26 Май, пятніца

Вы тут

Рацыянальнае харчаванне для беларускай эканомікі


У 20-х чыслах студзеня на паліцах кнігарняў з'явілася кніга пад назвай «Фінансавая дыета: рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі». З'явілася і адразу знікла. Некаторыя людзі пакідалі ў крамах свае кантактныя тэлефоны з надзеяй на дадатковы тыраж. Пра кнігу, яшчэ да яе выхаду ў Выдавецкім доме «Звязда», гаварылі эканамісты і дзяржаўныя дзеячы самага высокага рангу. Такая вядомасць загадзя тлумачыцца і ўдзелам у яе стварэнні 20 вучоных, і зацікаўленасцю дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый. Выпуск адбыўся па заказе і пры фінансавай падтрымцы ПРААН у Беларусі і Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Але найбольш, напэўна, кнігу чакалі з прычыны вострай запатрабаванасці нашай эканомікі ў тэрміновых дзеяннях па яе вывадзе на больш здаровы рэжым. Мы сустрэліся з навуковым рэдактарам, складальнікам і суаўтарам кнігі — доктарам эканамічных навук, памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па эканоміцы Кірылам РУДЫМ.


Дзве нагі эканомікі

— Кірыл Валянцінавіч, раскажыце, у чым агульная ідэя кнігі.

— Сітуацыя, якая склалася ў эканоміцы, вымушае перагледзець фінансавыя траты дзяржавы. Ужо некалькі гадоў рост нашага валавога прадукту запавольваецца. І пачалося гэта яшчэ да крызісу, які адбываецца зараз у Расіі, яшчэ да падзення сусветных цэн на нафту. Нарошчванне дзяржінвестыцый у Беларусі ўжо не заўсёды павялічвае валавы ўнутраны прадукт, але павялічвае цэны. У выніку ў нас нізкі ВУП і высокая інфляцыя, а гэта — асноўныя паказчыкі, па якіх мы вымяраем тэмпературу цела ў эканоміцы. Каб выйсці на большую ўстойлівасць, трэба пачынаць эканоміць: траціць менш і толькі на тыя кірункі, якія даюць вынік. Гэта — агульны падыход.

У сувязі з тым, што ў нашай краіне доўгі час была інфляцыя, выраслі працэнтныя стаўкі па крэдытах, і крэдыты сталі непад'ёмнымі. Пры гэтым колькасць грошай унутры краіны абмежаваная, а калі мы будзем друкаваць купюры, то цэны будуць расці і далей. Відавочна, што сродкі трэба прыцягваць звонку, але знешняя пазыка наша таксама дастаткова ўжо вялікая. Вось чаму ўзнікла неабходнасць неяк сябе абмежаваць.

У нашай эканоміцы вялікая частка дзяржаўнага сектару, у ім задзейнічана прыкладна палова нашай працоўнай сілы — на прадпрыемствах і ў бюджэтнай сферы. Другая частка эканомікі — прыватны сектар. Калі мы падтрымліваем адну частку, другая грошай недаатрымоўвае і выжывае сама. А першая, якую ўвесь час падсілкоўваюць, прывыкае і выстройвае свае адносіны, бізнес, зыходзячы з таго, што ёй усё адно дапамогуць. Гэта скажае стымулы і разбэшчвае. Цяпер трэба акуратна, каб не нашкодзіць, пераходзіць на дыету, каб дзяржаўны сектар змог функцыянаваць на роўных з прыватным.

— Каб навучыўся «хадзіць» без мыліц?

— Каб не трэба было за руку вадзіць, увесь час падтрымліваць.

Ільготы — дзеля штуршка

— Што тычыцца рэфармавання бюджэту, то сацыяльная сфера па-ранейшаму павінна заставацца ў прыярытэце бюджэтных выдаткаў. У кнізе вызначаюцца ключавыя кропкі і паказчыкі, на падставе якіх трэба даваць грошы. Калі мы развіваем медыцыну, адукацыю, навуку, культуру, то павінны мець празрыстыя і зразумелыя паказчыкі — пад што даюцца грошы.

Разглядаецца бюджэт і з пункту гледжання даходаў. Міністэрства па падатках — гэта не карны орган, а абслугоўваючы, які павінен прадстаўляць зразумелыя і простыя паслугі, для падаткаплацельшчыка практычна не адчувальныя. Яны павінны прадастаўляцца дыстанцыйна, каб я нават не бачыў падатковага інспектара: мне смс прыйшла, я ўвёў звесткі праз электронную сістэму, грошы спісаліся з майго рахунку і ўсё.

