Вы тут

Будні сястры міласэрнасці


Амаль трыццаць гадоў Валянціна Васкабойнік штодзень прыходзіць да тых, хто яе чакае.

Некаторыя лічаць, што словазлучэнне «сястра міласэрнасці», якое прыйшло да нас з мінулых стагоддзяў, мае толькі вобразны сэнс, азначае спагаду, цярпенне, дабрыню канкрэтнага медыцынскага работніка. Аказваецца, не толькі сэнс, але і пасада такая засталася. У таварыстве Чырвонага Крыжа працуюць медыцынскія сёстры міласэрнасці. З адной з іх, Валянцінай ВАСКАБОЙНІК, давялося нядаўна пазнаёміцца.


Ва­лян­ці­на Вас­ка­бой­нік (спра­ва) — хут­кая да­па­мо­га,  са­цы­яль­ны ра­бот­нік, су­раз­моў­ца і да­рад­чы­ца для дзе­вя­ці ня­мог­лых лю­дзей.

Як становяцца адзінокімі

Валянціна Іванаўна жыве і працуе ў Кобрыне. Сёння яна як хуткая дапамога, сацыяльны работнік, суразмоўца і дарадчыца для дзевяці старых нямоглых людзей. Для многіх з іх медыцынская сястра стала самым блізкім чалавекам. Ну вось, напрыклад, як для сужэнцаў Веры Андрэеўны і Івана Іванавіча. Абаім пад 80 гадоў. Яны пераехалі ў свой час у Кобрын з Бранскай вобласці да дзяцей. Гэта была, можна сказаць, шчаслівая сям'я. І, вядома, бацьку з маці ніколі не спатрэбілася б дапамога работнікаў сацыяльнай службы альбо Чырвонага Крыжа, каб усё не скончылася ў адзін дзень... Дзеці загінулі ў аварыі.

Бацькі, да гэтага яшчэ даволі бадзёрыя і адносна здаровыя, пачалі паступова згасаць. Іх самаадчуванне стала нагодай звярнуцца ў адпаведную камісію, што і зрабіў участковы доктар. Сястра міласэрнасці стала ім не проста сувязным звяном са знешнім светам, але чалавекам, які цікавіцца іх жыццём.

— Вядома, найперш я выконваю функцыі ўрача, — гаворыць медсястра. — Але ж галоўная праблема Івана Іванавіча і Веры Андрэеўны заключаецца ў тым, што ў іх няма родных і сяброў у нашым горадзе. Найважнейшыя лекі для іх — простая чалавечая размова. Як і ўсе старыя людзі, яны любяць пагаварыць пра мінулае. Ну і, вядома, згадваюць пра дзяцей. Наплачуцца, даводзіцца супакойваць. Сыходжу тады, калі бачу, што мае падапечныя ў больш-менш нармальным стане. Добра, што яны яшчэ ўдваіх і падтрымліваюць адно аднаго.

Гледзячы на гэтых людзей, усведамляеш, што нават тыя, у каго добрыя надзейныя сем'і, не застрахаваны ад адзіноты, — працягвае Валянціна Іванаўна. Што ўжо гаварыць пра бацькоў, чые дзеці выпіваюць, вядуць асацыяльны лад жыцця.

Цярпенне і стрыманасць

Такія, на жаль, таксама трапляюцца сярод падапечных сястры міласэрнасці. І амаль ва ўсіх ёсць пэўныя праблемы ў адносінах з родзічамі. Таму адзін з найважнейшых прынцыпаў работы — стрыманасць у выказваннях, ацэнках, ніякай інфармацыі нельга выносіць за сцены кватэры. Людзі дзеляцца сваімі крыўдамі, робяць гэта эмацыйна, бывае, згушчаюць фарбы, дапаўняюць падзеі здагадкамі. Дык вось, з адной калегай Валянціны Васкабойнік здарылася непрыемнасць. Спачуваючы сваёй падапечнай, жанчына расказала іншым людзям пра чэрствасць яе родных. А тыя ўсё сваякам і перадалі. Здарыўся вялікі скандал, потым родзічы прымірыліся, а сястра міласэрнасці засталася ворагам і для аднаго, і для другога боку. Пра гэты выпадак Валянціна Іванаўна даведалася падчас курсаў павышэння кваліфікацыі. Цяпер згадала, каб праілюстраваць асаблівасці сваёй работы. Яна ж медыцынскі работнік, а першы прынцып медыцыны: «Не нашкодзь!»

