Вы тут

3 кароткаметражкі беларускіх маладых аўтараў паказалі ў Мінску


Новая сістэма развіцця маладога кіно дала плён.

Тры кароткаметражкі беларускіх маладых аўтараў былі паказаны на вялікім экране ў Мінску як вынік праекта KІNОSРRІNT. Праект, што быў распачаты летась у Беларусі, накіраваны на ўзаемадзеянне кінаэкспертаў і пакалення маладых кінематаграфістаў. Апошнія падавалі заяўкі, пісалі сцэнарыі, афармлялі каштарысы, праходзілі этапы здымачнага працэсу, працавалі над так званым постпрадакшнам, укладваліся ў тэрміны і графікі, карацей, міналі ўсе «колы пекла» стварэння фільма. А наўзамен атрымлівалі ад арганізатараў конкурсу доступ да тэхнічнага абсталявання і тэарэтычную, кансультацыйную дапамогу.


Пра­цоў­ны мо­мант зды­мач­най гру­пы філь­ма «Двац­цаць­шас­нац­цаць».

Пілотны выпуск хоць і зацягнуўся (скончыцца ён павінен быў яшчэ ў кастрычніку), але мэтаў, здаецца, дасягнуў.

Тры ігравыя кароткаметражкі папоўнілі пласт сучаснага маладога беларускага кіно і хто ведае — магчыма, удзельнікі конкурсу гэтым не абмяжуюцца.

«Сутнасць праекта была ў тым, каб пачаць перадаваць вопыт, і гэта, на мой погляд, атрымалася. Не істотна, што ў фінале аказаліся толькі тры работы, а не дзесяць — гэта ж толькі першы крок. У выніку мы маем маладое кіно, зробленае на дастаткова высокім узроўні, і тэхнічным, і мастацкім. Што таксама важна — гэта закончаныя работы, а толькі ў гэтым выпадку вопыт мае сілу», — каментуе генеральны прадзюсар «БелФільм Групы» і адзін з «экспертаў» праекта Юрый Ігруша.

Тэмай фільмаў была заяўлена экалогія. Рэжысёр Міхаіл Пархоменка на Кінаспрынце зняў сваю дэбютную карціну — крыху дыдактычную трагікамедыю «Эстафета».

Па сюжэце дачнік знаходзіць у сваім агародзе заржавелую бомбу і разгублена спрабуе прыдумаць, што з ёй рабіць. На дапамогу прыходзіць простая логіка: бомба — гэта зброя, а зброю трэба здаваць у міліцыю.

Таму галоўны герой кладзе знаходку ў свае «жыгулі» і вязе ў аддзяленне...

Ігар Чышчэня, вядомы сваімі дакументальнымі працамі, — не дэбютант у кіно, але над ігравой карцінай, дзякуючы ўдзелу ў Кінаспрынце, працаваў упершыню.

«Паміж ігравым і дакументальным кіно насамрэч вялікія розніца. Для дакументальных фільмаў патрабуецца меншая здымачная група, меншая колькасць тэхнікі, апроч іншага — гэта інтымная праца. Стварэнне ігравога фільма — іншая справа, тут трэба кіраваць калектывам, арганізоўваць прастору. У першым выпадку ты, можна сказаць, фіксуеш тое, што адбываецца, у другім ты павінен прыдумаць, стварыць, зрабіць матэрыял падобным да тваёй задумы. Вось гэтага вопыту ў мяне да ўдзелу ў праекце не было. Апроч іншага на Кінаспрынце я зразумеў, што добра ўмею, а што ў мяне атрымліваецца дрэнна, вызначыў свае плюсы, мінусы і кірункі, у якіх трэба практыкавацца. Тут мы памацалі матэрыю, так скажам, вялікага кіно», — кажа рэжысёр.

Яго каманда абрала тэму аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Што, дарэчы, актуальна — у красавіку споўніцца трыццаць гадоў з моманту выбуху на энергаблоку электрастанцыі. У карціне «Лічыльнік шчасця» хлопчык знаходзіць у рэчах бацькі, які вярнуўся з камандзіроўкі, дзіўны прыбор. Малы прымае яго за вымяральнік узроўню шчасця. Прыбор, што насамрэч з'яўляецца дазіметрам (прызначаным для вымярэння ўзроўню радыяцыі), паказвае і сутнасць камандзіроўкі, і тэму фільма, і прычыну навіслай напружанасці. Дзякуючы аднаму атрыбуту карціне не спатрэбіліся лішнія словы і ўдакладненні.

Чалавечая гаворка апроч адной фінальнай фразы адсутнічае ў фільме «Дваццацьшаснаццаць», якую супольна знялі Андрэй Крывецкі і Дзмітрый Рачкоўскі. На Зямлі застаецца адзін чалавек, які жыве ва ўмоўным доме, з умоўнымі сценамі і дзвярыма, але абавязкова ўсіх умоўнасцяў прытрымліваецца. У яго ёсць радыёпрыёмнік, запасы правізіі, папера, на якой ён піша лісты, ровар, на якім ездзіць іх адпраўляць. З дакладнасцю мінута ў мінуту. Але радыёпрыёмнік не знаходзіць сігнал, і лісты са скрыні ўжо даўно ніхто не даставаў. У пэўны эмацыянальна крызісны момант галоўны герой знаходзіць паштоўку з выявай горада Дубай і, натхніўшыся ёю, пачынае працаваць над яшчэ адной у сваім жыцці ўмоўнасцю.

З маладымі кінематаграфістамі ў праекце Кінаспрынт працавалі вядомыя дзеячы беларускай кінапрасторы — прадзюсар Nеw wаvе рrоduсtіоn Аляксандр Левянчук, сцэнарыст Андрэй Курэйчык, дырэктар Кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў, дырэктар rеntаl-кампаніі FІRST RЕNTАL Сяргей Якубоўскі і іншыя.

«Я думаю, гэта толькі першы крок у галіне, дзе з маладымі працуюць прафесіяналы. Гэта вельмі важна, таму што дагэтуль у якасці настаўніка выступала па сутнасці толькі дзяржава — у навучальных установах, у фінансаванні дэбютаў. Мы маем справу з маладымі, некіруемымі людзьмі, з тымі, хто сам прыйшоў да цікавасці да кіно. Прафесіяналы пачалі працаваць з удзельнікамі праекта з самага нуля. Гэта было нялёгка: заяўкі падалі дзевяноста чалавек, але толькі тры работы дайшлі да фіналу. Яшчэ 5-6 работ мы страцілі ў працэсе. Цяжка было прымусіць слухаць вопытных людзей, маладым здавалася, што яны ведаюць усё. Але тыя, хто дайшоў да фіналу, набіўшы гузакоў,  зразумелі, што нас варта было слухаць, — расказвае Юрый Ігруша.

Напэўна, нехта з тых, хто прайшоў кінаспрынт, не будзе працягваць працу ў кіно, але, як лічыць Юрый Ігруша, праект усё роўна стане для ўдзельнікаў надзвычай карысным вопытам: чалавек, маўляў, разабраўся ў сабе і сваіх інтарэсах, а гэта таксама перамога.

На чарзе ў арганізатараў пасля прэм'еры кароткаметражак у Мінску іх прасоўванне на замежныя фестывалі, чым зоймецца прадзюсарскі бок. Магчыма, Кінаспрынт працягнецца чарговымі конкурсамі, і тады, спадзяёмся, фільмаў будзе знята яшчэ больш, праўда, ужо зусім на іншую тэму.

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тэма адна, фільмы — розныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.