Вы тут

Ці можа дзяўчына з райцэнтра стаць топ-мадэллю?


Паказы Prada і Armanі, кантракт з мадэльным агенцтвам Нью-Ёрка, вокладка Vogue — вось далёка не поўны спіс дасягненняў беларусак. Якія тыпажы сёння запатрабаваныя і ці можна спадзявацца толькі на знешнасць, у інтэрв'ю «Звяздзе» расказала Ніна ДРАКО, дырэктар подыум-школы і рэжысёр-пастаноўшчык Студыі модыСяргея Нагорнага.


— Пачнём адразу з галоўнага. Як становяцца «зоркамі»?

— «Зорны» чалавек у любой прафесіі апрыёры разумны, цярплівы, працаздольны, удачлівы. Топ-мадэллю стаць няпроста. У любым выпадку ўсё пачынаецца з навучання. У подыум-школе асвойваюць такія спецыяльныя дысцыпліны, як дэфіле, этыкет, асновы стылю, сцэнічнае майстэрства.

— З тых дзяўчат, што да вас прыходзяць, які працэнт выбіваецца на сусветныя подыумы?

— Мы заўсёды кажам, што гэтая прафесія эксклюзіўная. Яна прымае нямногіх. Тут як з дзецьмі, што заканчваюць харэаграфічныя вучылішчы і музычныя школы. Не ўсе ж з іх становяцца прымамі і вядомымі музыкантамі. Патрэбны сапраўды высокія прафесійныя якасці. Наша каманда спрабуе расшыфраваць код прыгажосці, паспяховасці новага моднага сезона. Як дызайнеры ствараюць трэнд у адзенні, так і мы пралічваем модны твар наступнага сезона. І ён можа кардынальна адрознівацца ад таго, што было год таму. Таму мы заўсёды ў пошуку імёнаў. Кагосьці выпадкова сустракаем на вуліцы. Нават калі мы з Сяргеем Нагорным і Вольгай Паповай (генеральным дырэктарам і дырэктарам міжнароднага аддзела, дэпартамента новых імёнаў) проста ідзём выпіць кавы, углядаемся ў дзяўчат і хлопцаў, якія сядзяць за суседнімі столікамі.

На пачатку верасня ў 13 гарадах Беларусі — Брэсце, Віцебску, Бабруйску і іншых — мы праводзім кастынгі. Прыходзяць дзяўчаты з райцэнтраў, вёсак.

За год да нас звяртаецца — праз асабістыя сустрэчы, сацыяльныя сеткі — некалькі тысяч чалавек. З іх у найлепшым выпадку 30 абновяць мадэльны склад.

Гэта з усіх філіялаў. А працэнт тых, хто будзе працаваць на тыднях моды ў Лондане і Парыжы, яшчэ меншы.

Бывае, звяртаюцца людзі, якія не зусім разабраліся, што ўяўляе сабой прафесія мадэлі. Ім проста хацелася б нейкай папулярнасці. Такія падлеткавыя мары. Хоць мы ўсім удзячныя. Бо часта разам з імі прыходзяць іх сяброўкі ці сёстры, якія якраз нам патрэбны. Такіх гісторый вельмі шмат.

Ві­цяб­чан­ка Ле­ра Ва­раб'­ё­ва на па­ка­зе ў Мі­ла­не.

— Вось вы кажаце, што патрэбны працаздольнасць і прафесіяналізм. А калі спадзявацца толькі на знешнасць?

— Тыя мадэлі, якія ў 15-16 гадоў ужо праходзяць кастынгі ў Еўропе, павінны заканчваць школу, паступаць у ВНУ на завочную форму і паспяваць усё. Зняцца для моднага часопіса не так проста. Для гэтага трэба не толькі прыгожа ўсміхацца. За кожнай вокладкай, выхадам у самых гучных паказах на еўрапейскіх тыднях моды стаіць вялізная праца. Мы памятаем, колькі зроблена, каб дзяўчына з Барысава Жэня Катава стала тварам Dolce & Gabbana, каб Маша Царыкевіч з Мазыра выйшла ў эксклюзіўным паказе ад Prada. Проста трапіць на такі кастынг — ужо вельмі шмат. Там стаяць у чарзе найлепшыя мадэлі свету.

— Калі бачыце чалавека, можаце адразу сказаць: «О, гэта будучая топ-мадэль!»?

— Можам, вядома. Але тут няма 100-працэнтнай гарантыі. Мы можам толькі выказаць здагадку: гэты чалавек, хутчэй за ўсё, будзе запатрабаваны ў Амерыцы, а той — у Парыжы. Можа і не спрацаваць. З розных прычын. Стан здароўя мадэлі, замужжа... Бывае і наадварот. У мадэляў, пра якіх мы думалі «магчыма, давайце паспрабуем», кар'ера складваецца вельмі паспяхова.

— Якія тыпажы цяпер запатрабаваныя?

