Вы тут

Засакрэчаныя раней дакументы спецатрада НКДБ Беларускай ССР «Баявы»


Дзелячыся поспехамі і няўдачамі дыверсійнай дзейнасці, апісваючы ўмовы ляснога жыцця і ўзаемаадносіны паміж сабой, байцы атрада нават і падумаць не маглі, што ствараюць унікальную хроніку. Не ўяўлялі і таго, што гэтыя, напісаныя ў беларускіх лясах, часам на абарваных аркушыках, радкі стануць каштоўнымі дакументамі, якія адлюстроўваюць малавядомыя факты з жыцця байцоў спецатрадаў НКДБ БССР у тыле ворага на тэрыторыі акупаванай Беларусі.


Схе­ма ба­я­вых дзе­ян­няў спец­атра­да «Ба­я­вы» ў ты­ле во­ра­га з 6-7 кра­са­ві­ка 1942 го­да па 20 чэр­ве­ня 1944 го­да.

Спецатрад «Баявы» быў сфарміраваны ў кастрычніку 1941 года. Укамплектаваны трыццаццю найлепшымі стралкамі з 1-й асобнай мотастралковай брыгады асаблівага прызначэння, а таксама 14 рабочымі і служачымі абаронных прадпрыемстваў Масквы, дзейнічаў на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і Міншчыне. Разведгрупы «Баявога» вялі разведку і на часова акупаваных тэрыторыях Расіі, Літвы і Латвіі. Многія дагэтуль служылі ў Чырвонай Арміі, таму на навучанне ваеннай справе стралкоў-снайпераў, мінамётчыкаў, сувязістаў і падрыўнікоў час не марнавалі.

Першапачаткова падраздзяленні брыгады былі арыентаваны на абарону цэнтра Масквы і Крамля ад уварвання і захопу найважнейшых аб'ектаў асобай камандай СС «Масква». Але 21 лютага 1942 года спецатрад пад камандаваннем малодшага лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі Анатоля Гарачава пакінуў сталіцу. Рыштунак кожнага з улікам узбраення і боепрыпасаў складаў каля 50 кілаграмаў. Менавіта ў такім абмундзіраванні, пераадолеўшы больш за 700 кіламетраў на лыжах, атрад перайшоў лінію Заходняга фронту.

Друкаваная праўда

Як толькі байцы апынуўся ў тыле ворага, партыйна-камсамольская арганізацыя наладзіла выпуск друкаванай прадукцыі. З лютага 1942 года па ліпень 1944 года выйшла 290 баявых лісткоў і 19 атрадных насценгазет, а пазней — часопісаў «Детонатор». На друкаваных старонках не толькі распаўсюджваўся франтавы вопыт найлепшых разведчыкаў, дыверсантаў, байцоў і камандзіраў падраздзяленняў. Аўтары расказвалі і пра нядбайныя ўчынкі асобных людзей, жартавалі з непрыстойных паводзінаў байцоў.

Баявыя лісткі і насценгазета заўсёды чыталіся з вялікай цікавасцю. Сакратар партыйнай арганізацыі Сцяпан Шчатнёў, а таксама члены атрада Сяргей Кустаў і Канстанцін Шадурскі імкнуліся не толькі стылістычна апрацаваць матэрыялы, а і праілюстраваць іх. Толькі не ўсе байцы маглі ўбачыць часта камічныя шаржы на сваіх калег. Знаходзячыся ў адрыве ад асноўнага месца дыслакацыі, яны не былі ў курсе і апошніх навін атрада. Таму перайшлі да выпуску часопіса, які дзякуючы сувязным распаўсюджваўся ва ўсе падраздзяленні «Баявога».

Як на падбор!

Аўтары часопіса часта падкрэслівалі шматнацыянальнасць свайго падраздзялення. І сапраўды, у невялікім атрадзе колькасцю ў 44 чалавекі з ворагам змагаліся прадстаўнікі 12 нацыянальнасцяў!

