Вы тут

У сталіцы падвялі вынікі маладзёжнага конкурсу


Днямі ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» прайшло «Шоу тэхналогій» — менавіта ў такім фармаце адбываўся фінал самага маштабнага ў краіне праекта па прасоўванні маладзёжных інавацый «100 ідэй для Беларусі». На працягу цэлага дня мінчане маглі бачыць найлепшыя з прыдумак моладзі за мінулы год і, вядома, размаўляць з іх аўтарамі.


Пра­ект му­зея рэт­ра-тэх­ні­кі ад сту­дэн­таў БДУ­ІР  пры­цяг­ваў ува­гу не толь­кі моц­най па­ло­вы пуб­лі­кі.

Пачаткоўцы вучоныя, вынаходнікі і бізнесмены прадстаўлялі свае ідэі ў дзесяці кірунках: прамысловасці і будаўнічых тэхналогіях, біятэхналогіях, аграпрамысловым комплексе, медыцыне, энергазахаванні, рацыянальным прыродакарыстанні, нацыянальнай бяспецы і робататэхніцы, інфармацыйных і авіякасмічных тэхналогіях, сацыяльнай сферы, мабільных тэхналогіях. Усяго на фінал прыехалі стваральнікі больш як 100 праектаў — пераможцы раённых і абласных этапаў. Дарэчы, усяго за год на конкурс даслалі больш за дзве тысячы інавацыйных ідэй.

— З года ў год конкурс прыцягвае ўсё больш і больш нераўнадушных людзей, — зазначыў на адкрыцці выставы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ. — Ён дазваляе моладзі рэалізоўваць свае задумы і, што важна, рабіць гэта на карысць сваёй дзяржаве. Высокі ўзровень праектаў, прадстаўленых сёння на выставе, — самы яскравы паказчык таго, што Беларусь нездарма падтрымлівае маладых вучоных. Адзначыў бы, што большасць ідэй скіравана на прымяненне ў рэальным сектары эканомікі, яны ўжо сёння могуць прыносіць прыбытак нашай краіне.

Распавёў Ігар Бузоўскі і пра конкурс «100 ідэй для СНД», які мае адбыцца сёлета. У свой час ідэю аб пераходзе беларускага конкурсу на міжнародны ўзровень агучылі на Савеце па справах моладзі краін Садружнасці. Галоўная задача цяпер, па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у вывядзенні ідэі на арганізацыйны ўзровень. У прыватнасці, зараз вырашаюцца фінансавыя пытанні.

Рэ­чы з ар­на­мен­там на ва­чах у гле­да­чоў ра­біў спе­цы­яль­ны ро­бат.

— Безумоўна, сённяшні фінал асаблівы, бо мінулы год у нашай краіне праводзіўся як Год моладзі, — гаворыць каардынатар «100 ідэй для Беларусі», старшыня ЦКК БРСМ Алеся ВІННІК. — Ізноў на конкурс прыйшло вельмі шмат унікальных праектаў: квадракоптараў, беспілотных лятальных апаратаў, цікавых задум у сферы хіміі, харчовай прамысловасці. Упершыню з'явілася намінацыя «Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць», і мы ўбачылі, што моладзі гэта цікава.

Прэзентацыя праектаў праходзіла ў фармаце «стартапаў»: аўтары прадстаўлялі распрацоўкі, паказвалі бізнес-планы... У ролі ацэншчыкаў выступала журы, складзенае з прадстаўнікоў самых розных кампаній і дзяржведамстваў, а таксама пераможцаў конкурсу мінулых гадоў. Экспертны Савет вызначаў дзесяць найлепшых праектаў, якія і сталі пераможцамі «100 ідэй для Беларусі — 2015».

— Сваім удзелам у конкурсе мы хочам звярнуць увагу на праблему экалогіі ў нашай краіне, — распавёў студэнт ІV курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, стваральнік праекта «Фандамат» Аляксандр БАКАЧОЎ. — Наша распрацоўка ўяўляе аўтамат па прыёме выкарыстаных пластыкавых бутэлек і бляшанак. Ён счытвае з іх штрыхкоды, і чалавек можа або тут жа атрымаць дробныя наяўныя грошы, або накіраваць сродкі на дабрачыннасць. У конкурсе «100 ідэй для Беларусі» мы бачым магчымасць для прасоўвання праекта на больш высокі ўзровень. Было б здорава, каб наш аўтамат з'явіўся ва ўсіх буйных гарадах. І, дарэчы, ужо маем прапановы аб супрацоўніцтве ад некаторых дзяржструктур і кампаній.

Падчас урачыстага ўзнагароджання пераможцы конкурсу атрымалі ў якасці бонусу пуцёўкі на Міжнародны маладзёжны конкурс «100 ідэй для СНД»; гранты ў памеры 40 тарыфных ставак ад Беларускага інавацыйнага фонду, а таксама сучасныя гаджэты ад кампаніі «Huaweі». Так, напрыклад, у намінацыі «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць» найлепшымі сталі праекты «Комплекс па ўратаванні тапельцаў» Антона Любахінца і «Унікальны спосаб штампоўкі ключавых дэталяў калайдара» Аліны Марышавай. У «Сацыяльнай сферы» перамог праект «Школа юных шапавалаў» Алены Віхровай.

Гран-пры і сертыфікат у памеры 120 мільёнаў беларускіх рублёў — спецыяльны прыз ад кампаніі «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» — дастаўся аўтарскаму калектыву праекта «Кавітацыйны вадапенны насадак пажарнага ствала» (Камандна-інжынернага інстытута МНС) у складзе Андрэя Камлюка, Чан Дык Хаана і Аляксандра Грачуліна.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Гэта рэальна працуе!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.