— Але сістэма павінна быць і такой, каб у грамадзяніна не было спакусы пазбегнуць падаткаабкладання.

— Як правіла, людзі імкнуцца паступаць прыстойна. І падаткаплацельшчыкі таксама. Аднак, калі пры аплаце падаткаў узнікаюць цяжкасці, тады сістэма сама падштурхоўвае чалавека паводзіць сябе непрыстойна, і тады не вядома яшчэ: хто каго павінен караць. Калі ўсё празрыста, хутка і зразумела ў паслузе, якую мне аказвае падатковая інспекцыя, я аплаціў падаткі і задаволены.

Яшчэ адзін акцэнт у кнізе зроблены на тое, што падатковыя льготы павінны быць галіновымі, яны не павінны быць індывідуальнымі, для асобных прадпрыемстваў. Калі краіна развівае нейкі від дзейнасці, напрыклад, вытворчасць пэўнага віду аўтамабіляў, значыць любы прыватнік, замежнік, дзяржаўная кампанія, калі яны вырабляюць гэты від аўтамабіляў, усе яны могуць атрымаць ільготу, незалежна ад назвы: МАЗ, Geely, Opel або нехта яшчэ.

— Дарэчы, пра падатковыя льготы. Выкарыстанне іх для Парка высокіх тэхналогій дазволіла сапраўды развіць гэту галіну ў нас, але ў вашай кнізе погляд на ІT-сферу некалькі скептычны.

— Калі льгота дае станоўчы вынік, яе не варта кранаць. Давайце спачатку адменім ільготы, якія не даюць ніякага выніку, або маюць адмоўны. У выпадку з ПВТ вынік відавочны, хоць складана ацаніць: ён абумоўлены льготай або тым, што ІT-галіна расце сёння ва ўсім свеце? Тое, што вы назвалі скептычным поглядам, было згодай з думкай, прачытанай у біяграфічнай кнізе пра Ілана Маска (які вырабляе электрамабіль Tesla). Там напісана, што многія зараз накіроўваюць грошы ў ІT-сферу, хоць можна было б накіроўваць на тое, што магчыма памацаць рукамі, напрыклад, на вынаходніцтва міжгалактычных касмічных караблёў. ІT — сумніўны прагрэс, што ў выніку? Посцім фатаграфіі, лайкаем навіны з жыцця былых аднакласнікаў...

— Губляем час.

— Хоць маглі б стварыць нешта такое, што прынесла б рэальны эфект.

Роля насельніцтва

— У кнізе таксама падымаюцца пытанні пенсійнай рэформы і ЖКГ.

— Мы захавалі савецкую мадэль пенсійнай сістэмы, аднак за апошнія 25 гадоў дэмаграфічная структура ў краіне змянілася і працягвае змяняцца. Гэты аб'ектыўны працэс вымушае падстройваць пад людзей і пенсійную сістэму.

Што тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то, на жаль, мы не прывыклі сапраўды эканоміць ваду, святло, не адчуваем, што плацім за гэта. Але за гэта ўсё роўна плаціць дзяржава. Чалавеку трэба разумець, што ён жыве ў гэтай дзяржаве і бясплатна нічога не бывае.

— У кнізе чырвонай ніткай праходзіць думка, што не дзяржава павінна ацэньваць, наколькі эфектыўна выдаткаваны бюджэтныя грошы, наколькі якасна аказана дзяржаўная паслуга, а спажыўцы гэтай паслугі. Але ці здольны чалавек, хворы на парушэнне абмену рэчываў, ацаніць прапісаную яму дыету, асабліва пакуль вынікаў ён не бачыць, але псіхалагічна пакутуе ад абмежаванняў?

— Зразумела, спатрэбіцца час на тое, каб навучыцца гэта рабіць. Пачынаць трэба з мясцовага ўзроўню і паступова расці да рэспубліканскага. Калі я плачу ў мясцовы бюджэт падатак, то хачу ведаць, якім чынам мясцовыя ўлады гэтымі грашыма распарадзіліся, што яны зрабілі для задавальнення маіх патрэб. Калі на гэтыя грошы пабудавана новая дарога, то хачу ведаць, наколькі гэта паўплывала на аварыйнасць, якая ад гэтай дарогі карысць маёй мясцовасці. Калі ўлады вырашаюць патраціць гэтыя грошы так, а не інакш, яны павінны ўлічваць меркаванне спажыўца сваіх паслуг.

У выніку чалавек павінен асэнсаваць, што дзяржаўны бюджэт — гэта яго грошы.

