаленні працы рэсурсу стаў рэдызайн — каб прывесці сістэму да адзінай канцэпцыі з іншымі сэрвісамі кампаніі. Разам са зменамі ў знешнім выглядзе сайт страціў частку сваіх функцый, што, вядома, раз'юшыла шматгадовых карыстальнікаў «Кінапошуку». Адміністрацыі хапіла літаральна сутак, каб прызнаць свае памылкі. Стары варыянт адразу ж вярнулі, а новы перамясцілі на іншы адрас і пачалі дапрацоўку з улікам меркаванняў кінааматараў.

І ў чым, спытаеце вы, праблема? Людзі ўвогуле часта не вельмі прыхільна ставяцца да новага, а тут змяняецца тое, што закранае амаль кожнага. Але мне, шчыра кажучы, здаецца, што калі перанакіраваць намаганні байцоў лічбавага фронту на рэальнае жыццё, можна змяніць свет да лепшага.

Скажам, праект мінскай міліцыі пад назвай «#перахват» існуе ў інтэрнэце ўжо колькі гадоў. Дзякуючы яму кожны можа спыняць супрацьпраўныя дзеянні пры дапамозе свайго смартфона. Убачыў хамскую паркоўку побач з уласным домам? Сфатаграфуй і дашлі міліцыянерам — яны разбяруцца. Натоўп падлеткаў пасярод ночы гучна гуляе пад вокнамі? Тая самая парада.

Сёлета падобным рэсурсам узаемадзеяння з грамадскасцю абзавяліся і сталічныя камунальнікі. Партал 115.бел пад назвай «Мой горад» стаў для мінчан незаменным спосабам хуткай і дзейснай камунікацыі з работнікам сферы ЖКГ. Непрыбраныя двары, нявывезенае смецце, выбоіны на дарогах і тратуарах, неспілаваныя дрэвы і многае іншае — ужо амаль чатыры тысячы розных па маштабе праблем вырашылі дзякуючы актыўнасці грамадзян і неабыякавасці дзяржслужбаў.

Пакуль адны пратэстуюць у інтэрнэце, іншыя змяняюць рэчаіснасць: прасоўваюць свае ідэі, рэалізуюць праекты. І мне здаецца, няважна, якую кнопку пры гэтым націскаць: у форме сэрцайка ці зорачкі.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».