21 верасня, панядзелак

Вы тут

Грып: хто недаацэньвае, той прайграе


Калі вы зараз вельмі пакутуеце ад страху перад грыпам, адкажыце сабе, калі ласка, на пытанне: чаму я не прышчапіўся гэтай восенню?! Гэта будзе лепшым урокам і спробай пераасэнсаваць свае паводзіны ў наступныя гады. На шчасце, 42 працэнты беларусаў вакцынаваліся, і гэта вельмі важна для таго, каб сітуацыя з сезоннай захваральнасцю па грыпе заставалася пад кантролем. Цяпер і расійскія СМІ кажуць аб тым, што не зашкодзіла б пераняць вопыт...

І сапраўды: вакцынацыя застаецца пакуль адзінай эфектыўнай мерай абароны ад грыпу. Не ад усіх вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, а толькі ад вірусаў грыпу. Гэта не азначае, што прышчэплены ў прынцыпе не захварэе пры сутыкненні з вірусам, але ён можа пазбегнуць той жа пнеўманіі, якая і павышае верагоднасць лятальнага канца.

Што яшчэ трэба ведаць пра грып? Тлумачыць кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля ГРЫБКОВА.


Рабіць «што-небудзь» — сабе даражэй

Штогод прыкладна ў канцы студзеня ў нашых шыротах пачынаецца ўздым так званай сезоннай захваральнасці. Вірусы нікуды не знікаюць і летам, але зімой ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для іх атакі — мы менш бываем на свежым паветры, дый вітамінныя запасы «зношваюцца». Часцей за іншых хварэюць дзеці, пажылыя, цяжарныя, людзі з лішняй вагой, цукровым дыябетам і іншымі цяжкімі хранічнымі захворваннямі. Але ў групу рызыкі могуць залічыць сябе... усе, хто знаходзіцца пад уздзеяннем стрэсу. Такое ўздзеянне істотна аслабляе арганізм, і той зусім лёгка здаецца вірусам.

Калі вы сустрэліся з вірусам, а ў крыві няма абарончых антыцелаў, то вы захварэеце. Антыцелы могуць быць толькі калі вы перахварэеце або зробіце прышчэпку. Вірус грыпу мяняе «твар» кожны год, а таму калі вы хварэлі летась, цалкам можаце захварэць і сёлета. Вось чаму і прышчэпкі трэба рабіць штогод. Той, хто вырабляе вакцыны, імкнецца прадугледзець абарону ад усіх актуальных грыпозных вірусаў.

Ніякіх народных сродкаў і нават лекаў з даказанай прафілактычнай эфектыўнасцю не існуе. Пачаць загартоўвацца, ужываць гародніну і мяса, не курыць і вытрымліваць элементарныя правілы гігіены — усё гэта аказваецца непасільным для нашага чалавека. А вось прыйсці ў аптэку і накупіць «хіміі» (дарэчы, не таннай) — гэта па-нашаму. Падобная практыка стабільна не спрацоўвае, людзі хварэюць, але год за годам не вучацца на памылках. Можа быць, канкрэтна вам дапамагаюць гэтыя пілюлі — на здароўе, самаўнушэнне наогул вельмі дзейсная рэч. Але не факт, што вам не дапамог бы і журавінавы морс.

Перадача віруса адбываецца ад аднаго чалавека другому. Вось чаму адна з першых рэкамендацый — пазбягаць людных месцаў. Лепей прайсці пешшу, чым ехаць у перапоўненым транспарце; лепей адмовіцца ад пакупкі, чым стаяць у чарзе. Прынцып зразумелы.

Ці насіць маску? Па-першае, здароваму чалавеку яна можа спатрэбіцца, хіба, падчас догляду хворага. Але маску найперш трэба надзець на самога хворага — каб ён з чханнем і кашлем выдзяляў у наваколле менш сліны, у кропельках якой багата віруса, да таго ж, у вадкай «капсуле» ён выдатна захоўваецца.

Рот, нос, вочы, рукі — сачыце за імі. Не дакранайцеся да твару, пакуль не вымылі рукі з мылам.

Праз рот, нос і вочы вірус імгненна трапляе ў арганізм і пачынае наводзіць свае парадкі ў ім.