— А механізм які?

— Сацыялагічныя апытанні. Напрыклад, Міністэрства транспарту прадстаўляе транспартныя паслугі. А насельніцтва не задаволена якасцю паслуг. Каб пра гэта даведацца, неабходны пэўны дыялог.

— У свой час сутыкнулася з тым, што дабірацца з сынам-першакласнікам у найбліжэйшую ад дому беларускамоўную гімназію вельмі нязручна. Пытанне са школьным аўтобусам, нягледзячы на тое, што гімназія збірала дзяцей з усяго мікрараёна, вырашыць не ўдалося. Прыйшлося цалкам пакласціся на сябе: вучыцца на кіроўцу і купляць машыну.

— Калі мы кажам пра нейкі канкрэтны выпадак, то павінна быць адрасная дапамога — напрыклад, тым сем'ям, якія не ў стане давозіць дзяцей самастойна. Але калі, умоўна кажучы, стаіць катэджны пасёлак з трохузроўневымі дамамі, у дварах якіх па тры машыны, то патрабаваць спецыяльна для такога пасёлка школьны аўтобус — не правільна.

— Якая роля СМІ у тым, каб насельніцтва заняло больш актыўную пазіцыю ў адносінах да размеркавання дзяржаўных выдаткаў?

— У кнізе прыведзены прыклад нямецкага эканаміста Людвіга Эрхарда, які штотыдзень выступаў з радыёзваротамі да насельніцтва Германіі і патрабаваў ад сваіх падначаленых, каб яны таксама ездзілі ў камандзіроўкі і тлумачылі, навошта праводзяцца рэформы. Калі гэта не рабіць, то неабходныя мерапрыемствы будуць для грамадства нечаканымі і яно іх не падтрымае.

Уваходжанне ў сусветную сістэму каардынат

— Як нарадзілася ідэя кнігі?

— Спачатку быў артыкул. Ён быў апублікаваны год таму ў «Белорусском экономическом журнале». Называўся: «Структурныя эканамічныя рэформы: неабходнасць для Рэспублікі Беларусь і замежны вопыт». З гэтага артыкула вырасла першая частка кнігі. Астатнія — з работ яшчэ 19 вучоных, якія бралі ўдзел у прыняцці тых або іншых дзяржаўных рашэнняў, рыхтавалі для гэтага адпаведныя даследаванні і давалі прафесійныя кансультацыі дзяржаўным органам. Даклады займаюць 2—3 старонкі, але за імі стаяць 200—300-старонкавыя даследаванні. Такія даследаванні ляглі ў якасці разваг у гэту кнігу.

— Значыць, кніга пісалася не за год?

— Думаю, па некаторых напрамках была праведзена не менш, чым трохгадовая работа.

— Раскажыце больш падрабязна пра іншых аўтараў «Фінансавай дыеты».

— Прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук Тамара Сарокіна напісала частку пра бюджэт. Яна прыцягнула спецыялістаў з БДЭУ, Нацыянальнай акадэміі навук, якія таксама працавалі над другім раздзелам кнігі.

Галоўнай рухаючай сілай па стварэнні трэцяй часткі стала загадчыца кафедры падаткаў і падаткаабкладання БДЭУ, доктар эканамічных навук Алена Кірэева. Супрацоўнікі яе кафедры, дактаранты, кандыдаты навук таксама ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы гэтай часткі.

Пытанні падатковай амністыі раскрыты беларусам — прафесарам Арызонскага ўніверсітэта Юрыем Церлюкевічам і яго камандай.

Пра рэфармаванне фінансаў сацыяльнай сферы пісалі прадстаўнікі недзяржаўных даследчых інстытутаў: Беларускага эканамічнага даследчыцка-адукацыйнага цэнтра BEROC і Даследчыцкага цэнтра ІПМ. Па пенсійнай рэформе ёсць цікавая глава, прысвечаная разліку змен нашых дэмаграфічных шэрагаў да 2100 года. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная мадэль, якую распрацавала таксама наша суайчынніца — прафесар з Вялікабрытаніі Кацярына Лісянкова. Гэту мадэль выкарыстоўваў урад Шатландыі.

Асаблівасць кнігі ў тым, што на яе старонках прадстаўлены вучоныя, якія глядзяць на нашу эканоміку з розных бакоў: з беларускай зямлі і з-за мяжы, іх погляды пры гэтм супадаюць, ды ўвогуле, навука — рэч універсальная і каштоўнасці ўніверсальныя, і падыходы.

