Вы тут

Пачы­на­ем з бак­ла­жа­наў


Сеюць баклажаны ў канцы лютага — пачатку сакавіка. Раней гэтага часу, калі нельга забяспечыць дадатковае дасвечванне, брацца за справу немэтазгодна. Акрамя таго, заўчасна вырашчаная расада да моманту пасадкі ў цяпліцу будзе моцна перарослай, што дрэнна адаб'ецца на яе прыжывальнасці. Пры больш раннім пасеве для лепшага развіцця раслін пажадана праводзіць дасвечванне расады. Гэта робяць з такім разлікам, каб светлавы перыяд складаў 12 гадзін у суткі. Агульныя патрабаванні да грунту для пасеву баклажанаў: ён павінен быць урадлівым, лёгкім, друзлым і блізкім да нейтральнага па ўзроўні кіслотнасці.


Скрыначкі або латкі, напоўненыя пажыўным грунтам на дзве траціны, добра праліваюць і пакідаюць на некаторы час, каб даць зямлі набрацца вільгаці. Затым праціскаюць баразёнкі глыбінёй 0,5 см і ў іх на адлегласці прыкладна 1 см адзін ад аднаго раскладваюць насенне. Латкі накрываюць шклом або плёнкай, каб не дапусціць падсушвання грунту, і ставяць у цёплае месца (аптымальная тэмпература 25 °С) да з'яўлення ўсходаў. З прарастаннем першага насення плёнку трэба неадкладна зняць, а ёмістасці з сеянцамі пераставіць у больш прахалоднае і максімальна светлае месца, каб не дапусціць выцягвання расады. Перарослыя сеянцы — кандыдаты на хуткую гібель ад «чорнай ножкі» — аднаго з самых небяспечных захворванняў расады. У першы тыдзень маладым усходам патрэбна тэмпература днём +16 ... +17 °С, ноччу +13 ... +14 °С, такія ўмовы спрыяльныя для развіцця каранёвай сістэмы. Затым тэмпературу зноў трэба павысіць да +25 ... +27 °С днём і +13 ... +14 °С уначы. Розніца ў велічыні дзённай і начной тэмператур вельмі важная: так ствараецца імітацыя натуральных умоў, і расада загартоўваецца. Пры высадцы ў адкрыты грунт яна адчуе меншы стрэс і лягчэй прыжывецца

У баклажана цяжка аднаўляецца пашкоджаная каранёвая сістэма, таму пікіроўку (перасадку) сеянцаў трэба праводзіць, як толькі раскрыюцца семядолі, каб як мага менш яе траўміраваць. Наогул лепш вырошчваць расаду без пікіроўкі, раскладваючы насенне адразу ў асобныя невялікія (аб'ёмам каля 0,1 л) ёмістасці. З часам сеянцы перасаджваюць у большыя кантэйнеры, аб'ёмам не менш за 0,5 л.

Баклажан мае вялікую плошчу лісця (удвая больш, чым перац), таму не трэба забывацца часта і багата паліваць сеянцы. Патрэба ў вадзе ў раслін у працэсе росту павялічваецца. Паколькі зямля ў невялікіх (асабліва тарфяных) гаршках на яркім сонцы перасыхае вельмі хутка, лепш змяшчаць іх у паддоны, у якія па меры неабходнасці даліваць ваду. Аднак вада не павінна застойвацца, гэта можа прывесці да каранёвай гнілі.

Спачатку сеянцам дастаткова тых пажыўных рэчываў, якія знаходзяцца ў расаднай сумесі, але па меры росту раслінам патрабуецца ўзмоцненае харчаванне, і тут без падкормак не абысціся. Лепш не ламаць сабе галаву, змешваючы простыя і часта дрэнна растваральныя ўгнаенні, а скарыстацца наяўнымі ў продажы комплекснымі, якія змяшчаюць у патрэбнай прапорцыі ўсе неабходныя раслінам макра- і мікраэлементы.

Ужо ў сакавіку раслінам цалкам дастаткова натуральнага асвятлення, трэба толькі дапамагчы ім максімальна ўлавіць сонечнае святло. Самая простая парада — трымаць вокны ў чысціні. Можна ўсталяваць святлоадбівальны экран. Па меры росту гаршкі з расадай расстаўляюць так, каб лісты не дакраналіся адзін да аднаго. Гэта абавязковы прыём, які варта прымяняць на працягу ўсяго часу вырошчвання расады.

Варта ўлічыць, што пікіраваць баклажаны, у адрозненне ад таматаў, не трэба. Не любяць яны гэтага. Так што лепш саджаць кожнае баклажаннае семечка ў асобную касету ці маленькі гаршчочак, з наступнай перавалкай у большую ёмістасць, па меры росту расады.

Падрослую расаду трэба паступова прывучаць да свежага паветра — «загартоўваць». Пры тэмпературы 15 °С і вышэй расліны рэкамендуецца выносіць на свежае паветра (але не пад пякучыя прамяні сонца, інакш немінучы апёк лісця), паступова павялічваючы час «прагулкі».

Гатовая да высаджвання расада павінна дасягаць вышыні 20-25 см, мець 7-8 здаровых лістоў і 1-2 бутоны. У канцы мая расаду высаджваюць на пастаяннае месца ў цяпліцу, размяшчаючы на плошчы 1 кв. м не больш за тры-чатыры расліны, бо баклажаны абсалютна не пераносяць зацянення.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.