Чхайце ў локаць, а не ў далоні. Часцей мыйце, працірайце рукі (звычайным мылам, дэзынфіцыруючымі сурвэткамі). Павіталіся за руку — ідзіце мыць.

Тэмпература паветра ў памяшканні павінна быць каля 20 градусаў, вільготнасць — 50-70 працэнтаў.

Вірусы гадзінамі ўяўляюць пагрозу ў цёплым, сухім памяшканні, але разбураюцца амаль імгненна ў халаднаватым, вільготным паветры, якое не «застойваецца».

Падчапіць вірус на працы — на раз-два, а на вуліцы нерэальна. Так што смела і без маскі дыхайце паветрам падчас прагулкі, а дома і на працы рэгулярна праветрывайце памяшканні. Мыйце падлогу, карыстайцеся ўвільгатняльнікамі паветра.

Калі слізістая носа перасохне, гэта парушыць работу нашага мясцовага імунітэту, і вірусы з лёгкасцю пераадолеюць гэты бар'ер. У верхніх дыхальных шляхах пастаянна ўтвараецца слізь, якая абараняе нашы слізістыя абалонкі. Перасушыць нашу слізістую можа не толькі сухое паветра, але і некаторыя лекі. У любым выпадку ўвільгатняйце слізістыя абалонкі. Калі ў вас ёсць свабодны флакон-пырскалка (з-пад сасудазвужальных кропель, напрыклад), зрабіце раствор (1 ч. л. звычайнай кухоннай солі на 1 л гатаванай вады), заліце ў гэты флакон і пырскайце хоць кожныя 10 хвілін, калі вакол вас вельмі шмат людзей. Пры з'яўленні насмарку, дарэчы, можна выкарыстоўваць больш салёны раствор. Можна набыць у аптэцы і гатовы фізіялагічны раствор або салявыя растворы для носа. Самаробным салявым растворам апаласквайце хоць бы двойчы ў суткі ротавую поласць. Не забывайце, што ў якасці прафілактыкі дапаможа «аксалінавая мазь» (беларускі аналаг «бораментол»), пры першых прыкметах дрэннага самаадчування — «лейкацытарны інтэрферон» (карыстацца ім неабходна строга па інструкцыі).

Калі ўжо захварэлі

Фактычна адзіным прэпаратам, здольным разбурыць вірус грыпу, з'яўляецца азельтамівір (камерцыйнае імя «таміфлю», беларускі аналаг — «флустоп»). Ужываць яго як каму ўздумаецца нельга. Па-першае, не мае сэнсу пры адсутнасці сімптомаў захворвання, па-другое, бескантрольнае прымяненне прэпарату можа спрыяць з'яўленню ўстойлівых да яго вірусаў грыпу. Азельтамівір прымяняюць у першыя 48 гадзін ад моманту з'яўлення сімптомаў грыпу тады, калі захворванне працякае цяжка, або калі лёгка хварэе чалавек з групы рызыкі — словам, ужываць прэпарат можна толькі пад наглядам урача, а часам яшчэ і шпіталізацыя патрабуецца.

Няўжо няма ніякай чароўнай пілюлі? Калі ўрач асабіста вам не прызначыў, значыць, для вас такой пілюлі яшчэ не вынайшлі. Лячэнне грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый — гэта вашы правільныя паводзіны ў дачыненні да ўласнага арганізма, а не глытанне «хіміі».

Лячэнне простае, несакрэтнае, як бы вам ні хацелася ўскладніць гэты шлях.

  1. У памяшканні, дзе вы хварэеце, павінна быць халаднавата і вільготна. Тэмпература паветра — лепей +16, чым 22, вільготнасць — лепей 80, чым 30%.
  2. Не прымушайце сябе есці, хворае дзіця — тым больш (дзяцей наогул нельга прымушаць есці!). Дастаткова лёгкіх страў.
  3. Піць трэба не проста многа, а вельмі многа. Што захочаце, тое і піце, аднак пачынайце з кампоту, морсу, чаю, адвару з сухафруктаў. У аптэках прадаюцца гатовыя растворы (кшталту «рэгідрону», «гастраліту»). Развядзіце па інструкцыі і піце/паіце.
  4. У нос пырскайце/капайце салявыя растворы.
  5. Калі вырашылі змагацца з тэмпературай, то з дапамогай парацэтамолу, ібупрафену.

