Вы тут

Дзед-барадзед вернецца, каб вучыць дзетак роднай мове


Такую цудоўную навіну я прынесла са сталічнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Менавіта туды на пастаяннае месца жыхарства пераехала ўнікальная калекцыя лялечных персанажаў «Калыханкі». Сабачку Цяву, зайчыка Даўгавушыка, ваўка Вову, ката Марціна, Васілінку, Васілька, дзядулю Лесавічка вы можаце праведаць па адрасе Музычны завулак, 5 да 1 сакавіка. Пасля вясёлая кампанія перабярэцца ў іншую залу музея, дзе будзе праводзіць інтэрактыўныя заняткі для малых.

На адкрыцці выставы, дарэчы, споўнілася мая дзіцячая мара — я патузала за вуха Топачку. І даведалася шмат цікавінак пра любімую перадачу, якімі спяшаюся падзяліцца з вамі, шаноўныя чытачы.


Другое жыццё ім падарыла Ма­ры­на Фа­мі­на.

У «Калыханкі» ёсць мама! Так ласкава называюць стваральніцу вечаровай казкі для дзетак Ніну Шобу. Дарэчы, менавіта Ніна Вячаславаўна прыдумала назву перадачы, дакладней яна ёй прыйшла ў сне: «Вобразы першых герояў узніклі неяк самі самой. Адразу вырашылі: гэта будзе казачнік дзядуля Бай і яго лялечныя сябры — сабачка Цява і хлопчык Бульбінка. А вось над назвай перадачы думалі вельмі доўга. «Добрай ночы», «Казка нанач», «Вячэрняя казка» — розныя былі варыянты. І вось неяк ранкам я прачнулася з думкай: ёсць жа ў беларускай мове цёплае, утульнае слова — калыханка... Так у мяне з'явілася мянушка. Як не прыйду на калегію, чула ў свой адрас «закалыханая мая прыйшла» (смяецца).

Доўгі час ніхто не ведаў, хто аўтар слоў калыханкі «Доўгі дзень». «У мяне раней былі іншыя захапленні: рок-н-рол, джаз. І раптам прыляцеў да мяне матыў гэтай дзіцячай песенькі, — распавядае кампазітар Васіль Раінчык. — І тыя паэты, з якімі я супрацоўнічаў, сказалі: «Вершы на гэтую музыку табе можа толькі адзін чалавек напісаць — Гена». Я тады не ведаў, хто такі Гена. Бо быў далёка за межамі Беларусі. Калі мы прыехалі ў Мінск, я перш-наперш пайшоў знаёміцца з Генам. Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, тады ён быў старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР, напісаў цудоўны верш на маю музыку. Доўгі час ніхто не ведаў, што гэта ён — аўтар слоў. Сціплы чалавек быў. У мяне часта пытаюцца, якая самая папулярная песня ў рэпертуары «Верасоў». Многія думаюць, што «Малінаўка». А мне ўсё ж такі здаецца, што па значнасці гэта калыханка. Бо яна столькі год гучыць у кожным доме, яе словы ведаюць на памяць практычна ўсе беларусы».

Мядзведзіка Топу больш як 30 гадоў агучвае адзін і той жа акцёр. «За столькі гадоў я ўжо чатырох медзведзянят памяняў, — кажа нязменны «тата» Топы і брэнд «Калыханкі» Уладзімір Варанкоў. — Усе мне кажуць, што мы з Топам падобныя, як дзве кроплі вады. А ўсё чаму? Спачатку акцёра шукалі пад персанажа, а ўжо другога, трэцяга і чацвёртага Топу шылі з мяне».

