Вы тут

Добрая жонка = мудрая жонка


Незадоўга да вяселля мы з будучым мужам склалі спісы сваіх чаканняў адно ад аднаго. ...Мой галоўны страх быў звязаны з побытам. І не дзіўна: колькі сябе памятаю, чула, што добрая жонка ПАВІННА гатаваць штодзень: першае, другое і кампот. Прыклад быў навідавоку: наглядзелася на замужніх сябровак, якія стаяць каля пліты як мінімум зранку і ўвечары. Ды і бабуля Вовы некалькі разоў намякала, што ўнук вельмі любіць піражкі з капустай, а супу можна наварыць адразу столькі, каб на два дні хапіла.


Вова ж папрасіў не абмяжоўваць свабоду яго захапленням: не забараняць іграць на гітары, хадзіць на рэпетыцыі, глядзець футбол, сустракацца з сябрамі... Кажуць, што калі мужчына жэніцца, ён развітваецца са сваёй свабодай. Жарт жартам, але ў многіх сем'ях так і ёсць. Вось, напрыклад, Віталька... Раней часта хадзіў з сябрамі ў паходы, быў душой кампаніі. Цяпер жа бачым яго гады ў рады. На кожную прапанову сустрэцца знаходзіцца адгаворка: дзеці, праца, жонка... Яна, дамаседка па натуры, ледзь што — кідаецца словамі «выбірай: альбо я, альбо яны». Не разумее, што свядома абмяжоўваючы свабоду сваёй палавінкі, робіць горш у тым ліку і сабе. Бо незадаволенасць мае ўласцівасць нарастаць як снежны камяк. Калі ж муж будзе адчуваць, што яго свабоду цэняць, ён, ведаю не па чутках, абавязкова аддзячыць.

Праз чатыры месяцы будзе год, як мы пажаніліся. Але Вова выконвае сваё абяцанне. Калі ў мяне няма настрою стаяць пры пліце — слова не скажа, не папракне. А пойдзе і здзівіць чарговым кулінарным эксперыментам. Ведае, што вярнуся дадому стомленая — зварыць кашу ці патушыць гародніну. Больш за тое, нават калі я збіраюся прыгатаваць клёцкі з грыбамі або пірагі са шпінатам, што адымае нямала часу, ён кажа: «Навошта? Пасмаж лепш яйкі. А ў сэканомлены час зрабі што-небудзь для душы, пачытай, напрыклад, ці на джамбэі паіграй...»

І, ведаеце, паводзіны мужа робяць цуд. Я пачала атрымліваць задавальненне ад прыгатавання ежы, бо адчуваю, што раблю гэта не таму, што ПАВІННА. А таму, што хачу паклапаціцца пра блізкага чалавека.

Я ж, на жаль, час ад часу забываюся на сваё абяцанне. Не так даўно Вова прапанаваў разам схадзіць на каток. Я спачатку згадзілася. Але, вярнуўшыся з працы, адчула такую стому, што жаданне кудысьці ісці знікла. Не б — проста адмовіцца і прапанаваць яму схадзіць без мяне, дык я чамусьці пачала абвінавачваць мужа ў тым, што ён мінулы раз на катку гуляў з хлопцамі ў хакей — замест таго, каб ездзіць са мной за ручку. У выніку, як вы здагадаліся, вечар быў крыху сапсаваны. Хоць на каток мы ўсё ж такі пайшлі.

Мудрасць (гэта факт!) прыходзіць не за дзень і нават не за восем месяцаў. Таму я працягваю выпрацоўваць ВАЖНУЮ звычку — часцей ставіць сябе на месца блізкага чалавека. Паважаць яго жаданні, а не навязваць свае. І прагаворваць кожную канфліктную сітуацыю. Каб праз 30 гадоў не атрымалася, як у прытчы пра булку...

У дзень 30-годдзя сумеснага жыцця жонка, як звычайна, спякла булачку (яна пякла яе штораніцы, гэта было традыцыяй). За сняданкам разрэзала яе папярок, намазала маслам абедзве часткі, і, як звычайна, працягвае мужу верхнюю. Але на паўшляху яе рука спынілася. Жанчына падумала: «У дзень нашага жамчужнага вяселля я хачу з'есці гэтую румяную частку булачкі сама, я пра яе марыла 30 гадоў. У рэшце рэшт, я была ўзорнай жонкай, нарадзіла і выхавала цудоўных сыноў, вяла гаспадарку...» І вось яна падае ніжнюю частку булачкі мужу, а ў самой рука дрыжыць — як-ніяк, парушэнне 30-гадовай традыцыі. Мужчына нават праслязіўся ад шчасця: «Які неацэнны падарунак ты зрабіла мне, дарагая! 30 гадоў я не еў сваю любімую, ніжнюю частку булачкі, бо лічыў, што яна па праве належыць табе...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?