25 Верасень, нядзеля

Вы тут

Гісторыя аднаго рэзананснага затрымання


Неўзабаве ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца працэс над удзельнікамі буйнога наркасіндыката, які трымаў амаль увесь рынак псіхатропаў у краіне.


Затрыманне года

Гэта быў пагодны лістападаўскі дзень 2014-га. Мажліва, звычайны для многіх, але не для супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. На іх кручок трапілася буйная «рыба», на якую так доўга палявала міліцыя. На адным са святлафораў на вуліцы Шырокай байцы «Алмаза» спынілі шыкоўны «Мэрсэдэс» і затрымалі яго кіроўцу. Падстава была яўна не ў парушэнні правілаў дарожнага руху. Гэтага каржакаватага хлопца ў цёмнай куртцы абвінавацілі у збыце наркотыкаў. Хто ведае, аб чым у той момант думаў арыштаваны. Можа спадзяваўся, што сітуацыю вырашаць, «разруляць»? Толькі зразумела было адно. Замест шыкоўных апартаментаў і кулінарных прысмакаў яму ў перспектыве «свецяць» турэмная камера і баланда.

Той год, на жаль, увайшоў у нашу гісторыю, як перыяд страшных і для звычайнага чалавека незразумелых трагедый. Многія з іх звязаны з ужываннем спайсаў — сінтэтычных курыльных сумесяў. Знешне гэта проста лекавая трава, напрыклад падбел, якую акрапляюць хімічным рэчывам. Трава ды трава, але хто ж тады ведаў, што гэта «хімія» можа так негатыўна ўздзейнічаць на арганізм чалавека і выклікаць кардынальную змену ў паводзінах. Адзін хлопец пад дурманам шукаў у сваім знаёмым «чыпы». Прыяцеля забіў, а яшчэ і сябе парэзаў. У Гомелі два маладзёны выдавілі сябру вочы. У некаторых іншых сітуацыях людзі проста «выходзілі» ў вокны...Што казаць, калі 75 працэнтаў ад усіх злачынстваў па лініі наркакантролю склалі затрыманні тых, хто збываў альбо захоўваў псіхатропы. Загінулі больш за 20 чалавек, сотні патрапілі ў рэанімацыю. Аднак «Ката», як нашага героя называлі блізкія, такая інфармацыя, відаць, да пэўнага часу не вельмі турбавала. Вялікія грошы, якія можна было зарабіць на курыльных сумесях, сквапнасць, рабілі сваю справу.

А ўсё пачалося яшчэ ў 2011 годзе. Забяспечанаму сыну паважаных бацькоў, відаць, захацелася зарабіць лёгкія грошы, і ён запусціў сайт «LegalMіnsk», праз які вырашыў прадаваць незабароненыя міксы. Збываць спайсы з бяспечнымі інгрэдыентамі праз інтэрнэт было модна. Тады ўжо дзейнічалі некалькі падобных сайтаў, і ідэя «Ката» праз некаторы час спрацавала. А схема была наступная. На інтэрнэт-партале быў размешчаны тэлефонны нумар дыспетчара, у якога можна было замовіць у розных аб'ёмах тую ці іншую сумесь. Пасля званка аператар звязваўся і папярэджваў аб кліентах кур'ераў, якія чакалі пакупнікоў на Нямізе, плошчы Бангалор, каля станцыі метро «Пушкінская», буйных гандлёвых цэнтраў... «Да мяне прывозілі пэўную колькасць легальнай траўкі, якую неабходна было расфасаваць па пакетах, — падчас адной з размоў адзначыў адзін са старых распаўсюднікаў. — Рабіў гэта за дзесяць хвілін, а пасля ездзіў аддаваць траву і забіраць грошы». Ужо праз пэўны час дзеля асцярожнасці і канспірацыі дылеры пачалі рабіць закладкі. Такім чынам кур'ер перастаў сустракацца з пакупніком, які аплачваў небяспечны тавар праз электронны кашалёк у інтэрнэце. Перад тым, як адправіць наркотыкі ў продаж, «Кот» пробнікі аддаваў на экспертызу. Адзін — наркаманам, другі — хіміку, які мог правесці вызначыць, ці прысутнічае ў сумесі забароненае рэчыва. А часам нават прыходзіў і здаваў наркотыкі ў міліцыю. Тлумачыў тым, што ёсць наркаманы, якім такім чынам хочацца дапамагчы. Падобных экспертыз былі дзясяткі. Калі ўсё было добра, з Масквы пастаўлялі буйную партыю хімічных рэчываў. І знаўцы, пераважна вопытныя наркаманы, ужо самастойна выраблялі і пакавалі мікс. Але часам здараліся форс-мажорныя абставіны. Бывала, вытворцы самі фатальна памыляліся, не разлічвалі з дазіроўкай, што прыводзіла да смерці.