«І трэба сказаць, што нашы атрадныя ўкраінцы, беларусы, татары, башкіры і іншыя б'юць немцаў нядрэнна, — піша камандзір атрада ў артыкуле «За баявую дружбу». — Беларус Валодзя Куксёнак — сын дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, расстралянага немцамі, верны сын свайго народа, — прыйшоў у атрад помсціць немцам за бацьку і за свой беларускі народ, які стогне пад нямецкім ботам. 8 нямецкіх эшалонаў, спушчаных Валодзем пад адхон, — нядрэнная помста нямецкім мярзотнікам».

На баявым рахунку яўрэя Мікалая Румака, у якога ўся сям'я загінула ад рук фашыстаў, — 7 узарваных чыгуначных труб, 9 знішчаных чыгуначных мастоў, 2 спушчаныя пад адхон эшалоны, адзін браняпоезд і некалькі немцаў. Башкір Ваня Сандрыгос, які ўцёк з нямецкага палону, узарваў 3 масты і 4 эшалоны, знішчыў 2 прадпрыемствы, што працавалі на гітлераўцаў. «Украінец Васіль Казлоў помсціць ворагу на палях Беларусі. 4 эшалоны, а з імі не адна сотня фрыцаў, ляцяць пад адхон, атрымаўшы ад Васіля пуцёўкі на той свет. Гэта Васіль, стоячы на дзвюх засадах, са свайго ручнога кулямёта косіць нямецкіх галаварэзаў».

Усе байцы спецатрада былі як на падбор. Адчайныя і смелыя, яны браліся за выкананне самых складаных задач, рызыкавалі і ўмелі выходзіць з вельмі няпростых сітуацый.

Найлепшая пахвала і найвялікшая абраза

Пра тое, што дух братэрства і баявога сяброўства народаў у атрадзе быў не пустым словам, сведчыць і такі эпізод. З блакады ў Казьянскіх лясах байцы выходзілі з цяжка параненым таварышам. Неслі яго ў выключна складаных умовах: праз рэкі, балота і бальшакі, прапаўзаючы ўздоўж гарнізонаў і пастоў праціўніка. За адну ноч літаральна пад носам у немцаў галодныя і стомленыя партызаны прайшлі з параненым 50 кіламетраў!

«Асабліва варта адзначыць камандзіра групы Пракоп'ева, які, нягледзячы на нараканні некаторых незадаволеных і прапановы пакінуць параненага ў насельніцтва, рашуча адхіліў гэтую прапанову і настойліва накіраваўся да базы», — хвалілі ў часопісе камандзіра. А побач пайменна пералічвалі тых, хто хацеў пакінуць таварыша ў бядзе.

Публічная ганьба, пад якую нярэдка адводзілі не адзін аркуш часопіса, прыраўноўвалася да найвялікшай абразы. Варта байцу было даць адступную падчас баявога задання, павесці сябе непрыстойна ў дачыненні да таварышаў або трапіць камусьці на вочы ў нецвярозым стане, як тут жа на яго з'яўляўся сапраўдны фельетон.

Імяніны па-партызанску

У адным з артыкулаў расказваецца, як група байцоў пасля двух паспяхова выкананых заданняў святкавала 18-годдзе байца Шаркевіча. «Камандзір групы Казачонак прапанаваў адзначыць маё маленькае свята выкананнем баявога задання на чыгунцы, — піша імяніннік. — Гэтая прапанова ўсім спадабалася, і ў ноч на 17 кастрычніка мы замініравалі чыгунку П-М. Камандзір групы дазволіў ставіць міну мне асабіста. Заданне мы выканалі».

