Вы тут

У Віцебску плануюць пабудаваць копію полацкага Сафійскага сабора


У Віцебску недалёка ад Заходняй Дзвіны плануюць пабудаваць копію знакамітага полацкага Сафійскага сабора — у першапачатковым яго выглядзе. Гэты праект успрыняты ў грамадстве неадназначна. Адны лічаць, што сама па сабе ідэя не лагічная: навошта полацкі храм будаваць у іншым горадзе? Другіх турбуе, што з мясцовага бюджэту выдаткуюць гіганцкую суму грошай. Трэціх хвалюе лёс парку Партызанскай славы, дзе задумана будаўніцтва. У сітуацыі паспрабаваў разабрацца карэспандэнт «Звязды».


Так бу­дзе вы­гля­даць По­лац­кая Са­фія ў Ві­цеб­ску.

Храм у Полацку

Аўтар кнігі «Полацк і яго ваколіцы» Іван Каліноўскі адзначае: «Каменнае дойлідства ў Беларусі пачалося будаўніцтвам Сафійскага сабора ў Полацку ў 1044—1066 гадах, у хуткім часе пасля ўзвядзення кіеўскага (1037 год) і наўгародскага (1050). Пра Сафійскі сабор у летапісах нічога не гаворыцца. Гэты помнік упершыню згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» у сувязі з падзеямі XІІ стагоддзя і ў знакамітым «Слове пра паход Ігаравы».

Даследчык адзначае, што храм, які згарэў падчас Паўночнай вайны, быў перабудаваны ў 1738—1750 гадах па загадзе ўніяцкага архіепіскапа. На рэштках сабору XІ стагоддзя з'явіўся фактычна новы храм — у стылі віленскага, альбо познебеларускага, барока...

Такім чынам, велічны будынак, які выклікае захапленне турыстаў у Полацку, гэта зусім не той храм, які стаяў на гэтым месцы першапачаткова.

— Археалагічныя раскопкі, што пачаліся ў 1975 годзе, дазволілі выявіць у сярэдзіне сабора раней невядомыя часткі старажытнага храма. Уключэнне іх у музейную экспазіцыю ўяўляла бясспрэчную цікавасць, бо дыктавалася логікай гісторыка-мастацкага матэрыялу, паказ якога планаваўся ў музеі. Рэшткі будынка XІ стагоддзя павінны разглядацца як найстаражытнейшы гістарычны элемент, — распавялі карэспандэнту «Звязды» ў Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

У музеі маецца макет першапачатковага храма.

Віцебская рэпліка

— Праваслаўныя вернікі Віцебшчыны ў год 2000-годдзя Раства Хрыстова прынялі рашэнне пра аднаўленне Полацкага Сафійскага сабора ў гістарычным выглядзе. Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый выступіў з прапановай узвесці яго ў абласным цэнтры, — распавядае протаіерэй Міхаіл Мартыновіч, які ўзначальвае прыход будучага храма.

Святар нагадаў, што мінулым летам было асвечана месца, дзе пачнецца будаўніцтва. Новы храм будзе ўзведзены ў раёне вуліцы Чэхава. Яго памеры: 26 метраў — у шырыню і даўжыню, 35 метраў — у вышыню (разам са званіцай).

Святы Сінод Беларускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні ў ліпені 2013 года ўхваліў ўзвядзенне сабора. Рашэнне зацвердзіў і Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы пад старшынствам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Вылучэнне зямельнага ўчастка для будаўніцтва храма было ўзгоднена з кіраўніцтвам краіны.

Фінансаванне, што не раз падкрэслівалася духавенствам і прадстаўнікамі мясцовай улады, будзе весціся за кошт пазабюджэтных сродкаў. Аляксей Мілер, кіраўнік праўлення расійскай транснацыянальнай карпарацыі «Газпрам» — ганаровы старшыня апякунскай рады па будаўніцтве храма. Ён асабіста падтрымаў ідэю, калі ў 2013 годзе быў у Віцебску на карпаратыўным фэсце «Факел».

Адказваючы на пытанні аўтара гэтых радкоў, спадар Мілер сказаў, што гатовы спрыяць і рэалізацыі іншых цікавых ідэй. У прыватнасці, аднаўленню страчанага дома дарэвалюцыйнай пабудовы ў Віцебску, у якім у дзяцінстве жыў Лазар Гінзбург (Лагін), аўтар казкі пра старога Хатабыча...

Нядаўна ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска адбылося грамадскае абмеркаванне будаўніцтва новай Полацкай Сафіі з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, праектнай арганізацыі і іншых адказных і зацікаўленых асоб. Прысутным паабяцалі, у тым ліку, і тое, што замест 200 спілаваных дрэў будуць высаджаны іншыя.

Прыхільнікі ідэі ўпэўненыя, што храм зробіць Віцебск яшчэ больш прывабным для турыстаў. Побач — пачатак пешаходнай вуліцы — губернатарскі палац, дзе спыняўся Напалеон, былыя даходныя дамы, самы вялікі храм — Свята-Успенскі... Апошні быў поўнасцю адноўлены некалькі гадоў таму і стаў упрыгожаннем горада.

У перакладзе з грэчаскай мовы «сафія» значыць «мудрасць». Ёсць яшчэ адзін варыянт — «майстэрства». Хочацца спадзявацца, што мудрасці хопіць і тым, хто ўзводзіць новы храм, і іх апанентам. А будаўнікі зробяць сваю справу з сапраўдным майстэрствам, каб Сафія гарманічна ўпісалася ў маляўнічы куток старажытнага Віцебска.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Полацк—Віцебск

Загаловак у газеце: Мудрасць для Сафіі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.