— Аднак, спецыфіка ў беларускай эканомікі ёсць. Вы пішаце, што яна — у актыўнай ролі дзяржавы.

— Так, і ў сувязі з гэтым узнікае неабходнасць павышаць кампетэнцыю тых дзяржаўных служачых, якія прымаюць рашэнні. Наша эканоміка адкрытая і палова яе — дзяржаўная. А за мяжой эканоміка на 95% прыватная. Мы канкурыруем з прыватным капіталам, з іншымі краінамі, і каб не прайграць, трэба чытаць аднолькавыя кніжкі і размаўляць на адной мове. Каб супрацьстаяць, трэба быць у адной сістэме каардынат.

— Рэакцыя на кнігу ўжо ёсць?

— Кніга дастаткова вялікая (460 старонак), думаю, яе пакуль яшчэ чытаюць. У першыя дні продажу выкупілі амаль увесь тыраж (зараз дадрукоўваем). Нехта можа падумаць, што гэта нейкае паведамленне пра тое, як мы будзем цяпер жыць. Насамрэч, гэта проста матэрыял для разваг.

— Аднак жа, ёсць і надзея, што пасля разваг могуць пачацца дзеянні.

— Некаторыя кірункі ўжо выконваюцца. Мінфінам пачынае выкарыстоўвацца бюджэтаванне, арыентаванае на вынік. На гэта многія краіны пераходзілі па 3—5 гадоў. Яшчэ ў 2015 годзе былі ліквідаваны многія льготы па падатках. Разам з тым, пенсійная рэформа зараз яшчэ толькі абмяркоўваецца з грамадствам, хоць з пункту гледжання разлікаў, пытанне відавочнае. Змест кнігі знаходзіцца на стыку таго, што ўжо робіцца, і таго, чаго пакуль няма.

— Якія вашы прагнозы наконт беларускай эканомікі?

— Калі прадаўжаць аналогію, прыведзеную ў загалоўку кнігі, то калі пацыент не садзіцца на дыету, хвароба можа прагрэсіраваць. Дыета дапаможа нам перажыць складаныя часы: сабрацца з сіламі і аздаравіцца. Ідэальна было б як мага даўжэй яе прытрымлівацца. Калі правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця ўваходзяць у звычку, тады чалавек жыве даўжэй, хварэе радзей, больш грошай выдаткоўвае на адукацыю, больш зарабляе, больш увагі надае сям'і і ў выніку становіцца больш шчаслівы.

— Ці няма небяспекі адваротнага эфекту ад дыеты?

— Ёсць стары анекдот пра тое, як селянін вучыў каня галадаць і амаль навучыў, але конь здох. Гэта не пра наш выпадак, бо размова не пра галаданне, а пра рацыянальнае харчаванне: куды накіроўваць грошы. Грошы ёсць.

— Для каго кніга напісана?

— Яна разлічана на дзяржслужачых, якія прымаюць рашэнні, прапрацоўваюць іх. Але некаторыя часткі, думаю, будуць многім цікавыя. Стараліся напісаць яе даступнай моваю, у жанры бізнес-літаратуры нон-фікшн. Ды і цана ў яе атрымалася досыць дэмакратычная.

medvedeva@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Рацыянальнае харчаванне для эканомікі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Медыя

Міжнароднае радыё «Беларусь» адзначае юбілей

Міжнароднае радыё «Беларусь» адзначае юбілей

...Сваё 55-год­дзе між­на­род­нае ра­дыё "Бе­ла­русь" ад­зна­чае цал­кам у штат­ным пра­цоў­ным рэ­жы­ме.

Грамадства

Чаго баіцца работадаўца, калі бачыць чалавека з інваліднасцю?

Чаго баіцца работадаўца, калі бачыць чалавека з інваліднасцю?

Стэрэатыпы замінаюць знайсці работу людзям з інваліднасцю, а ў маладых і здаровых яе могуць адабраць робаты.

Грамадства

Беларускі дызайнер выпусціла адзенне для інвалідаў-калясачнікаў

Беларускі дызайнер выпусціла адзенне для інвалідаў-калясачнікаў

 Блогер Аляксандр АЎДЗЕВІЧ і дызайнер Кацярына ЦІКОТА распрацавалі калекцыю для калясачнікаў.

Грамадства

Матэматыка адваёўвае страчаныя пазіцыі

Матэматыка адваёўвае страчаныя пазіцыі

У сямікласнікаў зменшыцца колькасць гадзін на вывучэнне хіміі, затое павялічыцца на вывучэнне матэматыкі.