Вы тут

У музеі гісторыі ВАВ адкрылася выстаўка «Зброяй сатыры»


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайныадкрылася выстаўка «Зброяй сатыры».

У экспазіцыі прадстаўлена звыш 150 арыгінальных прадметаў з фондаў музея. Плакаты, газетна-часопісная сатырычная графіка, насценныя газеты і замалёўкі партызанскіх мастакоў у жанрах палітычнай і бытавой сатыры — з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагаліся і на творчым фронце. Узброеныя вострым словам і трапным малюнкам, пісьменнікі і мастакі ранілі гітлераўцаў падчас мацней, чым куляй.


Ку­ра­тар вы­стаў­кі На­тал­ля ФІ­ЛІ­ПО­ВІЧ: «Мно­гія ра­бо­ты бы­лі ство­ра­ны  лі­та­раль­на ў ако­пах».

 

Сапраўдным выбухам стаў для апошніх выхад агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», які ўбачыў свет 5 ліпеня 1941 года ў Гомелі. Некалькі разоў мяняючы сваю «прапіску», сатырычнае выданне мабілізоўвала ўсіх на барацьбу з ворагам. З яго старонак да чытачоў звярталіся вядомыя мастакі, такія выдатныя пісьменнікі, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Анатоль Астрэйка і іншыя. Захавалася ўнікальная хроніка, на якой славутыя «раздавілаўцы» — так называлі супрацоўнікаў агітплаката — ствараюць чарговы нумар у творчым цэху ў далёкай Маскве, дзе ўжо газета-плакат выдавалася ў 1942 — 1943 гадах.

Усяго ўбачылі свет 142 выпускі «Раздавім фашысцкую гадзіну». Найбольш цікавыя і яркія з іх прадстаўлены ў экспазіцыі. Тут можна ўбачыць і нумар, у якім апублікавана «Малая партызанская энцыклапедыя», дзе на кожную літару пісьменнікі і мастакі падбіралі трапнае слова і не менш востры малюнак.

Упрыгожвалі «Раздавім фашысцкую гадзіну» малюнкі і карыкатуры Анатоля Волкава, сына вядомага мастака Валянціна Волкава, якога многія ведаюць па карціне «Мінск 3 ліпеня 1944 года». Менавіта яго карыкатура адкрывае першы нумар агітплаката і закрывае апошні, які ўбачыў свет напярэдадні Дня Перамогі.

— Калі пачалася вайна, далёка не ўсе мастакі маглі пакінуць палаючы Мінск, — успамінае сын карыкатурыста, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей ВОЛКАЎ. — Мой бацька з сям'ёй разам з бежанцамі за 25 і 26 чэрвеня дабеглі да Барысава. У горадзе ўжо быў нямецкі танкавы дэсант. Прыйшлося вяртацца ў Мінск. Сталіца гарэла. Наш дом, які знаходзіўся на вуліцы Мопраўскай (цяпер Камуністычная), згарэў цалкам. Нашу сям'ю, бацькоў і траіх дзяцей, прытуліла сям'я мастакоў. Усе гады акупацыі мы пражылі ў Мінску.

У Мінск рэдакцыя ўжо часопіса «Раздавім фашысцкую гадзіну» пераехала ў верасні 1944 года, а з жніўня 1945-га ён стаў выходзіць як сатырычна-гумарыстычны часопіс «Вожык». Малюнак Анатоля Волкава, на якім чырвонаармеец, як пастаянны персанаж «Раздавім фашысцкую гадзіну», перадае эстафету вожыку, захоўваецца і сёння.

Разам з «Раздавім фашысцкую гадзіну» на ідэалагічным фронце змагалася з ворагам і «Партызанская дубінка». Сатырычны часопіс, месца выдання якога ніколі не ўказвалася, друкаваўся на 8 аркушах. Выйшла ўсяго 19 нумароў. Толькі некалькі разоў да свайго чытача трапіла і выданне Заходняга фронту «Фронтовой юмор», у якім рэзкія вершы і смелыя карыкатуры выкрывалі хлуслівую палітыку фашыстаў, заклікалі насельніцтва далучыцца да ўсенароднай барацьбы.

