Вы тут

Адбылася прэзентацыя кнігі пра музей гісторыі ВАВ


Новы будынак, у які не так даўно пераехаў музей, ужо паспелі ахрысціць храмам памяці. Тысячы экспанатаў, змешчаных у дзесяці асобных залах, расказваюць наведвальнікам пра падзеі кароткага перадваеннага перыяду, гадоў самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва і пасляваенных дзесяцігоддзяў. Каб даведацца пра гісторыю кожнага прадмета, неабходна не раз наведаць экспазіцыю. Або пагартаць старонкі кнігі, якая распавядае пра экспазіцыю, фонды і філіялы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.


Пер­шы эк­зэмп­ляр кні­гі з рук мі­ніст­ра куль­ту­ры Ба­ры­са СВЯТ­ЛО­ВА  атры­маў ве­тэ­ран Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны Аляк­сандр ФЕНЬ.

У кнізе, якая пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», можна знайсці хрэстаматыйныя эпізоды з ваеннай гісторыі, а таксама адшукаць і малавядомыя або ўвогуле невядомыя дагэтуль дэталі. Перад чытачом паўстаюць як ключавыя фігуры, героі той вайны, пра подзвіг якіх напісаны не адзін твор, так і асобы, пра якіх мы чуем упершыню і, напэўна, ужо не забудзем ніколі. Як не забудзем і тое, адкуль у музеі з'явіўся дыван, падораны Канстанціну Ракасоўскаму туркменскімі ткачыхамі, хто стварыў дыяраму «Мінскі кацёл» і якія рэчы ў імправізаванай канспіратыўнай кватэры належалі Таццяне Якавенцы, у доме якой друкавалася падпольная «Звязда»...

Як расказала рэдактар кнігі Наталля КАРАСЁВА, аб'ём матэрыялу быў настолькі вялікі, што яго хапіла б яшчэ не на адну кнігу: «Але мы не ўпусцілі самага галоўнага і расказалі пра найбольш цікавыя музейныя экспанаты грунтоўна і разам з тым лаканічна».

— Разам з Выдавецкім домам «Звязда» Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выдаў цудоўную кнігу-альбом, якая якраз працягвае такую высакародную справу, як патрыятычнае выхаванне, і прыцягвае ўсё новыя колы зацікаўленых да экспазіцыі музея і ўвогуле да нашай вялікай гісторыі, — адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ. — Каб ажыццявіць гэты праект, спатрэбіліся не толькі фінансавыя сродкі, а і вялікая навукова-даследчыцкая праца. Гэтую функцыю якраз на сябе ўзялі адпаведныя структуры музея, якія зрабілі ўсё дзеля таго, каб канцэптуальна склад гэтага выдавецкага праекта адпавядаў нашым уяўленням, якія звязваюць нашу гісторыю з сучаснасцю і трансліруюць для будучых пакаленняў тыя асноўныя каштоўнасці, якія сёння сабраны пад дахам музея і знаходзяцца ў яго фондасховішчах.

Міністр культуры падзякаваў і Выдавецкаму дому «Звязда», які, па яго словах, пастаянна спрыяе культурным, музейным ініцыятывам.

— Сімвалічна, што выданне выйшла літаральна праз год пасля адкрыцця новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — пераканана намеснік дырэктара музея па навуковай працы Ганна ГАЛІНСКАЯ. — Увогуле культура, сусветная, нацыянальная, духоўная — спецыяльная галіна выдавецкіх інтарэсаў. Апошнім часам вялікая ўвага надаецца вялікім праектам з выдавецкім суправаджэннем шматлікіх мерапрыемстваў як міжнароднага, так і рэспубліканскага ўзроўню, якія штогод праводзяцца ў розных рэгіёнах Беларусі. У выдавецтве нараджаюцца новыя арыгінальныя праекты, накіраваныя на папулярызацыю культуры. Менавіта такім праектам стала выданне «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Вечныя каштоўнасці

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.