Топачка носіць чаравікі за 40 долараў. І гэта не жарт. «Топа ў нас моднік, і сёння даношвае абноўкі маёй унучкі», — усміхаецца Уладзімір Варанкоў. «Усе, у каго ёсць маленькія дзеці ў рэдакцыі, з задавальненнем перадаюць вопратку лялькам, — кажа Алена Фурсава, шэф-рэдактар «Калыханкі», якая, дарэчы, у свой час агучвала зайчыка Даўгавушыка. — А наша маленькая глядачка зусім нядаўна сваімі ручкамі зрабіла фенечкі для нашай феечкі ды лісічкі Яначкі. Мы паказалі іх у праграме, дзяўчынка была на сёмым небе ад шчасця». І ў гэтым, як аказалася, ёсць пераемнасць традыцый. «Мы раней не хадзілі ў атэлье, тэатры па рэквізіты, абыходзіліся сваімі сіламі. Памятаю, заходжу ў кабінет да рэжысёра Веры Руцкай у абедзенны перапынак, а яна шалік давязвае для Бусліка. Маўляў, снег выпаў, а ён не падрыхтаваны, — расказала «мама» «Калыханкі» Ніна Шоба. — Новая дэталь — і лялька заіграла па-новаму».

Вя­ду­чая «Ка­лы­хан­кі» цё­ця Та­ня (Тац­ця­на Ма­цю­шэн­ка), 1984 год.

Большую частку працоўнага часу акцёры «Калыханкі» праводзяць пад сталом у позе лотаса. «Калі ж мы вылазім з-пад стала і выходзім у свет, дзеці нас не ўспрымаюць, — кажа Уладзімір Варанкоў. — Мне аднойчы адзін хлопчык так абурана сказаў: «Дзядзя, хопіць тузаць Топу, яму ж балюча» (смяецца). Часам, перад рознымі творчымі паездкамі, я бяру Топу дадому. Раней, калі апранаў ляльку на руку, унучка пачынала дзяліцца з мядзведзікам сваімі сакрэтамі і нават скардзіцца на дзеда. У той момант Мар'яна мяне нават не заўважала. Цяпер, калі крыху падрасла, кажа: «У мяне толькі адзін дзед. А ты не дзед, ты Вова. Ты не стары. Ты, як мішка Топа». Вось так, дзякуючы Топу, у свае пяцьдзясят «з хвосцікам» я заўсёды застаюся ва ўзросце пяці з паловай гадоў».

Любімы герой «мамы» «Калыханкі» вярнуўся на тэлеэкран. «Я ўжо даўно на пенсіі, але дагэтуль не магу заснуць без «Калыханкі», — смяецца Ніна Шоба. — Вельмі рада, што перадача абнаўляецца, з'яўляюцца новыя героі. Разам з тым, цудоўна, што вярнуўся такі любімы першымі гледачамі «Калыханкі» Буслік. Калі будуць з'яўляцца новыя героі, трэба думаць, каб яны былі свае, беларускія. Вельмі важна захаваць нацыянальны каларыт «Калыханкі». Трэба прывіваць дзецям любоў да прыроды, радзімы, роднай мовы. Вельмі цяжка было спачатку. Гледачы прызвычаіліся да рускай мовы. Дзеці часта пісалі, што дзядзі і цёці няправільна гавораць. Але пасля настолькі прывыклі, што размаўлялі з нашымі героямі не як з лялькамі, а як з жывымі. Памятаю, дзеці, якія прыходзілі да нас на экскурсію, як пачуюць голас актрысы Валянціны Пражэевай, адразу ажыўляліся: «Вой, Буслік, Буслік прыляцеў!» На адкрыцці выставы Валянціна Пражэева шчыра прызналася, што крыху раўнуе, калі Бусліка агучвае хтосьці іншы. Але разам з тым цешыцца з вяртання яе любімага героя ў «Калыханку» пасля працяглых вандровак.

Бусліка цяпер агучвае... Сплюшык. «З новага года я жыву ў Бусліку, — кажа актрыса Эмілія Пранскутэ, якая да гэтага 7 гадоў агучвала Сплюшыка ў «Калыханцы». І распавяла цікавую гісторыю: «Быў час, калі я з дапамогай свайго персанажа выхоўвала дзяўчынку. Дачку знаёмых сваёй сяброўкі. Малеча штовечар глядзела «Калыханку» і абажала Сплюшыка. Дык вось, калі яна не хоча напрыклад лекі піць, ці ісці спаць, яны тэлефанавалі мне: паразмаўляй з ёй ад імя Сплюшыка. І я размаўляла».

