Вы тут

«Аношкаўскія музыкі» з Нясвіжскага раёна пакарылі Еўропу


Ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі»... Тыя, хто незнаёмы з гэтым фальклорным калектывам, напэўна, уяўляюць, што ў ім сталыя вусатыя мужчыны ў народных строях, вышыванках. Зусім не: яго ўдзельнікі — хлопцы ад 14 да 18 гадоў. Але нягледзячы на юны ўзрост, падлеткі занялі сваю нішу ў народнай творчасці краіны і каторы год утрымліваюць яе. Прычым, што ні выступленне — то новыя ўзнагароды і дыпломы. Нядаўна ўзорны калектыў атрымаў яшчэ і Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мэтанакіраваную працу па захаванні нацыянальных мастацкіх традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць.


Ансамбль неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных музычных фестывалях і конкурсах, як у Беларусі, так і за яе межамі. За 19 гадоў з дня стварэння калектыву музыкі аб'ездзілі шмат якія рэгіёны Еўропы: пабывалі ў Польшчы, Літве, Германіі, Расіі, Украіне, Францыі, Эстоніі. Хто б думаў, што дзеці з самай глыбінкі стануць вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Дарога да поспеху была нялёгкай. А пачалася яна яшчэ за савецкім часам, лічыць дырэктар Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Высоцкі.

З вялікай павагай жыхары аграгарадка Аношкі ўзгадваюць старшыню калгаса «Новае жыццё» Міхаіла Саленіка. Міхаіл Васільевіч, як моцны гаспадарнік, кіраўнік дбаў не толькі аб вытворчых паказчыках, але і аб тым, каб працаўнікі і іх дзеці далучаліся да культуры, каб не ведалі абмежаванняў у імкненні да творчасці. Менавіта ён пабудаваў у 1986 годзе новы калгасны Дом культуры і вырашыў арганізаваць хор. Ды ў гаспадарцы не было добрага спецыяліста, каб яго ўзначаліць. І тады старшыня запрасіў на пасаду кіраўніка Віктара Высоцкага.

— На той час мы з жонкай працавалі ў Нясвіжы, толькі пабудавалі новы дом, — распавёў Віктар Яўгенавіч. — Вядома, не хацелася пераязджаць. Міхаіл Васільевіч кожны дзень на працягу двух гадоў прысылаў па мяне машыну з вадзіцелем, каб адвезці на рэпетыцыі. Менавіта яму належыць ідэя стварэння ў Аношках і дзіцячай школы мастацтваў. Старшыня калгаса выдзеліў пад яе будынак грошы на набыццё музычных інструментаў. З кадрамі дапамаглі мае знаёмыя — кіраўнікі музычных вучэльняў. Мы адкрылі класы баяна, фартэпіяна, духавых інструментаў, па тэорыі музыкі, дзіцячую вакальную групу. Ды хацелася знайсці нейкую «разынку», якая б вылучала нашу школу. І ў 1997 годзе прыйшла ідэя арганізаваць ансамбль гарманістаў.

Вяскоўцам блізкі гэты інструмент, музыка. Здаўна ні адно вяселле, хрэсьбіны не абыходзіліся без добрага гарманіста. Але адна справа стварыць ансамбль і зусім іншая — забяспечыць якасным інструментам, сцэнічным адзеннем, каб касцюм адпавядаў мясцовым народным стылю і традыцыям. Майстрыха з Нясвіжа Алена Хоміч прапанавала саламяныя капелюшы — брылі: лёгкія, зручныя, з невялікім казырком. Паколькі ў ансамбля музыка вясёлая, з запалам, даводзіцца шмат рухацца па сцэне — яны не спадаюць з галавы. Юныя артысты выступаюць у жанры беларускай народнай, а таксама аўтарскай музыкі з выкарыстаннем не толькі гармонікаў, але і іншых народных інструментаў: ударных і духавых — басэтлі, акарыны, жалейкі, беларускай дуды.

Каля вытокаў стварэння калектыву стаяў Віктар Навумчык. А цяпер ім кіруе Аляксей Андросік.

— Аляксей Валер'евіч пасля заканчэння Мінскага каледжа мастацтваў працаваў у суседнім пасёлку Сноў. Калі сышоў кіраўнік «Аношкаўскіх музыкаў», я запрасіў яго ў школу. І вось ужо пяць гадоў ён выкладае і адначасова кіруе ансамблем. Ён, можна сказаць, вырас у гэтым калектыве, ведае ўсю яго кухню, адчувае, што патрэбна гледачу, умее ладзіць з дзецьмі, — кажа Віктар Высоцкі.

— Чым вы ўзялі гледача: народным каларытам, самабытнасцю? — пытаюся ў кіраўніка ансамбля?

— Ёсць шмат калектываў, якія працуюць у народным стылі, але менавіта дзіцячых, на жаль, мала, — адказвае ён.

— «Аношкаўскія музыкі» кранаюць гледача сваім імпэтам, куражом, — дадае Віктар Высоцкі. — Мы вучым дзяцей, што кожнае выступленне павінна даносіць да гледача не толькі нашу беларускую народную культуру, але і пазітыў. Акрамя таго, наша перавага перад іншымі ў тым, што наш ансамбль мабільны. Нам не трэба падключаць апаратуру, мікрафоны. Музыкі могуць іграць і на сцэне, і на вуліцы ў любое надвор'е. У некаторых музычных творах мы выкарыстоўваем прадметы побыту: прасы, пральныя дошкі, вёдры. Усё гэта стварае гармонію паміж мінулым і сучаснасцю.

Таленты самі па сабе не растуць. Іх знаходзяць, выхоўваюць. У дзіцячым садку Аношкаў мастацкім кіраўніком працуе Наталля Антановіч. Яна, як спецыяліст, бачыць, да якой творчасці здольны той ці іншы выхаванец. А выбіраць ёсць з каго: ва ўстанове 143 дзіцяці.

А вось дзяўчынак у ансамбль «Аношкаўскія музыкі» не прымаюць.

— У нас імідж, брэнд мужчынскага калектыву. А калі ўзяць дзяўчат, гэта ўжо будзе нешта зусім іншае, — тлумачаць удзельнікі ансамбля.

— Вы бывалі на гастролях за мяжой, выступалі на розных сцэнічных пляцоўках. А вось на самай галоўнай сцэне краіны — у Палацы Рэспублікі пабывалі ўпершыню. Хваляваліся?

— Напачатку, канешне, хваляваліся. Але пасля некалькіх рэпетыцый супакоіліся. Падчас канцэрта атмасфера была вельмі спрыяльная, нас добра прынялі, апладзіравалі. Значыць, выступленне спадабалася. А гэта лепшая для нас узнагарода, — выказаў агульную думку Арцём Дзеравяга.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: У ансамблі толькі хлопчыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.