Вы тут

Як змагацца з карупцыяй


Нядаўна ўступіла ў сілу новая рэдакцыя антыкарупцыйнага закона, які, на думку экспертаў, мусіць працаваць на папярэджанне і прафілактыку падобных правапарушэнняў.

Новы прававы акт, які ўступіў у сілу ў канцы студзеня, пазбаўляе карупцыянераў пенсіі па выслузе гадоў. У падобных правапарушальнікаў будзе канфіскоўвацца маёмасць, кошт якой на 25% і больш перавышае іх даход.


Між іншым, закон таксама забараняе назначаць на пасады кіраўнікоў людзей, якіх звольнілі па дыскрыдытуючых абставінах за тое, што яны здзейснілі цяжкае альбо асаблівае цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або звязанае з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. У новым прававым акце адлюстраваны і ідэі грамадзян, якія былі прапанаваныя падчас грамадскага абмеркавання. Сярод іх — стварэнне інстытута грамадскага кантролю для барацьбы з карупцыяй.

«Закон прынясе плён»

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў — падраздзяленне, якое ў сваёй дзейнасці займаецца раскрыццём найбуйнейшых карупцыйных і эканамічных злачынстваў.

— Мы актыўна супрацьдзейнічаем карупцыі. Гэта адзін з асноўных напрамкаў працы, — расказвае начальнік Галоўнага ўпраўлення МУС Мікалай КАРПЯНКОЎ. — І наша кампетэнцыя — асобы, якія ўваходзяць у кадравы рэестр, займаюць важныя пасады.

Пры непасрэдным удзеле Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС былі затрыманы супрацоўнікі і кіраўнікі некаторых кампаній, якія займаліся пастаўкай і рэлізацыяй сродкаў для абароны раслін. Дзякуючы «шэрым» схемам, падстаўным фірмам, даход ад інспекцыі па падатках і зборах утойваўся, і падаткі, адпаведна, не плаціліся. Пры вызначэнні канчатковай цаны для беларускіх прадпрыемстваў за аснову бралі кошты без зніжак, з дадатковымі гандлёвымі накруткамі, што павялічвала сабекошт сельгаспрадукцыі і зніжала яе канкурэнтаздольнасць. З улікам патрэб беларускага агра-прамысловага комплексу ў пестыцыдах у ценявое абарачэнне штогод маглі сыходзіць дзясяткі мільёнаў долараў ЗША.

Тым часам у суд рыхтуюцца перадаць крымінальную справу ў дачыненні намесніка гендырэктара «Нафтана», які разам з іншымі асобамі абвінавачваецца ў атрыманні буйных хабараў. Вялікую ролю ў завядзенні гэтых крымінальных спраў таксама адыграла Галоўнае ўпраўленне МУС.

— Што тычыцца новай рэдакцыі закона, мы прадстаўлялі свае прапановы. Іх абмяркоўвалі разам з Генеральнай пракуратурай. Асобныя з іх былі ўлічаны, да другіх яшчэ могуць вярнуцца пазней, — працягвае Мікалай Карпянкоў. — Мы выступалі за жорсткі, моцны закон у дачыненні злачынцаў. І ён, безумоўна, свой плён прынясе.

«Якасць залежыць ад выканання»

Валерый ГАЙДУКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, адзначае шэраг новаўвядзенняў у прававым акце.

— У ім, па-першае, канкрэтызавана адказнасць асоб, якія займаюцца закупкамі. Між іншым, як у Расіі, так і ў Беларусі, гэта асноўны спосаб нямэтавага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, — заўважае суразмоўца. — Па-другое, зменена форма дэкларацыі даходаў. Зараз дэкларуецца не толькі маёмасць, якой валодае чалавек, але і тая, якой ён карыстаецца. Калі вы працяглы час карыстаецеся машынай, кватэрай, вы таксама павінны яе задэклараваць. Раней падобнай практыкі не было. Па-трэцяе, у законе вызначана, хто можа і не можа займаць пасады ў арганізацыі. Непасрэднымі падначаленымі службовай асобы не могуць быць сваякі, якія вырашаюць на прадпрыемстве, у арганізацыі фінансавыя пытанні. У сельскай мясцовасці часта сустракаюцца выпадкі, калі муж працуе настаўнікам, а жонка — завучам. Але ў вёсцы часам іншай працы чалавеку з педагагічнай адукацыяй і не знайсці. Таму да выканання закона трэба падыходзіць выбарча. Прынамсі, якасць любога закона залежыць ад яго выканання.

На думку Валерыя Гайдукевіча, закон усё ж такі носіць карны характар, а асноўнае пытанне барацьбы з карупцыяй ляжыць у больш шырокай плоскасці:

— Дзяцей трэба адпаведна выхоўваць пачынаючы з садка. Сёння ў моладзі мяняюцца прыярытэты. На першае месца выходзяць не такія паняцці, як гонар, годнасць, а такія, як прэстыжнасць. Для многіх важна, як ты апрануты, што ты ясі, куды ходзіш, на якой машыне ездзіш. Але гэта не самае важнае ў жыцці.

taras@zviazda.by

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Карупцыя на прыцэле

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.