Рэстаўраваць лялек дапамагала нават кошка Рыкі. Усяго за 35 гадоў, што калыхае «Калыханка», нарадзілася каля 40 лялек. Не ўсе, на жаль, захаваліся. Таму на выставе можна ўбачыць крыху больш за 20. Другое жыццё ім падарыла Марына Фаміна. «Калі я паглядзела на лялек, у іх былі такія сумныя вочы, — кажа рэстаўратар казачных герояў «Калыханкі». — І мне захацелася падарыць ім дабрыню. У мяне была шыкоўная група падтрымкі: пачынаючы ад вучаніц, сябровак, заканчваючы маім сынам, мамай і кошкай Рыкі (смяецца). У некаторых лялек была пашкоджана механіка, таму даводзілася працаваць нават з малатком і цвікамі. Я вельмі люблю беларускі арнамент, таму ў многіх персанажаў, як вы бачыце, вопратка з вышыўкай. Васілінцы камізэльку вышывала машынкай, а кашулю Васільку — уручную крыжыкам. У музеі лялькі добра сябе адчуваюць, ім тут прасторна. Дома яны, канешне, выжывалі мяне з пакоя. Я адчувала вялікую адказнасць, баялася не паспець. Таму вельмі мала спала, асабліва апошнія два тыдні. Памятаеце, як сястрыцу везлі на пакаранне, а яна для сваіх братоў — дзікіх лебедзяў усё яшчэ пляла з крапівы сарочку. Так і я. Апошнюю ляльку — ваўка Вову — дарабляла па дарозе ў музей».

Дзедам-барадзедам кіравалі тры акцёры. «На жаль, не захаваўся Дзед-барадзед, — кажа Алена Фурсава. — Ён проста рассыпаўся — лялька была зроблена з паралону, не надта трывалага матэрыялу. Але захаваліся фотаздымкі, відэазапісы, песня. Гэтая лялька была самай дарагой у «Калыханцы». Героем кіравалі тры акцёры (адзін працаваў ручкамі, другі — ножкамі, трэці галавой, мімікай), а чацвёрты агучваў».

Што з'явілася раней: песенька пра Дзеда-барадзеда альбо сам Дзед? «У кожнага свая версія, — усміхаецца Ларыса Есарція, выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь 3». — Нехта кажа, што Артур Вольскі завітаў да нас у рэдакцыю і стаў напяваць «Хто я — Дзед-барадзед». Нехта сцвярджае, што героя прыдумалі супрацоўнікі дзіцячай рэдакцыі. А затым ужо Вольскі склаў тэкст. Але, магчыма, сёння гэта не так важна. Галоўнае, што герой нарадзіўся, што ёсць цудоўная песня, на цудоўную музыку Леаніда Захлеўнага. Што яго палюбілі гледачы. І дагэтуль пытаюцца, калі вернецца ў «Калыханку» Дзед-барадзед. Мы ўжо думаем пра гэта. Хочам, каб ён урокі беларускай мовы вёў для дзетак».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з архіва «Калыханкі»

 

Словы А. Вольскага.

Музыка Л. Захлеўнага.

Я хаджу па белым свеце

І гляджу, як вы жывеце.

Калі трэба — памагу,

Бо я ўсё рабіць магу.

Прыпеў:

Хто я? Дзед-барадзед,

Абышоў белы свет,

А цяпер у ціхі час

Завітаў да вас.

З вамі побач буду ўсюды,

Трэба цуды — зробім цуды,

Трэба казка — раз, два, тры,

Вось і казка вам, сябры!

Вечарамі казкі баю,

Я ў запасе шмат іх маю.

А як прыйдзе казка ў сне,

Зноў кажыце «дзякуй» мне...

Я хаджу па белым свеце —

Ваш найлепшы сябар, дзеці,

І вядома нават мне,

Што вы бачыце ўва сне.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.