Вы тут

Як разблытаць «клубок» праблем у «Мастоўдрэве»?


Вялізныя сродкі, у тым ліку дзяржаўнай падтрымкі, затрачаны на мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай вытворчасці ў горадзе Масты, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, запатрабаваную на айчынным і замежных рынках. І разам з тым забяспечваць працай і дастойнай зарплатай шматлікіх работнікаў горадаўтваральнага прадпрыемства. Аднак належнай аддачы ад фінансавых затрат пакуль няма. Вытворчыя магутнасці, у тым ліку створаныя ў рамках мадэрнізацыі, загружаны слаба. Сабекошт прадукцыі высокі, а яе збыт — нізкі. Адпаведна, не хапае грошай на зарплату і абавязковыя разлікі.


Што ж перашкаджае эфектыўнай рабоце прадпрыемства і як распутаць «клубок» праблем? Гэтыя пытанні абмеркавалі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці з удзелам кіраўнікоў ААТ «Мастоўдрэў», прадстаўнікоў мясцовай улады, канцэрна «Беллеспаперапрам», ААТ «Банк развіцця» і іншых структур.

Прычыны не толькі аб'ектыўныя

З матэрыялаў праверкі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

Страты ад рэалізацыі прадукцыі за мінулы год склалі ў ААТ «Мастоўдрэў» 64,6 мільярда рублёў. Загрузка вытворчых магутнасцяў па вытворчасці пліт МДФ, ХДФ — 30,6%, падлогавых пакрыццяў — 5,3%. Сабекошт на 1 рубель прадукцыі ў студзені—лістападзе 2015 года ў параўнанні з тым жа перыядам папярэдняга павялічыўся на 4,5%. Абаротныя сродкі вымываюцца непрадукцыйнымі расходамі: за 2013—2015 гады заплацілі 12,2 мільярда рублёў штрафных санкцый, пені і судовых выдаткаў. Выяўлены факты безгаспадарчасці, сакрыцця звышнарматыўнага расходу сыравіны і паліва-энергетычных рэсурсаў, завышэння сабекошту прадукцыі, парушэнняў у правядзенні тэндараў па закупках тавараў, нямэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў. Апытанне вытворцаў мэблі паказала, што ў большасці выпадкаў прадукцыя ААТ «Мастоўдрэў» іх не задавальняе не толькі па кошце, але і па якасці. Толькі для ўстаранення выяўленых парушэнняў па якасці і стандартызацыі прадукцыі патрэбен час да чэрвеня бягучага года.

— Рэдка дзе сустрэнеш такую колькасць парушэнняў, як выявіла гэтая праверка. Зразумела, ёсць аб'ектыўныя прычыны. Аднак маса і прычын суб'ектыўнага характару. Калі падлічыць сумы сродкаў, якія страцілі літаральна на «пустым месцы», то становіцца зразумела, што сітуацыя звязана не толькі з падзеннем рынку і цэн, — падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Васіль ГЕРАСІМАЎ.

Як, напрыклад, можна ўмудрыцца самому нарыхтоўваць драўніну... даражэй, чым купляць у іншых?

У маі мінулага года, каб зменшыць складскія запасы, прынялі рашэнне знізіць на 30% цэны на мэблю, якая доўгі час не карысталася попытам. Аднак сітуацыя істотна не змянілася, чаго, лічаць у Камітэце дзяржкантролю, і трэба было чакаць. Бо акрамя аб'явы аб зніжэнні цэн на прахадной прадпрыемства, іншымі механізмамі з мэтай разгрузкі складоў не скарысталіся.

Дарэчы, прадаўцы, як паказала іх апытанне, не задаволены ўпакоўкай мастоўскай мэблі, з-за чаго пры транспарціроўцы на ёй утвараюцца дэфекты — увагнутасці, сколы. Альбо такая «дробязь». Можна было б значна павялічыць рэалізацыю крэслаў пры наяўнасці ўзораў абівачнай тканіны. Пакупнік мог бы зрабіць папярэдні заказ на крэслы адпаведных расфарбовак.

Вось якое меркаванне выказаў намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Дзмітрый БУЛАК:

— Асноўная памылка, якую зрабілі пры мадэрнізацыі прадпрыемства, — ні рубля не ўклалі ў мадэрнізацыю менеджменту, праграмнага забеспячэння. Груба кажучы, купілі жалеза, а як кіраваць па якасці, персанале, тэхнічным узроўні вытворчасці — аб гэтым не паклапаціліся. Зараз трэба зрабіць усё магчымае, каб выправіць сітуацыю.

Для нашага горада гэта вельмі важна, бо ад стану спраў на прадпрыемстве залежаць лёсы многіх мастаўчан і іх сем'яў.

Паколькі зараз прадпрыемства ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі, Дзмітрый Булак звярнуўся з просьбай не прымяняць да яго штрафныя санкцыі па выніках праверкі, каб не пагоршыць становішча працоўнага калектыву.

Што далей?

Генеральны дырэктар ААТ «Мастоўдрэў» Сяргей АСОСАЎ сказаў, што, атрымаўшы прадпісанне Камітэта дзяржкантролю па выніках праверкі, у большасці выпадкаў ужо зрабілі адпаведныя высновы, пакаралі вінаватых у тых ці іншых парушэннях. Але гэтага, канешне, недастаткова. Патрэбны канкрэтныя меры, каб наладзіць нармальную, прыбытковую работу. Якія?

Аб некаторых кроках у гэтым кірунку паведаміў намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіл КАСЬКО. Прычым яны тычацца не толькі мастоўскіх дрэваапрацоўшчыкаў, але і іх калег з іншых прадпрыемстваў краіны, якія таксама перажываюць не лепшыя часы.

— Усе бізнес-планы нашых прадпрыемстваў праходзілі дзяржаўную экспертызу, у тым ліку з прыцягненнем незалежных экспертаў. Аднак такога абвальнага падзення цэн на прадукцыю не прадказваў ніхто, — зазначыў Міхаіл Касько. — Мы вымушаны несці пэўныя выдаткі, прытрымліваючы яе на складах у чаканні больш спрыяльнай рыначнай сітуацыі.

Каб цэнавая сітуацыя яшчэ больш не пагоршылася з-за ўнутранай канкурэнцыі паміж айчыннымі прадпрыемствамі, прынялі рашэнне аб цэнтралізаваным продажы іх прадукцыі на экспарт праз Беларускую лясную кампанію. Яна ж дзякуючы мэтаваму крэдыту пад гарантыі Мінфіна (4 мільёны еўра) цэнтралізавана купляе для ўсіх прадпрыемстваў канцэрна смалу. У выніку гэтая важнейшая сыравіна прыкладна на 20% стала таннейшай. Правялі перамовы наконт рэалізацыі прадукцыі буйнейшымі гандлёвымі сеткамі. Асноўныя праблемы — цэны і пашырэнне колеравага асартыменту падлогавых пакрыццяў.

Акрамя таго, Беларуская лясная кампанія сумесна з ААТ «Мастоўдрэў» выступілі сузаснавальнікамі гандлёвага дома ў Польшчы. ААТ «Банк развіцця» разглядае магчымасць яго крэдытавання з мэтай закупкі фанеры і пліт МДФ у вытворцаў і рэалізацыі тавару праз склады на тэрыторыі суседняй краіны. Першыя пастаўкі ўжо пайшлі...

prakopchik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мадэрнізацыі патрабуе... менеджмент

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?