Яшчэ, адзначала суразмоўца, трэба валодаць вялікім цярпеннем. Найперш — тым, хто разглядае для сябе перспектыву работы сястрой міласэрнасці. Большасць пацыентаў, якіх даводзіцца даглядаць, людзі старыя, хворыя і даволі капрызныя. «Вось, напрыклад, кажу адной бабульцы: «Заўтра прыйду крыху раней, будзем купацца». Прыходжу, а мая пацыентка яўна не ў настроі. І што я магу? Настойваць, не зважаючы на яе старэчыя капрызы? Не. Калі мая асцярожная размова ў бок карыснасці і прыемнасці ванны не мае ніякага водгуку, спакойна пераношу купанне на наступны раз».

І такіх нюансаў тысячы ў самых розных варыяцыях. Валянціна Іванаўна згадвае аднаго вельмі старога пацыента, які страшна не любіў стрыгчы пазногці: «Як дзіця малое, заўпарціцца, і ўсё тут. Сілай жа не будзеш прымушаць былога вайскоўца ціха сядзець з працягнутай для гігіенічнай працэдуры рукой. Аднойчы адрасціў цэлыя кіпцюры і ніяк не згаджаўся абрэзаць іх, — успамінае медсястра. — А я кажу: «А што, Юрый Пятровіч, калі да вас часам зойдзе хто з былых саслужыўцаў? Вы ж заўсёды былі акуратным, падцягнутым, відным вайскоўцам». (Я не ведаю, якім ён быў, але трапляю ў самую кропку. Мой дзядок лагаднее. Хутка раблю ванначку, прыводжу рукі ў парадак. Ён аглядае свае пальцы і кажа: «Дзякуй, сястрычка!»

Перад дзвярыма і за дзвярыма

Заводжу гаворку аб тым, што не кожная медсястра з адпаведнай кваліфікацыяй зможа прысвяціць сябе такой вось рабоце. Валянціна Іванаўна пагаджаецца. Кажа, што трэба адкінуць усялякую грэблівасць, пагарду, трэба ўмець у кожным са сваіх пацыентаў бачыць чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе. Аднойчы ў яе пад апекай была жанчына, якая доўга ляжала. У хворай утварыліся глыбокія пролежні. Раны трэба было кожны дзень апрацоўваць, калоць абязбольвальныя.

Пытаюся, як спраўляцца са сваімі эмоцыямі, калі на тваіх вачах пакутуе чалавек, а ты нічым не можаш дапамагчы. Мая суразмоўца задумваецца, а потым павольна гаворыць: «Гэта даецца нечым накшталт уласнага трэнінгу. Варта адразу настроіць сябе, усвядоміць, што калі зачыняеш дзверы кватэры свайго пацыента, усё пакідаеш за дзвярыма, бо цябе чакаюць іншыя людзі, якім патрэбна твая дапамога. Інакш цябе надоўга не хопіць, а гэта нікому не патрэбна».

«Не менш важна навучыцца пакідаць перад парогам падапечных свае праблемы. Здараецца, ідзеш, па дарозе абдумваеш нешта сваё, і здароўе бывае ў цябе не лепшым, і настрой адпаведным. Але перад тым, як націснуць на кнопку званка, на імгненне спыняешся, пераключаеш увагу, і ў кватэру заходзіш з усмешкай. Інакш не варта брацца за такую работу», — падсумоўвае Валянціна Іванаўна.

Як з родным чалавекам

Разам заходзім да пацыенткі Веры Міхайлаўны Кукашук, якая вельмі рада прыходу медсястры. Веры Міхайлаўне ўсяго семдзясят гадоў, але дыягназаў у яе цэлы букет. Галоўная бяда — суставы, з-за якіх дрэнна ходзяць ногі. Да таго ж жанчына нядаўна пахавала мужа. Валянціна Іванаўна адразу мерае ціск. Паколькі прыбор паказвае вельмі высокія лічбы, медсястра знаходзіць патрэбную таблетку ў аптэчцы, ідзе на кухню па ваду. І толькі праз хвіліну-другую пасля прыёму лекаў дазваляе падапечнай пагаварыць.

Вера Міхайлаўна ахвотна расказвае, як яна працавала ў гарадской паліўнай арганізацыі. Некалькі гадоў удалося папрацаваць і пасля выхаду на пенсію, і далей ёй кантракт гатовы былі працягнуць, але здароўе не дазволіла. А муж яе, Аляксандр Іванавіч, 40 гадоў адпрацаваў у міліцыі... А цяпер вось застаецца адна забава, любімае хобі — вышываць. Урачы не вельмі рэкамендуюць вышыванне — з-за хваробы вачэй. Але ў светлы дзень, каля акна, яна дазваляе сабе заняцца любімай справай. А яшчэ чакае, калі да яе Валянціна Іванаўна забяжыць. Перамовіцца з ёй словам стала неабходнасцю — як з родным чалавекам.

