Вы тут

14 лютага можна прызнавацца не толькі ў каханні, але і ў любові


Адным з унікальных мерапрыемстваў Года культуры, якім аб'яўлены 2016-ты, стане рэспубліканская акцыя «Беларусь, я люблю цябе», што аб'яднае два святы — Дзень закаханых і Міжнародны дзень роднай мовы. Сэнс маркіравання года словам «культура» заключаецца ў папулярызацыі ўласных нацыянальных дасягненняў. Вось і гэтае свята, што пройдзе сёння, 13 лютага, каля гістарычнага цэнтра горада — Мінскай ратушы і ў гандлёвым цэнтры «Сталіца», трымае кірунак на беларускія матывы — у музыцы, літаратуры, стравах, тавараў для продажу.


Кажуць, Дзень святога Валянціна даўно стаў не проста прыватным святам, але і нагодай прызнавацца не толькі ў каханні — у любові таксама. Калі наведаць гала-канцэрт «Беларусь, я люблю цябе», што пачнецца сёння а 12-й гадзіне, прызнанне маецца на ўвазе. Каля мінскай ратушы вядомыя выканаўцы заспяваюць папулярныя песні, беларускія аўтары будуць прэзентаваць кнігі (будзе магчымасць падпісаць), выступяць паэты. Пляцоўка «Смачна есці...» прапануе беларускія стравы, а на кірмашы будуць прадавацца, вядома ж, тавары беларускіх вытворцаў.

У гэты дзень акцыя пройдзе і ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» з праграмай «Моладзь — за родную песню», дзе маладзёжныя калектывы і студэнты ўніверсітэта культуры выканаюць беларускія народныя песні.

Увогуле план Года культуры ўключае ў сябе больш як 120 мерапрыемстваў, прычым «культура» тут разглядаецца ў самым шырокім сэнсе — гэта не толькі мастацтва, але і прававы, эканамічны, вытворчы, інфармацыйны аспекты, чалавечыя адносіны. Усе напрамкі закранаюцца ў спецыяльным плане, дзе пад кожны кірунак падведзены пэўныя мерапрыемствы. «Рэалізацыя плана, мы спадзяёмся, дапаможа падняць агульны ўзровень культуры грамадства ва ўсіх сферах, — кажа першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. — У гэты год мяркуецца распрацаваць на перспектыву асновы дзяржаўнай культурнай палітыкі. У нас ёсць моцная прававая і эканамічная база, Кодэкс аб культуры. Акрамя гэтага, ва ўрадзе разглядаецца Праграма культуры Беларусі, якая, спадзяёмся, у хуткім часе будзе прынята. Тут распісаны аб'ёмы дзяржаўнай падтрымкі і мерапрыемствы, якія мы з яе дапамогай зможам рэалізаваць у 2016–2020 гадах. Нам трэба наперад вызначацца з прыярытэтамі, і разам з нашай творчай інтэлігенцыяй, навукоўцамі, спецыялістамі сферы мы хочам распрацаваць і абмеркаваць дакумент, абапіраючыся на які зможам рэалізоўваць дзяржаўную палітыку».

Міністэрства плануе сёлета таксама правесці новыя конкурсы на вызначэнне Чалавека года і найлепшага горада ў сферы культуры, найлепшага дзяржаўнага органа, што займаецца рэалізацыяй культурнай палітыкі на мясцовым узроўні. Мяркуецца, гэтыя конкурсы не будуць аднаразовымі.

Бягучы год так прыемна багаты на юбілеі выбітных беларускіх творцаў. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна, пачаліся ўжо, мы адзначаем таксама 125-годдзе Максіма Багдановіча, юбілеі Івана Шамякіна, Івана Мележа, Алаізы Пашкевіч і іншых. Дарэчы, на мінулым тыдні, апроч кампазітара Эдуарда Зарыцкага, дні нараджэння адзначылі народны мастак Георгій Паплаўскі, народны артыст Міхаіл Дрынеўскі.

Працягам гэтага тыдня і акцыі «Беларусь, я люблю цябе» стануць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

kаtsуаlоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пашырэнне сэнсаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?