Вы тут

Вектары кахання


У Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі лечацца падлеткі. Хвароба насцігае іх у час палавога выспявання, ва ўзросце, на які прыходзіцца першы досвед адносінаў. І яны не ўпускаюць магчымасці — наладжваюць іх паралельна лячэнню.


І вы ведаеце, гісторыі мала чым адрозніваюцца ад нашых, паўсядзённых. Тыя ж матылькі ў жываце, тыя ж запісачкі, прагулкі, пацалункі і тыя ж любоўныя трохкутнікі. Ды іншыя не вядомыя геаметрыі фігуры.

Аліне спадабаўся Саша з дванаццатай палаты. Я бачу, як у яе загараюцца вочы, калі ён уваходзіць у гульнявы пакой. Саша дае нагоду Аліне думаць, што яе запал узаемны. Ён удзяляе ёй шмат увагі ў працэсе гульні, жартуе з яе, няўзнак дакранаецца. Але гэта толькі здаецца, што Саша адказвае Аліне ўзаемнасцю. У яго такая манера — неабачлівы флірт. Ён так і са мной сябе паводзіць. Яго сапраўднае захапленне — студэнтка-валанцёрка, якая прыходзіць сюды па выхадных. Яна вельмі прыгожая, вясёлая і асацыюецца ў Сашы з жыццём па-за межамі бальніцы. Ён заўважна бянтэжыцца, калі застаецца сам-насам з Ленай. І прызнаўся мне, што марыць запрасіць яе на спатканне. Я не сказала Сашу, што ён не мае шанцу. Навошта яму ведаць, што Лена безнадзейна закаханая ў дарослага мужчыну? Яна сустракаецца з аднагодкам свайго бацькі. У таго ёсць сям'я і недальнабачныя планы на Лену.

Ланцужок пачынаўся з Аліны. Калі яго развіваць у іншы бок, то магу вам па сакрэце паведаміць, што ў роднай вёсцы яе чакае хлопец. Аліна раней думала, што кахае яго. А цяпер дакладна вырашыла, што яны не пара, і ўсю сваю прывабнасць накіроўвае на Сашу з дванаццатай палаты...

Мы часта абвінавачваем «мыльныя оперы» ў залішнім «мыле». Сцэнарысты ў пагоні за рэйтынгамі плятуць неверагоднае павуцінне сюжэта, губляючы сувязь з рэальнасцю. Але жыццё падкідвае такія шматтомныя раманы, што ніводнаму сцэнарысту падобнае ў галаву не прыйдзе!

Памятаю, як я сяджу ў сонечны дзень на лаўцы пасля чароўнага спаткання. Расчырванелая, замілаваная, з букетам ландышаў. Вакол — мітусня, гоман, смех. А я ў воблаку. Сяджу і не магу паверыць свайму шчасцю. У свеце каля сямі мільярдаў чалавек, і трэба ж так супасці, каб знайсці таго, чый вектар накіраваны ў твой бок! Супадзенне вектараў — гэта ўвогуле цуд, дар. Яго не зможа прадказаць ніякая тэорыя імавернасцяў. «Гэта... гэта... Як такое магчыма?» — быццам крычаў мой затуманены розум. А вектар кахання абвяргаў немагчымае.

Я ведаю жанчыну, якая ніяк не магла вызначыць кірунак свайго вектара і вельмі ад гэтага пакутавала. Яна была заўсёды ў цэнтры ўвагі мужчын, але нікому не магла адказаць узаемнасцю. І вось у далёкай краіне выпадкова сустрэла старога знаёмага, які шмат гадоў быў побач і не выклікаў ніякіх эмоцый. Яна перагледзела свае погляды, адкрыла яго па-новай і... вектары кахання супалі.

Я ўсё яшчэ не наблізілася да разумення і разгадкі. «Як гэта магчыма?!» — шалее мой пасталелы мозг. З сямі мільярдаў асоб на 500 мільёнах квадратных метраў сустрэць свайго чалавека! Але гэта магчыма. І калі цуд здарыўся менавіта з вамі, агарніце яго сваім саюзам, вазьміце ў чатыры далоні і нясіце. Праз вецер і туман, праз побыт і спрэчкі, цераз дрот і калючы ядловец. Нават калі ён цяжкі і бракуе сіл ісці, заляжце на дно. Але разам. Разам са сваім дарам. Не прадайце яго, не размяняйце, не здрадзьце яму, не згубіце. Ён абвяргае немагчымае. І ён ваш.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».