Увогуле партызаны ахвотна дзяліліся з любімым часопісам паспяхова праведзенымі дыверсіямі. Каб перасягнуць свайго таварыша ў справе, байцы адзін за адным браліся за выкананне авантурных задач. Газетчыкі толькі паспявалі іх занатоўваць: «...Чуем, рухаецца другі эшалон. Андрэеў прыспешвае, а то зноў не паспеем. Я спыняю яго, даю вытрымку. Бачу агонь цягніка, падаў каманду рукой «Уперад!»... Раптам выбух, і ўсе ажыўлена і радасна загаварылі. Заданне выканана на трэці дзень. Нямецкі эшалон узарваны нашай мінай». «Мініраванне было здзейснена ноччу з 23 на 24 красавіка, а раніцай 24 красавіка, а 10-й гадзіне, адбыўся выбух. Яшчэ адзін нямецкі эшалон знайшоў сабе магілу на беларускай зямлі». «Не паспела першая машына зраўняцца з мінёрамі, як пачуліся аглушальны выбух і адначасова знішчальны агонь кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак. Калі машыны сталі, ударная група, закідаўшы іх гранатамі, кінулася на бальшак».

Накарміць і апрануць

У атрадзе разумелі, што для таго, каб група паказвала добрыя вынікі, трэба стварыць адпаведныя ўмовы жыцця. У першую чаргу гэта тычылася харчавання. Вось што пісаў у артыкуле «Аб жыцці групы» старшына групы Вішнякоў: «Калі ж вас не задавальняюць прадукты, атрыманыя са склада, то кожнае аддзяленне пасля вяртання з задання можа нарыхтаваць для сябе неабходныя прадукты. Але не трэба расходаваць іх без карысці. Трэба іх берагчы, бо рабіць нарыхтоўкі не так лёгка. У нарыхтоўках павінны праяўляць ініцыятыву ўсе байцы і камандзіры».

Турбавала кіраўніцтва спецатрада і тое, якім чынам байцы перазімуюць. «...Мы ўжо цалкам забяспечылі групу цёплым адзеннем, дасталі матэрыялы для маск-халатаў і аддалі ў пашыўку. Прыступілі да вырабу лыж. Пры нарыхтоўках наша група не парушыла правільнага ўзаемадзеяння з насельніцтвам», — паведамляецца ў адным з артыкулаў.

Лекі — на вагу золата

Калі з харчаваннем і вопраткай у атрадзе было ўсё нармальна, то хварэць байцам было непажадана: лекаў катастрафічна не хапала. «У практыцы нашага баявога партызанскага жыцця сустракаюцца ўсе магчымыя выпадкі захворвання, і пры кожным з іх санітарная часць рэагуе, — паведамляецца ў часопісе. — Вялікім недахопам нашай работы з'яўляецца амаль поўная адсутнасць медыкаментаў. Мы не маем аспірыну, марганцавакіслага калію і іншых медыкаментаў, а патрэба ў іх вельмі вялікая. Толькі апошнія паўмесяца мы атрымалі перавязачны матэрыял з парашутаў, а раней з простымі перавязачнымі матэрыяламі становішча было такім жа, як са стэрыльнымі бінтамі — дзе кожны бінт цэніцца на вагу золата».

Вось якія рэкамендацыі дае медсястра Грыжневіч: «Хворы на маршы — тормаз для манеўранасці атрада, а адпаведна, кожны з нас павінен турбавацца пра сябе, турбавацца аб сваім здароўі. Асабліва трэба сачыць за захаваннем сваіх ног, за пачынкай свайго абутку, бо ногі ў паходзе байца маюць вялікае значэнне. Кожны баец павінен выконваць і пітны рэжым...»

Акрамя рэкамендацый аб здаровым ладзе жыцця, нагадвалі ў друку байцам і пра элементарныя правілы на маршы. Напрыклад, нельга было нават на адну хвіліну адлучацца без дазволу камандзіра. Катэгарычна не дазвалялася заходзіць у хаты і піць без каманды ваду. А таварышам, якія адставалі, трэба было дапамагаць, выконваць каманды — без шуму і крыкаў.

Партызанскія жарты

Здольныя былі байцы і на жарты. Як жа яшчэ бавіць час паміж дыверсіямі? Дзякуючы найбольш дасведчаным, якія перадавалі партызанскія байкі ў лясную рэдакцыю, настрой падымаўся ледзь не ва ўсім атрадзе.

