Вы тут

Як маладая сям'я прамяняла горад на вёску


Прыгажуня і выкладчыца англійскай мовы Яніна з'ехала з Мінска на Полаччыну, дзе знайшла мужа і цяпер разам з ім гадуе коней і поні. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, як с спрабуе наблізіцца да натуральнай гаспадаркі.


Пад­час фо­та­се­сіі для га­зе­ты конь, яко­га Яня і Са­ша МАС­ЛОЎ­СКІЯ вы­бра­лі ў якас­ці ма­дэ­лі,  лі­та­раль­на ўсмі­хаў­ся. Аса­біс­та я та­ко­га ра­ней не ба­чыў.

Па сталіцы не сумуюць

Яня і Аляксандр Маслоўскія наўмысна ўцяклі ад цывілізацыі ў вёску Цінаўка Полацкага раёна, каб жыць, як калісьці жылі іх продкі.

— Я нарадзілася ў далёкім Нарыльску. Настолькі холадна там, што, бывае, выходзіш з пад'езда, і першы ўздых абпальвае лёгкія. На поўначы і мама мая нарадзілася, і цётка, якая першай пераехала ў Мінск — вучыцца. Потым і мы за ёй, — згадвае Яніна.

Паколькі аўтар гэтых радкоў у арміі служыў на Чукотцы, разумелі мы адно аднаго з паўслова. Калі, напрыклад, за вокнамі мінус 40, жыхары Поўначы, як звычайна, ідуць на працу.

Яня, як і цётка ў свой час, спачатку вучылася ў Мінску. Але потым дзяўчына пераехала ў правінцыю, каб працягнуць адукацыю на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыплом дазваляе ёй выкладаць і англійскую мову.

— Не хачу зноў у Мінск, — кажа маладая жанчына. — Мне не патрэбны вялікія гарады з мітуснёй. Нядаўна была ў сталіцы, ды яшчэ ў часу пік... Дык хвіліны лічыла, каб хутчэй з'ехаць. Да таго, як перабрацца ў вёску, жыла ў Наваполацку. Там і з будучым мужам пазнаёмілася. Ён наваполацкі. Але яго, як і мяне, заўсёды цягнула да прыроды... Кажуць, у вёсцы сумна. Няпраўда! Тут кожны дзень усё па-рознаму! Конь, напрыклад, уцячэ, куры яйкі знясуць.

Яня з любоўю распавядае пра жывёл, якія жывуць на іх «ферме»: усяго ў гаспадарцы чатыры кані, у тым ліку адзін маленькі, два поні, сем курэй, тры гусі (якія сваім гагаканнем перашкаджалі нам гутарыць), чатыры казы, лебедзь... А яшчэ двое кацянят і чатыры сабакі.

Выратавала ад мясакамбіната

— Вось таго каня хацелі з гаспадаркі, дзе ён жыў, на мясакамбінат здаць. Яму яшчэ і года не было. Я тады вучылася на другім курсе ўніверсітэта. Збірала грошы, каб на моры адпачыць. Калі даведалася пра каня, вырашыла яго купіць. Зразумела, не ў кватэры жыў (смяецца), у знаёмых маіх у вёсцы. А той, што побач — яго брат. Купіла ў цыганоў, — паказвае жывёл Яніна.

Былая гараджанка падрабязна расказвае пра пароды і характар сваіх хвастатых гадаванцаў. Раптам да маіх ног нехта далікатна дакранаецца. Казёл па мянушцы Пушкін такім чынам праявіў інтарэс. Гаспадары тут жа пагаджаюцца, што на рускага паэта знешне падобен журналіст «Звязды», і далей са смехам назіраюць знаёмства двух «пушкіных».

Коні маладой сям'і прыбытак пакуль не прыносяць: і турыстаў, і мясцовую дзятву Маслоўскія катаюць задарма.

— Адзінае, просім людзей трохі дапамагчы па гаспадарцы. Не хапае рук з усім самім справіцца. Ніяк нармальнае наваселле не справім. Дом пабудавалі мае бацькі. Мы ферму ніяк не дабудуем, — перажывае Яня.