З часам ланцужок наркабізнесу «Ката» пашырыўся. Для пазнавальнасці яго прадукта рабіўся нават адмысловы дызайн і на пачках з травой друкавалі выяву каня. Кур'ераў станавілася больш, і дзякуючы іх намаганням ён зарабляў нядрэнныя грошы. Кажуць, у добры час выручка гэтага наркадылера толькі на аптовых продажах дасягала 7 тысяч долараў за дзень. І гэта без уліку «рознічнага гандлю»!

Залежных ад наркотыкаў у гэтай наркаарцелі было не так шмат. Такія першымі могуць трапіць пад падазрэнні, арышт, а пасля і расколюцца адразу. Нягледзячы на гэта, статусам супрацоўнікі «Ката» не вылучаліся. Некаторыя паходзілі з малазабяспечаных сем'яў, не мелі вышэйшай адукацыі і наогул нідзе не працавалі. Пры гэтым ён выбіраў тых, кім можна было маніпуляваць. Многіх заганяў у пазыкі, палохаў сваімі сувязямі, што прымушала людзей заставацца ў сумніўным гандлі дзеля вяртання грошай.

Пра дзейнасць гэтай крамы, безумоўна, ведалі многія. Нехта з неабыякавых у 2013 годзе пакінуў на старонцы сталічнай міліцыі наступнае паведамленне: «У Мінску праз сайт legalmіnsk.net вядзецца актыўны гандаль так званымі курыльнымі сумесямі. На выхадных барыгі раздавалі візітоўкі наўпрост каля метро «Няміга». Працуюць, не хаваюцца. Адказваюць усім на званкі». Міліцыянеры такіх гандляроў затрымлівалі, але з легальнымі міксамі іх прыходзілася адпускаць. Праўда, былі выпадкі, калі збытчыкаў сапраўды судзілі. І некаторым са сваіх кур'ераў «Кот» сам наймаў адваката, які прымушаў кур'ераў браць адказнасць на сябе і не выдаваць начальніка. Між іншым, у дачыненні гэтага заступніка наркадылераў завялі крымінальную справу, аднак пасля яе спыніла.

«Кот» не толькі ўдала вёў супрацьзаконны бізнес, але і нядрэнна прыбіраў канкурэнтаў. У яго нават было пасведчанне члена нейкай асацыяцыі па барацьбе з наркотыкамі, якім прыкрываўся пры сустрэчах з міліцыянерамі, а пасля проста здаваў канкурэнтаў. Справы ладзіліся. З часам ён падмяў пад сябе амаль увесь рынак псіхатропаў Беларусі. У адной краіне яму стала цесна, і неўзабаве філіялы ягонай крамы запрацавалі ў Маскве, Арэнбургу, Белгарадзе, Краснадары, Калузе, Курску... І хто ведае, што было б, калі б яго не спынілі. Як лічаць праваахоўнікі, задаткі для яшчэ больш шырокай дзейнасці ў яго былі.

У доб­ры час вы­руч­ка гэ­та­га нар­ка­ды­ле­ра толь­кі на ап­то­вых про­да­жах да­ся­га­ла 7 ты­сяч до­ла­раў за дзень.

Любіў дарагія аўтамабілі

Калі меркаваць па паказаннях, многія з жонак кур'ераў ведалі, чым займаюцца іх сужэнцы, але для некаторых нядрэнны даход нават у такой паскуднай справе вырашаў многае. Хоць былі і тыя, хто адкрыта выступаў супраць удзелу ў наркагандлі. Праўда, пазыкі начальніку аддаваць прыходзілася і праца працягвалася.

«Ката» характарызуюць як упэўненага, сквапнага і хітрага чалавека. Многія лічаць яго нядрэнным псіхолагам, бо надта добра атрымлівалася ў яго пераконваць людзей. Калісьці вучыўся на журфаку БДУ, але журналістам так і не стаў. Выбраў сабе іншы шлях і працаваў вельмі асцярожна, прадумана. Большасць з тых, хто працаваў на «LegalMіnsk», не ведалі, хто з'яўляецца кіраўніком крамы. Пры вобыску ў яго знайшлі рацыі, дзясяткі SІM-картак аднаго мабільнага аператара, якія пастаянна можна было мяняць для канспірацыі. Для сувязі часта выкарыстоўваў дадатак для мабільных тэлефонаў, у якім паведамленне пасля прачытання адразу знішчаецца.

Галоўны фігурант набыў кватэру ў Мінску, будаваў катэдж. Ён вельмі любіў грошы, дарагія аўтамабілі. Што казаць, калі на ягоным аўто быў нумар 0101. І «Кот» прызнаваўся, што з ягонай машынай віталіся нават супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, якія і падумаць не маглі, што перад імі едзе адзін з галоўных наркадылераў краіны. Больш недарэчную карціну і не прыдумаеш.

«Калі не арыштавалі б, яны маглі з'ехаць у Маскву»

Курыльныя сумесі пра­да­ва­лі праз ін­тэр­нэт-кра­мы.