«Шукаю кандыдата на пост гаўляйтэра Беларусі. Забяспечваю бясплатны праезд да Мінска і пахаванне за кошт дзяржавы. Гітлер», — жартавалі партызаны. Або «прызначаецца конкурс па пераводзе рацыі на харчаванне супам з агульнага катла. За самы лепшы праект прызначана прэмія — бясплатны праезд на цягніку па лініі Полацк — Маладзечна». Ці так — «куплю па сходнай цане барометр, які заўсёды паказвае добрае надвор'е».

Панаваў у атрадзе і, як той казаў, чорны гумар. «Заходзіць у пакой нашай кухні рызыкоўна, бо памочнік кухара т. Чарнышоў часам сваю працу сумяшчае са стральбой, — пішуць партызаны. — Першы стралковы занятак т. Чарнышова адбыўся 20/V ... (у столь міма галавы кухара). Дзень наступнага стралковага практыкавання невядомы, таму рэкамендуецца ўсім чытачам, перш чым пераступіць парог нашай кухні, спытаць у Чарнышова, ці не збіраецца ён чысціць сваю вінтоўку».

Былі партызаны і празарліўцамі. Хоць асаблівага дару прадбачання і не трэба было, каб пісаць, што «Гітлер — гэты тэрмін увойдзе ў гісторыю як намінальнае імя для абазначэння азвярэлага тупога садызму, чалавеканенавісніцтва, пачуцця мярзоты, гадлівасці і пагарды. Гэта сімвал подласці для чалавека нашай эпохі. Што можа быць больш нізкім і цынічным, чым Гітлер? Аб прыгожым можна шмат пісаць, подлае можна выказаць адным словам — Гітлер».

Хвіліны роспачы

Вельмі байцы гаравалі, калі таварышы не вярталіся з задання: «Па радыё мы даведаліся пра тое, што 11 мая 1944 года загінуў у баі з белапалякамі малады патрыёт нашай краіны Коля Бабіч. ...Няхай памятаюць фашысты, што кожная наша страта толькі ўзмацняе нянавісць да іх, гуртуе нас яшчэ мацней у нашай баявой сям'і, яшчэ больш усяляе ў нас упэўненасць у хуткай жорсткай, крывавай, бязлітаснай адплаце, у поўнай перамозе над фашысцкай сволаччу».

«Вельмі цяжка змірыцца з тым, што сярод нас больш няма Валодзі, — піша камандзір разведкі Рыбакоў. — Яму было 20 гадоў. Адно задавальненне было працаваць і жыць з нашым Валодзем. 4 пушчаныя пад адхон варожыя эшалоны, 7 спаленых мастоў і дзясяткі розных іншых дыверсій сведчаць і пра яго баявы дух, і нянавісць да ворага. Ён узарваўся пры мініраванні бальшака: нейкая неасцярожнасць, промах згубіў яго...»

***

За перыяд баявых дзеянняў спецатрад 31 раз уступаў у адкрытыя баі з праціўнікам, арганізаваў 38 дыверсій, у выніку якіх было забіта і паранена звыш 2200 салдат і афіцэраў ворага, 72 узяты ў палон. У ходзе дыверсійнай дзейнасці байцам «Баявога» ўдалося разбіць і пашкодзіць
102 паравозы, 1058 чыгуначных вагонаў і платформаў, спусціць пад адхон 125 эшалонаў, узарваць 53 шашэйныя і 25 чыгуначных мастоў, знішчыць 88 прадпрыемстваў і 16 складоў праціўніка, 113 варожых аўтамашын, 8 танкаў і 3 бронемашыны, разбурыць больш як 9500 метраў чыгуначна-дарожных шляхоў і 6180 метраў ліній тэлеграфна-тэлефоннай сувязі. Выканаўшы пастаўленыя задачы, спецатрад НКДБ БССР «Баявы» 20 ліпеня 1944 года злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі.

І каб не партызанскі друк, то і ведалі б пра поспехі атрада толькі ў лічбавым эквіваленце.

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Геройскія маршы і жыццёвыя байкі «Баявых»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.