Што вам не трэба?

Ставіць банкі, ляпіць гарчычнікі, мазацца спіртам ці тлушчам, ужываць алкаголь, аспірын, прыгнятаць кашаль або ўзмацняць яго.

Калі абавязкова трэба звярнуцца да ўрача?

Да ўрача трэба звяртацца заўсёды — гэта аксіёма. Але слова «абавязкова» якраз указвае на тое, што нашаму чалавеку любая аксіёма — не ўказ. Так што абавязкова, калі:

  • няма паляпшэння на чацвёрты дзень;
  • на сёмы дзень захоўваецца высокая тэмпература;
  • стан пагоршыўся пасля таго, як палепшыўся;
  • з'явіліся задышка, цяжкае дыханне, узмацніўся кашаль, пасля глыбокага ўдыху ўзнікае новы прыступ;
  • парацэтамол і ібупрафен амаль не дапамагаюць пры павышэнні тэмпературы;
  • сутаргі, страта прытомнасці;
  • любы боль, сып на целе;
  • боль у горле без насмарку;
  • галаўны боль з ванітамі;
  • ацёчная шыя;
  • тэмпература вышэй за 39 градусаў не зніжаецца праз 30 хвілін пасля прымянення гарачкапаніжальнага сродку;
  • высокая тэмпература разам з бледнасцю скуры, дрыжыкамі.

На абароне арганізма

Калі ў арганізма ўстойлівы імунітэт, то мікробы і вірусы не могуць пранікнуць у яго і распаўсюдзіцца ў ім. Органы і клеткі імуннай сістэмы рассеяныя па ўсім целе і звязаныя паміж сабой крывяноснымі і лімфатычнымі сасудамі. Галоўныя наглядальнікі за парадкам — макрафагі і лімфацыты — утвараюцца ў касцявым мозгу. Лімфацыты дзеляцца на дзве групы. В-лімфацыты, прымітыўна кажучы, абараняюць арганізм ад бактэрый і прасцейшых і іх таксінаў. Т-лімфацыты ўключаюцца, калі нам пагражае вірусная атака, яны ж разбураюць клеткі пухлін або донарскіх трансплантатаў.

Па суседстве

Крытычная сітуацыя склалася ва Украіне, дзе памерла больш за 60 чалавек, у шэрагу абласцей уведзены каранцін, а ў Кіеве нават дэзынфіцыруюць грамадскі транспарт. Расійскіх мытнікаў на расійска-ўкраінскай мяжы навучылі выяўляць захварэлых, падазроных нават правяраюць з дапамогай цеплавізараў.

У Маскве і шэрагу расійскіх рэгіёнаў аб'яўлена эпідэмія грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, на прадпрыемствах аб'яўлены каранцін. Ад наступстваў грыпу загінулі больш за 100 чалавек, якія, як сцвярджаецца ў СМІ, позна звярнуліся па ўрачэбную дапамогу. Спад захваральнасці чакаецца ў лютым. У асноўным жыхары Расіі хварэюць штамам віруса так званага свінога грыпу A(H1N1). Гэта той штам, ад якога прапаноўвалася вакцынацыя гэтай восенню. У суседняй краіне вакцынацыя не дасягнула такога ўзроўню, як у нас. Нашы спецыялісты сцвярджаюць, што менавіта прышчэпкі дапамагаюць сітуацыі заставацца стабільнай, а колькасці выпадкаў грыпу — нешматлікімі.

Ворагі і сябры

Лічыцца, што імунітэт здольныя падкасіць стрэсы, хранічная стомленасць, незбалансаванае меню, дэфіцыт вітамінаў і мікраэлементаў.

Звярніце ўвагу на дастатковую колькасць магнію. Ужывайце мінеральную ваду, бабовыя, гародніну, морапрадукты, грэцкія арэхі, фундук, міндаль, цэльназерневыя кашы (грэчка, проса, пярлоўка, карычневы рыс, авёс).

Для папаўнення запасаў цынку нам неабходныя белае і чырвонае мяса, рыба, яйкі, морапрадукты (з раслін цынк засвойваецца дрэнна).

Не забывайцеся на тлустую рыбу, гранаты, часнок, чабор, грыбы шыітаке, разнастайныя фрукты і гародніну, чай, горкі шакалад.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.