Ужо збіраемся адыходзіць, Вера Міхайлаўна гаворыць медсястры, што трэба было б наведацца ў паліклініку.

— Ісці цяпер слізка, небяспечна пры вашых праблемах. На наступным тыдні будуць выхадныя ў майго сына, папрашу, ён падвязе — кажа Валянціна Іванаўна.

Крыніца сіл

Валянціна Васкабойнік ужо адсвяткавала ўласнае 60-годдзе, даўно — удава. Але яна чалавек надзвычай энергічны. На банальнае пытанне наконт таго, адкуль бяруцца сілы, няспешна расказвае пра сваё жыццё.

Нарадзілася і вырасла ў расійскай глыбінцы. У бацькоў было тры дачкі, і ўсе сталі медсёстрамі. Замуж выйшла за лётчыка, ён і прывёз Валянціну ў Кобрын у 1972 годзе. Працавала медсястрой у паліклініцы, прайшла розныя аддзяленні. А ў 1987 годзе вызвалілася стаўка ў аддзяленні Чырвонага Крыжа. Ёй і прапанавалі. Згадзілася, таму што графік работы быў больш гнуткі, чым у паліклініцы. Спадзявалася, што будзе больш магчымасцяў удзяляць увагу ўласным дзецям. Варта сказаць, што раней спецыфіка гэтай службы была іншая, медсёстры аказвалі толькі медыцынскія паслугі. Цяпер дабавіўся сацыяльна-бытавы напрамак, на работу даводзіцца траціць больш часу. І вось ужо без малога трыццаць гадоў сястра міласэрнасці Валянціна Васкабойнік спяшаецца да сваіх падапечных, да тых, хто яе чакае.

— Апошняе і трымае ў рабоце, дае сілы, — разважае мая суразмоўца.

І ўспамінае амаль што даўні выпадак. Развозіла яна неяк велікодныя падарункі ад Чырвонага Крыжа адзінокім пенсіянерам. Падарункі былі добрыя: яйкі выдзеліла птушкафабрыка, хлебазавод прыгатаваў кулічы, спонсары дабавілі цукерак, іншых прысмакаў. Усё гэта асвяцілі ў царкве. Дастаўляла па спіску, пазваніла ў кватэру нават не сваёй падапечнай, а жанчыны, якую абслугоўвае сацыяльны работнік. Адкрыла маленькая, кволая бабулька. Медсястра працягнула ёй пакунак, а ў старой жанчыны слёзы пасыпаліся градам. Стала высвятляць, што здарылася, што яе так засмуціла. А тая адказвае, што раніцай малілася, прасіла ў Бога, каб хоць якую крошку булкі асвячонай дзе ўзяць, сама ўжо да царквы дайсці не можа... А тут цэлы падарунак, як цуд! І ўсё асвячонае. Цяпер і ў яе адзінокім жытле будзе свята. Ледзьве супакоіла расчуленую бабульку.

— Калі бабка дваццаць разоў падзякуе табе ўслед, пажадае здароўя, — то знаходзяцца сілы, разумееш, дзеля чаго жывеш. Наогул, на гэтай рабоце становішся філосафам, — разважае далей Валянціна Іванаўна. — Бо кожны дзень сутыкаешся з адзінотай, цяжкай старасцю, хваробамі старых, якія раней былі ваеннымі, партыйнымі работнікамі, настаўнікамі, рабочымі, многія з якіх маюць дзяцей. Ніхто дакладна не ведае, якая яго чакае старасць. І ніхто ў гэтым свеце ні ад чога не застрахаваны. На нейкім этапе скурай пачынаеш адчуваць, што доўг чалавека — праяўляць спагаду да нямоглага.

* * *

Бывае, людзі ледзь не абураюцца, а то проста стараюцца хутчэй адмахнуцца, калі ў калектывах аб'яўляюць збор грошай на патрэбы Чырвонага Крыжа. Звычайна збіраюць капейкі, аб прызначэнні якіх, праўда, мала хто нешта ведае канкрэтнае. Дык вось, да ведама тых, хто зацікавіцца расходамі грамадскай арганізацыі: зарплата медыцынскай сястры міласэрнасці не дасягае двух мільёнаў рублёў чыстымі. Пра работу я пісала вышэй. І варта памятаць, што ніхто не ведае пра фінал свайго жыцця.

yackevіch@zvіazda.by

Кобрынскі раён

Фо­та Ва­ле­рыя КА­РА­ЛЯ

Загаловак у газеце: Чалавек як цуд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.