— Упершыню з гэтай справай мы сутыкнуліся летам 2014 года, — гаворыць адзін з супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. — Нам выдзелілі шэраг матэрыялаў з некалькіх крымінальных спраў, заведзеных у Мінску. І мы прыйшлі да высновы, што збытчык наркотыкаў — адзін з уладальнікаў самай буйной інтэрнэт-крамы, якая займалася распаўсюджаннем спайсаў у вялікіх аб'ёмах. Прааналізавалі матэрыялы, зразумелі, што ў многіх справах ёсць шмат агульнага: затрымліваліся збытчыкі сярэдняга звяна, але не кіраўнікі. І як пасля высветлілася, дзейнасць «Ката» мела арганізаваны характар, была злачыннай. Зразумелі, што, калі затрымаем падазраванага, прынясём вялікую карысць і абмяжуем увоз у краіну наркотыкаў. Мы пачалі працаваць і ўбачылі, што людзі дзейнічаюць з размахам. У «Ката» былі збытчыкі, больш дробныя крамы. Ён у сваю чаргу кіраваў працэсам паставак і вырабам наркотыкаў, займаўся падборам кадраў, маркетынгам.

— А што было б, калі б яго не затрымалі?

— Яны б з'ехалі ў Маскву. Гэты крок ужо наспяваў. Ад распаўсюджання наркотыкаў у яго былі вельмі вялікія даходы.

— Вас не здзівіла, што ў справе замешаны чалавек, які мае ўплывовых сваякоў?

— Толькі напачатку. Так, ён сябраваў з дзецьмі даволі сур'ёзных па нашых мерках людзей. Невялічкія спробы паўплываць на ход расследавання былі, але мы адразу дамовіліся, што следства будзе весціся на ўзроўні цэнтральнага апарата.

— Калі з'явілася першая зачэпка для затрымання?

— У наша поле зроку ён патрапіў яшчэ ў 2008 годзе — быў падазраваны ў пастаўках з Санкт-Пецярбурга амфетаміну. Ужо тады хацеў на гэтым зарабіць, але для ягонага затрымання не было падстаў. Пры даглядзе наркотыкаў у яго не знаходзілі. Восенню 2014 года мы больш шчыльна пачалі працаваць з людзьмі, якія яго ведалі. Яны далі паказанні, затрымалі новых людзей, на вагах знайшлі сляды ад наркотыкаў, якія ён прадаваў. Нам паказалі гаражы і кватэры, дзе выраблялі спайсы, знайшлі посуд, дзе сушылі траву. Справа пайшла. 4 лістапада 2014 года «Ката» арыштавалі. І зараз супраць яго ўсе даюць паказанні.

Пакуражыцца ўволю «Кату» ўжо наўрад ці атрымаецца. Як сведчыць жыццёвая мудрасць, на кожнае дзеянне ёсць сваё супрацьдзеянне. І сапраўды, шчасце на грашах, заробленых на чужых пакутах, слабасці, хворай нарказалежнасці, не пабудуеш. Разам з «Катом» перад судом з'явяцца каля дваццаці чалавек. У тым ліку і яго сяброўка, якая, паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, працавала ад яго імя. На гэты раз сысці ад адказнасці яму амаль нерэальна. Галоўнаму фігуранту інкрымінуюць незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, а таксама стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй. Меркаваны тэрмін пазбаўлення волі ў падобных справах немалы — ад 10 да 15 гадоў. Камусьці, калі суд прызнае віну, за гэты час будзе аб чым задумацца.

taras@zviazda.by

Фотаматэрыялы прадастаўлены Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС РБ

Загаловак у газеце: Справа «Ката́»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Легендарны звяздовец Уладзiмiр Амельянюк

Легендарны звяздовец Уладзiмiр Амельянюк

Яшчэ настаўнiкi захаплялiся ўменнем Уладзiмiра Амельянюка рабiць цiкавую, змястоўную газету.

Культура

Царкву ў Малых Мурынах аднаўляюць па старадаўніх тэхналогіях

Царкву ў Малых Мурынах аднаўляюць па старадаўніх тэхналогіях

Свята-Мікалаеўская драўляная царква ў вёсцы Малыя Мурыны стаіць больш за 250 гадоў — так пазначана ва ўсіх даведніках.

Грамадства

Як стварыць школу, у якой будзе ўтульна ўсім?

Як стварыць школу, у якой будзе ўтульна ўсім?

Ці многія з бацькоў гатовыя да сітуацыі, калі побач з іх сынам ці дачкой у звычайным класе будуць навучацца дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра?

Палітыка

Святлана Сарока: «Культура — гэта гармонiя ўсiх чалавечых якасцяў»

Святлана Сарока: «Культура — гэта гармонiя ўсiх чалавечых якасцяў»

Святлана Сарока ўзначальвае Палац культуры Маладзечна ад пачатку яго будаўнiцтва.