Вы тут

Захаваць і аднавіць дапаможа стварэнне рэстаўрацыйнага савета


Усё вялікае, як вядома, робіцца па драбніцах, рукамі канкрэтных людзей. Гэты прынцып прыдатны і ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Адны толькі абураюцца занядбаннем пэўных аб'ектаў. А іншыя па кроках робяць усё магчымае, каб іх аднавіць і захаваць. На калегіі Міністэрства культуры, дзе падводзіліся вынікі працы за мінулы год, абмяркоўваліся праблемы і дасягненні ў гэтай сферы. Спецыялісты з усіх абласцей краіны дзяліліся вопытам і атрымлівалі адказы на найбольш складаныя пытанні.


Намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў распавёў, што на тэрыторыі іх вобласці знаходзіцца 761 аб'ект, што ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Асабліва выдзяляюцца сярод іх гістарычныя цэнтры гарадоў — Брэста, Пінска, Кобрына. Толькі за мінулы год было выраблена і ўстаноўлена 65 ахоўных дошак, уласнікамі падпісана 186 ахоўных абавязацельстваў, распрацавана 4 праекты зон аховы. Давялося і знаходзіць спосабы ўздзеяння на нядобрасумленных уласнікаў — у дачыненні да іх было складзена 7 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэннях. Якаснае аднаўленне і захаванне помнікаў магчыма пры наяўнасці добрага фінансавання, лічыць спадар Гарбузаў:

— Агульная сума затрачаных сродкаў склала 7,7 мільярда рублёў. У тым ліку 1,7 мільярд — гэта замежныя інвестыцыі: адзін з найбуйнейшых праектаў — стварэнне экспазіцыі ў музеі Напалеона Орды — адбылося на сродкі транспамежнага супрацоўніцтва. Самыя буйныя аб'екты ў вобласці, дзе адбывалася рэстаўрацыя, — гэта Ружанскі палац Сапегаў і Косаўскі палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх у Івацэвіцкім раёне. Не праводзіліся працы летась з-за адсутнасці фінансавання на яшчэ адным знакавым аб'екце — у родавай сядзібе Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна. Гэта драўляны будынак, які аднаўляецца з нуля на падставе архіўных дакументаў — на тым месцы, дзе з дапамогай археалагічных вышукаў знойдзены рэшткі падмуркаў і сутарэнняў.

Адметна, што супрацоўнікі аблвыканкама не пакінулі без увагі выпадак істотнага парушэння норм аховы археалагічнай спадчыны і імкнуліся прыцягнуць вінаватых да адказнасці. У вёсцы Жабер Драгічынскага раёна (аб'ект, што знаходзіцца там, уключаны ў дзяржаўны ахоўны спіс і ў праграму «Замкі Беларусі») былі заўважаны «чорныя» капальнікі, якія праводзілі раскопкі з выкарыстаннем металадэтэктараў. Гэтыя факты былі зафіксаваны прадстаўнікамі ўлады, якія выклікалі ўчастковага, склалі пратаколы. Праўда, пасля давялося паўторна звяртацца ў пракуратуру і ў Міністэрства культуры. Праблема заключалася ў тым, што супрацоўнікі правапарадку не маглі ацаніць нанесеную шкоду (а гэта неабходна для ўзбуджэння крымінальнай справы). Ніякіх артэфактаў капальнікі там не знайшлі, таму і шкоду вызначыць было цяжка — яны засталіся беспакаранымі. Аднак Вячаслаў Гарбузаў спадзяецца, што прыняты нядаўна Указ Прэзідэнта аб ахове археалагічнай спадчыны, дапаможа навесці парадак і прызваць вінаватых да адказнасці.

На калегіі шмат гаварылі і пра складанасці распрацоўкі праектаў ахоўных зонаў. На сёння гэтым звычайна займаюцца супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ім, натуральна, досыць складана выканаць увесь аб'ём неабходных работ у кароткі тэрмін. Аднак намеснік начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка адзначыла, што спецыялісты на месцах таксама могуць займацца падрыхтоўкай такой дакументацыі: калі яна будзе правільна падрыхтаваная, яе зацвердзяць. Практыка паказвае, што з першага разу зрабіць гэта досыць складана. Аднак пасля некалькіх узгадненняў усё робіцца больш зразумелым.

Дырэктар ААТ «Белрэстаўрацыя» Уладзімір ЗМУШКА звярнуў увагу на іншы аспект аднаўленчых прац і неабходнасць пэўных новаўвядзенняў:

— Мы адзіная краіна сярод нашых еўрапейскіх суседзяў, дзе адменены ліцэнзіі на рэстаўрацыю. Мы стаім перад небяспекай згубіць накоплены дзесяцігоддзямі навуковы і практычны вопыт. Таму сёння, каб не згубіць рэстаўрацыю як частку агульнакультурнага працэсу, мы прапануем стварыць гісторыка-культурную экспертызу (рэстаўрацыйны савет). У яго будуць уваходзіць высокакваліфікаваныя мастакі-рэстаўратары, архітэктары, іншыя спецыялісты, арганізацыі нашай краіны. Асноўнай іх дзейнасцю будзе вызначэнне адпаведнасці праектнай дакументацыі і праводзімых прац, а таксама прыпыненне прац, правядзенне якіх можа нанесці шкоду аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны.

nina@zviazda.by

Маладзечанскі раён

Загаловак у газеце: Захаваць і аднавіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?