— Сёння подыум заўважна памаладзеў. Калі раней у асноўны склад мадэльнага агенцтва дзяўчаты прыходзілі ў 19—20 гадоў, то цяпер — у 13. Яны, калі заканчваюць школу, ужо разумеюць, чым будуць займацца далей.

Славянская прыгажосць запатрабаваная. Дзяўчаты, якія атрымліваюць запрашэнні, як правіла, тыповыя беларускі з прыгожымі пшанічнымі валасамі, разумнымі вачыма, з характарам. Рост ад 170 сантыметраў. Кагосьці просім аднавіць колер валасоў ці бровы адрасціць. Усё, што тычыцца сантыметраў, карэкціруецца, калі размова ідзе пра прафесійны старт. Але звяртаюся да ўсіх чытачак: не трэба адразу актыўна скідваць кілаграмы. Можа, вам гэта проста не патрэбна.

— Дзяўчаты на подыумах — не заўсёды прыгажуні ў класічным разуменні. Чаму ў модзе папулярныя дзіўныя твары і позы?

— Справа ў тым, што кожны дызайнер у сваёй калекцыі стварае пэўны настрой. Мадэль — тое палатно, з дапамогай якога гэты вобраз дэманструецца. Адсюль і дзіўныя позы. На паказах высокай моды некласічная прыгажосць, агрэсіўная ці нават «непрыгожая», бударажыць. Мастацтва заўсёды мусіць выклікаць эмоцыю. Мода — гэта не тое, што павінна падабацца ўсім.

Дызайнеры даўно былі б забытыя, калі б зачапіліся за нейкі адзін вобраз. Безумоўна, у кожнага ёсць свая традыцыя. Дом моды Valentіno часцей за ўсё апявае класічныя каноны прыгажосці — і ў адзенні, і ў вобразе мадэлі. Што мы ніколі не ўбачым у амерыканскага дызайнера Тома Браўна. Там можа быць правакацыя, скандал, аголеныя мадэлі на сцэне.

Топ-ма­дэль з Ба­ры­са­ва Жэ­ня Ка­та­ва  ста­ла тва­рам Dolce & Gabbana.

— А што з параметрамі? Калі паглядзець на дадзеныя мадэлі, то атрымліваецца, што нават 90-60-90 — гэта ўжо шмат.

— На подыуме яшчэ, бадай, найбліжэйшыя гадоў 20 будзе панаваць канон вытанчаных дзяўчат. На высокіх і худых адзенне льецца. Гэта вельмі прыгожа.

Мне асабіста падабаюцца такія мадэлі: вытанчаныя, празрыстыя, з тонкімі кісцямі, шыяй. Так, гэта вельмі высокі стандарт. Але, хачу заўважыць, што ў нас на дыетах практычна ніхто не сядзіць. У дзяўчат збалансаванае харчаванне, якое адпавядае іх нагрузкам. І спорт — басейн, напрыклад.

— Мадэляў «плюс» шмат набіраеце? На іх, калі шчыра, ёсць попыт?

— Не. Запатрабаваны заўсёды стандарт. А памер «плюс» — асаблівасці таго ці іншага паказу. На эксклюзіўны выпадак. Хоць выключэнне заўсёды мае права быць. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца, калі мужчынскі касцюм дэманструе дзяўчына.

— Дарэчы, пра хлопцаў. Ці шмат іх прыходзіць у індустрыю?

— Гэты шлях хутчэй для дзяўчат. Адзінкі хлопцаў прыходзяць у мадэльную гісторыю. Па сваім агенцтве бачым, што яны менш запатрабаваныя. Дызайнеры часцей ствараюць жаночыя калекцыі. Так больш выгадна ў камерцыйным плане: жанчыны больш сочаць за модай. Я лічу, што мадэльны бізнес — гэта не зусім мужчынская прафесія. Хутчэй, хобі.

— Дзе нашы дзяўчаты запатрабаваныя?

— Усюды. Славянскі тыпаж чакаюць у Амерыцы, Еўропе, Японіі. Беларускія мадэлі заваёўваюць такія подыумы, як Calvіn Kleіn, Dіor, Chanel.

— А што лічыцца верхам кар'еры?

— Быць папулярнай і запатрабаванай. Мадэль паспяховая тады, калі ў яе шмат працы. Можна зрабіць адзін паказ ад Prada (здаецца, куды вышэй) — і больш нічога. І тады ўсім доўга расказваць: «А вы ведаеце, што тры гады таму я ўдзельнічала ў гэтым паказе? Не?»

— Калі разглядаць Беларусь: мадэль знойдзе ў нас працу?

— Вядома. Мадэль патрэбна тады, калі ёсць дызайнеры і фатографы. Дзяўчаты здымаюцца для відэарэкламы, каталогаў. І не трэба думаць, што мадэлямі становяцца толькі сталічныя жыхаркі. Мы знаходзілі «зорак» і ў Маларыце, Фаніпалі, Жодзіне. Шанцы аднолькавыя ва ўсіх.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Студыі моды Сяргея Нагорнага

Загаловак у газеце: Попыт на славянскую прыгажосць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».