Вы тут

Ламбардам «развязалі» рукі


Увогуле сёлета для ламбардаў спрасцілі працэдуру спагнання і рэалізацыі закладу (рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання) па прадастаўленых фізічным асобам мікрапазыках. Падобныя змены былі ініцыяваны Нацыянальным банкам краіны і зацверджаны Дэкрэтам кіраўніка дзяржавы ад 21 студзеня 2016 года № 1.


Тэрмін «замарожвання» грошай скарацілі ўдвая

У прыватнасці, палажэннямі Дэкрэта № 1 прадугледжваецца права ламбарда самастойна накіроўваць сысканне на рухомую маёмасць, якая знаходзіцца ў яго ў закладзе па прадастаўленых фізічным асобам мікрапазыках, калі сума ацэнкі такой маёмасці не перавышае 100 базавых велічынь. Накіраванне сыскання магчымае толькі па заканчэнні месячнага тэрміну пасля наступлення дня вяртання сумы мікрапазыкі, устаноўленага дагаворам. Таксама згаданы дакумент цяпер дазваляе ламбардам самастойна рэалізоўваць гэтую маёмасць. А вось парадак працы ламбардаў з вырабамі з каштоўных металаў застаецца ранейшым.

Непасрэдна самі правілы самастойнага сыскання і самастойнай рэалізацыі ламбардамі закладаў (такой маёмасці) будуць вызначаны ўрадам і Нацыянальным банкам на працягу трох месяцаў з дня афіцыйнага апублікавання Дэкрэта № 1.

У Нацбанку нам нагадалі, што да гэтага часу прадугледжваўся алгарытм, па якім акрамя закладнога тэрміну захоўвання (тэрмін, на які выдадзена пазыка) і льготнага месячнага перыяду, ламбард быў абавязаны захоўваць закладзеныя рэчы, гэта значыць «замарожваць» грашовыя сродкі, дадаткова на працягу не менш чым 30 дзён да пачатку таргоў (агульны тэрмін складае больш за 2 месяцы). А «такая доўгая і дарагая працэдура рэалізацыі закладзенай маёмасці з'яўляецца эканамічна неабгрунтаванай», лічаць спецыялісты Нацбанка.

Золата пакінуць Дзяржфонду

Дэкрэт удакладняе, што парадак працы ламбардаў з вырабамі з каштоўных металаў застаецца ранейшым. Такія вырабы, якія не былі запатрабаваны ўласнікамі, далей ламбарды рэалізуюць Міністэрству фінансаў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў па ўстаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам закупачных цэнах.

Эксперты фінансавых устаноў упэўнены, што прыняцце Дэкрэта № 1 будзе спрыяць пашырэнню доступу да фінансаў шырокіх слаёў насельніцтва, забяспечыць празрыстую, эканамічна эфектыўную працэдуру рэалізацыі закладзенай маёмасці, што, у сваю чаргу, дасць магчымасць павысіць запатрабаванасць дадзенага фінансавага прадукту і давер да яго грамадзян.

Прэс-служба Нацбанка ўдакладняе, што ў Беларусі, як і ў міжнароднай практыцы, ламбарды «прадастаўляюць магчымасць доступу да фінансавання тым катэгорыям насельніцтва, для якіх недаступна банкаўскае крэдытаванне (па прычыне сапсаванай крэдытнай гісторыі, часовай адсутнасці працы, недастатковай крэдытаздольнасці і г.д.)».

У заклад бяруць і аўтамабілі

Асобна трэба адзначыць, што Нацбанк з 1 студзеня 2015 года рэгулюе любую мікрафінансавую дзейнасць. Рэгулярна выдаваць мікрапазыкі (пазыкі, якія ў суме не перавышаюць 15 тысяч базавых велічынь) маюць права толькі мікрафінансавыя арганізацыі. А ў іх катэгорыю ўваходзяць і ламбарды.

Так, сёлета па стане на 25 студзеня ў рэестр мікрафінансавых арганізацый Нацбанкам уключана 107 арганізацый, у тым ліку 100 ламбардаў. Летась паслугамі ламбардаў скарысталася ажно 284 тысячы чалавек, калі было заключана каля 600 тысяч дагавораў на агульную суму 576 млрд рублёў. Сярэдняя сума мікрапазыкі ў ламбардах складае каля 1 мільёна рублёў з тэрмінам пагашэння да 1 месяца.

Асаблівасць ламбарднай дзейнасці заключаецца ў прадастаўленні мікрапазык фізічным асобам выключна пад заклад рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання. У якасці закладу ламбарды, у асноўным, прымаюць вырабы з каштоўных металаў, тэхніку (мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, планшэты і інш.), а таксама аўтамабілі.

Падобныя пазыкі ў ламбардах маюць шэраг плюсаў для пазычальнікаў з фінансавымі праблемамі. Пры невыкананні пазычальнікам сваіх абавязацельстваў ламбард мае права рэалізаваць прадмет закладу ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Прычым пасля гэтага патрабаванні да пазычальніка лічацца пагашанымі нават у тым выпадку, калі выручаная ад продажу закладу сума не пакрывае ўсе выдаткі ламбарда.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.