Вы тут

Валянціна Шоба — пра карціны для любімага і Францыю


Парыж. Павільён «Гран-Пале» ладзіць міжнародную выстаўку на 2 тысячы работ. Беларуская мастачка едзе з карцінай пра вайну. Сярод мноства палотнаў вылучаюць яе «Уладу цемры». За ідэю, якой бракуе сучаснаму мастацтву, творцы з Беларусі прысудзілі прэмію Тэйлара.


Мінск — Гродна

Валянціна Шоба — гаспадыня славутых Басі і Касі, вежаў у гістарычным цэнтры Гродна. Ідзём да іх у зімовым змроку і адкрываем горад нанова. Цяпер тут бязлюдна, вуліцы агарнуў сон. Шлях да месца працы мастачкі пралягае непадалёк ад майстэрні яе мужа. Уладзімір Панцялееў — выбітны беларускі скульптар. Цёмная лесвіца па небяспечна вузкіх прыступках вядзе на другі паверх, дзе больш як 20 гадоў працуе творца.

Дзяўчынка з мінскай школы-інтэрната для адораных дзяцей адолела складаны шлях да поспеху. Спадарыня Валянціна распавяла:

— Я не паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут у першы год, а на той час было строга: калі не працуеш, то не маеш права трымаць іспыты зноў. Лёс змусіў уладкавацца на працу на завод. Я паважаю людзей, якія прысвяцілі такой карыснай справе ўсё жыццё. Проста гэта не маё! Пасля напружанага працоўнага года дала сабе зарок: «Зраблю ўсё магчымае, але скончу інстытут і больш ніколі ў жыцці не буду так працаваць».

Гэтыя словы сталі прароцкімі.

Валянціна Шоба яшчэ жыла ў Мінску, але ўжо лётала на самалёце ў Гродна, дзе, паводле яе слоў, адметная атмасфера, бо другога такога горада ў Беларусі няма. Захопленая мінуўшчынай краю мастачка і дыпломную работу выканала па рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», і месца для працы па размеркаванні абрала менавіта ў любімым горадзе.

Пасля крывавай пятніцы

Мастачка распавяла, што падарожжамі захапілася пад уплывам дачкі Ганны. Дачка падштурхнула і прыняць удзел у парыжскай выстаўцы. Ваеннае становішча ачысціла горад. Шмат паліцэйскіх, але гандляроў з маленькімі Эйфелевымі вежамі на дзіва мала. Елісейскія палі ледзь не пустыя...

Таму і на міжнароднай выстаўцы «Аrt Саріtаl» у «Гран-Пале» гасцей было няшмат. А раней 2 тысячы работ з сарака краін свету перапоўнілі б аматарамі мастацтва і проста цікаўнымі турыстамі знакаміты палац велічынёй з тры футбольныя палі. Гэтая выстаўка ладзіцца з сярэдзіны ХХ стагоддзя, і менавіта яна робіць Парыж сталіцай мастацтва, пакідаючы за спінай Лондан і Нью-Ёрк. Сам будынак «Гран-Пале» — аднагодак Эйфелевай вежы. Са знакамітай парыжанкай ён і вагу мае аднолькавую — 7300 тон. Маштабны палац на Елісейскіх палях дагэтуль ні разу не сустракаў беларусаў. Але першае спатканне з нашым мастацтвам прайшло на ўра: Валянціна Шоба атрымала прэмію барона Тэйлара.

І хоць сама выстаўка паказвае падкрэслена сучаснае мастацтва, якое амаль заўсёды функцыянальнае, сёлета перамаглі работы іншага роду. Карціна нашай мастачкі «Улада цемры» — гэта не сукупнасць сімпатычных кружочкаў ды квадрацікаў, а найперш ідэя. На палатне 130 на 90 сантыметраў — вайна. Верагодна, работа Валянціны знайшла водгук у французаў, бо сугучная парыжскаму настрою пасля страшнага тэракту.

«Любімы»

На карцінах Валянціны — містычная прырода, казка, магія, водарасці, жывёлы. А неяк у маляўнічых вобразах мастачка штодзень занатоўвала цэлы год, ствараючы праект «Каляндар», дзе карцін роўна 365. Гэтым здзівіла Беларусь: такога краіна яшчэ не бачыла. Апошні творчы паказ Валянціна Шоба прымеркавала да Калядаў і Новы год сустрэла без пэўных планаў. Чаго жадаць, калі кожны месяц 2015-га прынёс ёй выстаўку, а часам і не адну? Сёння ж мастачку цікавіць магічная сістэма знакаў беларускай арнаментальнай вышыўкі.

У назвах карцін Валянціны Шобы часта сустракаецца слова «любімы». Да яго яна звяртаецца, у яго пытаецца і яму дзякуе. Хто ж ён?

— Гэта пэўны чалавек. Тут маецца на ўвазе не каханы муж, а іншы — мой духоўны бацька, можна сказаць. Ён чалавек з рэлігійным санам, але «любімы», бо дзякуючы яму я перастала баяцца жыць. Як не сказаць, што чалавек любімы, калі дзякуючы яму і ты сябе адчула чалавекам? — усміхаецца мастачка.

Усё жыццё Валянціну Шобу «трымае за руку» Святы Мікалай. Дзіўныя супадзенні адбываюцца ў жыцці мастачкі:

— Усё пачалося даўно-даўно ў Вільнюсе. Школьніцай любіла купіць квіточак і паехаць, куды вочы глядзяць. Памятаю, было дрэнна, уцякла з урокаў, паехала ў Вільнюс. Зайшла ў храм. Упадабала іконку, купіла. Імгненна стала добра. Аказалася, гэта выява Святога Мікалая. На Вялікдзень прыйдзеш у храм і раптам разумееш, што плачаш. Адварочваешся, а за спінай — Святы Мікалай. Паляцела ў Харватыю, а мястэчка выявілася пад яго заступніцтвам, нават вуліца, дзе я жыла, так і называлася. Па жыцці з ім сутыкаюся. Гэта ў галаве.

Сакрэт

— Мастацтва мае місію: расказаць пра краіну. Я ніколі не з'еду жыць за мяжу, нават калі клікаць будуць моцна туды, дзе мёд, бо без сваёй ракі я проста памру, — прызнаецца мастачка. Валянціна Шоба бачыць радзіму праз фарбы, упэўненая, што колер зямлі, паветра, неба ўсюды розны. Яна верыць у лёс і ведае сакрэт будучыні:

— Можна быць вельмі таленавітым падчас навучання ў школе, а пасля ператварыцца ў бяздомнага. І так здараецца часам. Але ж прафесію ніхто не адбірае. Яна толькі твая. А талент здольны і адпомсціць за абыякавасць гаспадара. Таму надзвычай важна не выпусціць аловак з рук.

Акрамя як працаваць — пісаць карціны, мастачка не імкнецца мець іншыя радасці. Для яе выстаўка — свята. Валянціна Шоба лічыць за лепшае быць сярод карцін.

— Гэта не адзінота! — паўтарае яна. — Столькі карцін! А яны — як дзеці, жывыя.

Зіма, цямнее рана. Валянціна Шоба любіць, калі цёмна: усе спяць, можна працаваць і ціха верыць у цуды.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Беларуска ў Парыжы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».