Нягледзячы на складанасці, маладыя поўныя аптымізму. Коні ім замяняюць і трактар, і газонакасілку...

— У мяне і суседзі просяць «капытны апарат» у арэнду: газоны даглядаць, — кажа Яня.

Другое жыццё

Саша пакуль працуе на «Нафтане» машыністам кампрэсарнай устаноўкі. Пажартаваў, што нават у карпаратыўнай газеце яшчэ не ведаюць, што ён і яго жонка — «пустэльнікі». Яго продкі з Украіны.

— У нашай сям'і ўвасобілася дружба народаў. Я — напалову ўкраінец, напалову паляк. Жонка — беларуска, але нарадзілася ў Расіі. Дзед мой падчас вайны быў у адным партызанскім атрадзе з Машэравым. Служыў у дэсантных войсках... У Беларусі ён пазнаёміўся з бабуляй. Тут мама мая нарадзілася, — дапаўняе сямейную гісторыю Саша.

У двары Маслоўскіх стаіць зламаны аўтамабіль. Галава сям'і ездзіць на працу на аўтобусе, потым доўга дабіраецца пешшу. Ён марыць пра тое, каб уласная ферма дазволіла яму цалкам пераключыцца на працу на зямлі.

— На маім прадпрыемстве добры калектыў і заробак. Даплачваюць за вытворчую шкоднасць. А мне хочацца дыхаць чыстым паветрам, — разважае Саша.

Ён не ўжывае спіртнога, не курыць. Любіць мяса, але сваіх жывёл есці Маслоўскія не збіраюцца.

«Педыкюр»... коням

Яня паказвае лебедзя з абмежаванымі магчымасцямі. Яго прывезлі рыбакі, каб птушка не загінула ад голаду — у моцныя маразы вадаём, дзе яна жыла, цалкам пакрыўся лёдам.

— Неабыякавыя людзі звярнуліся да эколагаў. Тыя спаслаліся на натуральны адбор. Маўляў, драпежная птушка: калі не выжыве, дык так трэба прыродзе. Але ж шкада, — кажа Яня.

Апроч іншага, Яніна — рамесніца вельмі рэдкай спецыялізацыі. Яна рымар: робіць вупраж, гунькі і падобнае.

— А яшчэ расчышчаю капыты ў коней — падтрымліваю іх у анатамічна правільным выглядзе. Па дапамогу звяртаюцца гаспадары іншых коней, якія жывуць недалёка. Акрамя таго, расчышчаю капыты коням з клубаў у Полацку, Баравусе. Езджу дзеля гэтага ў расійскія Себеж, Пскоў, Невель. Часам — у Мінск. Там хапае такіх спецыялістаў... У абласных цэнтрах іх больш, чым на перыферыі. А ў Полацкім раёне я адна, — сціпла тлумачыць Яня.

Гаспадыня сама не ведае, адкуль пра яе даведваюцца ўладальнікі коней. Напэўна, адны адным расказваюць, што ёсць на Полаччыне «эксперт па капытах»...

Пра дзяцей Маслоўскія мараць, але спачатку хочуць моцна стаць на ногі. Каб не прыходзілася думаць, на якія грошы купіць абутак, адзенне малым.

Мы дамовіліся сустрэцца наступным разам улетку. Калі ў іх штодня адбываюцца падзеі, то, пэўна, будзе пра што яшчэ расказаць. Саша з Яняй плануюць, дарэчы, набыць паўночнага аленя і разводзіць індыкоў.

Дарэчы, Маслоўскія хоць і дзівакамі выглядаюць для многіх, але цалкам трапляюць у тэндэнцыю, якая на Захадзе ўсё больш пашыраецца: людзі з гарадоў перабіраюцца ў глуш. Калі назву гэтай «хвалі» дакладна перакласці, атрымліваецца: «пераход у нізы», або «ад складанага да простага».

Фота аўтара

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Полацкі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: Мора... за каня

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.