Прапагандысцка-агітацыйную функцыю ў гады Вялікай Айчыннай вайны выконваў і плакат. У музеі налічваецца каля 500 плакатаў, якія былі створаны ў гады ваеннага ліхалецця. Самыя ўнікальныя прадметы калекцыі — плакаты з серыі «Вокны ТАСС», якія ў 1970 годзе ў музей перадалі славутыя мастакі Кукрыніксы, — не абміне нават самы няўважлівы наведвальнік выставы. Вялікія плакаты ў форме сапраўдных вокнаў ствараліся з дапамогай праразных трафарэтаў з дапамогай гуашы і ілюстравалі сабой зводкі Саўінфармбюро. Маскоўскія мастакі Міхаіл Купрыянаў, Парфірый Крылоў і Мікалай Сакалоў аператыўна рэагавалі на ўсе падзеі на фронце і ў партызанскіх атрадах. Літаральна на наступны дзень пасля атрымання навін на вуліцах Масквы з'яўляўся чарговы плакат. Такія ж «вокны» можна было ўбачыць і ў іншых гарадах Савецкага Саюза.

— Кукрыніксы любілі выкарыстоўваць у сваіх плакатах крылатыя выразы, прымаўкі і прыказкі, якія часта перараблялі на свой манер, — расказвае загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Галіна ПАЎЛОЎСКАЯ. — Напрыклад, «Аттестат зрелости» або «Руки по швам». А знакаміты плакат «Долг платежом красен» з'яўляецца найлепшым плакатам партызанскай тэматыкі. Часам трапныя радкі да ілюстрацый пісаў Самуіл Маршак. Наклад найбольш паспяховых плакатаў даходзіў да 2 тысяч экзэмпляраў!

Як і Кукрыніксы, асабістым ворагам Гітлера лічыўся Барыс Яфімаў. Вядомы карыкатурыст на працягу ўсёй вайны маляваў гітлераўскіх ваякаў і паказваў іх, вядома, не з лепшага боку. А мастак Віктар Дэні ўвогуле маляваў толькі фюрэра, фізіяноміі якога залежалі ад палітычных падзей на фронце. Сам Дэні казаў: «Плакат павінен быць ясным і простым. Плакат — гэта страла, маланка да падсвядомасці гледача...»

Савецкія мастакі падключыліся да барацьбы з ворагам з першых месяцаў вайны. 900 з іх прызвалі ў Чырвоную Армію. Мастак Дзмітрый Красільнікаў, які пазней стаў галоўным мастаком газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а пасля вайны праілюстраваў многія творы беларускіх аўтараў, увогуле на фронт пайшоў добраахвотна. Той жа мастак Леанід Бойка, змагаючыся ў партызанскай брыгадзе «За Радзіму» Мінскай вобласці, у вялікай колькасці малюнкаў расказваў пра дыверсіі партызанаў, іх побыт. Многія створаныя ў акопах замалёўкі пасля вайны сталі сапраўднымі карцінамі.

— А такіх партызанскіх мастакоў, як Мікалая Абрыньбу і Мікалая Гуціева, увогуле можна назваць героямі, — лічыць куратарка выставы, вядучы навуковы супрацоўнік музея Наталля ФІЛІПОВІЧ. — Першую сваю выстаўку творцы арганізавалі менавіта ў партызанскім атрадзе. Той жа Мікалай Абрыньба ва ўмовах партызанскага побыту напісаў 8 мастацкіх палотнаў. Адно з іх — «Бой за Пышна», створаны ў маі-чэрвені 1943 года. Героі карціны загінулі ў баі за Пышна. Усе яны пайменна ўвекавечаны і на адваротным баку карціны.

Энцыклапедыю жыцця і барацьбы народных мсціўцаў таксама складаюць баявыя лісткі і насценныя газеты. Своеасаблівай справаздачай дзейнасці магілёўскіх партызанаў стала работа Зосіма Шкляра, які на сшытай з двух кавалкаў прасціне расказаў аб здзейсненых дыверсіях. Гэтыя вялікія лічбы, якімі вымяралася колькасць знішчаных гарнізонаў, мастоў, рэек, эшалонаў, тэхнікі і жывой сілы праціўніка, аздоблены адпаведнымі малюнкамі. Па словах спецыялістаў, работа выканана рэдкай тэхнікай пісьма — сухім пэндзлем. Каб паглядзець, на што яшчэ былі здольныя партызанскія майстры, трэба наведаць выставу.

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Партызанскі вернісаж

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.