Вы тут

Як мінчане вучыліся на вёсцы гаспадарыць


Практыкавацца прымаць роды ў свінні, выпойваць малаком з соскі нованароджаных парасят, вырошчваць бройлерных курэй і шмат іншага давялося сям'і Кузьменкаў, якая пераехала са сталіцы жыць і працаваць у вёску Любанічы, што ў Карэліцкім раёне.


Зямлі мала, пакуль на ёй не працуеш

Ва ўласнасці ў Святланы і Дзмітрыя тры ўчасткі памерам каля 75 сотак, на якіх вырошчваецца розная гародніна, а таксама гадуецца жывая гаспадарка: свінні, авечкі ды куры. У прасторнай хаце плошчай больш за 100 метраў, вялізная печка... Але ж усе выгоды на вуліцы, а рамонт будынка ды хлявоў пастаянна «пад'ядае» грошы, заробленыя на гародніне.

Вя­лі­кая ха­та па­тра­буе вя­лі­кіх укла­дан­няў

— Бульбу прадалі — плітку купілі на падлогу ў кухні, парсючкоў здалі — цэмент набылі. Едзеш і думаеш: у Мінск цэлую машыну гародніны вёз, а назад — яна ў дзве скрыні плітачак пераўтварылася. І колькі ні працуй — ніколі не будзе скончана ўсё поўнасцю, — разважае Дзмітрый.

Тым не менш сям'я працягвае «заваёўваць» вёску. Веранду перарабілі, памянялі вокны, абшылі сайдынгам пакой. Нядаўна вось бойлер з халоднай ды гарачай вадой у хаце ўсталявалі. Цяпер гаспадыня марыць пра душавую і падумвае, ці не завесці карову.

Ідэя змяніць горад на вёску прыйшла да мінчан даўно, і рыхтаваліся да пераезду яны не адзін год. Шмат ездзілі па Беларусі, прыглядаліся да працы сяброў-фермераў. У Любанічы наведваліся да знаёмай часта, глядзелі хаты, шукалі будынак, як мінімум на тры пакоі, каб гасцей можна было прымаць. Урэшце ўпадабалі адзін з варыянтаў, набылі ўчастак, а побач — яшчэ адзін, з меншай хатай, каб у ёй размяшчацца, пакуль рамантавалі асноўнае жыллё. Неўзабаве яшчэ і трэці надзел купілі.

— Чым цяжэй было жыць у горадзе, тым часцей прыходзіла ў галаву думка, што трэба з'язджаць на вёску, каб вальней сябе адчуваць, — расказвае Святлана. — У нас з Дзімам у кожнага ў Мінску было ва ўласнасці толькі па частцы кватэры. Жыць даводзілася разам з сем'ямі сясцёр. Аб'яднаць метры ў адно жыллё не атрымоўвалася, адносіны паміж шматлікімі родзічамі і іх інтарэсы не супадалі. Затое цяпер замест 12-метровага пакойчыка і 6-метровай агульнай кухні ў нас прасторная хата і вялікая кухня-сталовая.

Дарэчы, частка ў адной з кватэр у сям'і засталася ва ўласнасці — Святлана не хоча пазбаўляць дачку магчымасці знайсці сябе ў сталіцы.

— Гаспадаранне на зямлі — гэта вам не рэкламная відэастужка, у якой чалавек паехаў на рыбалку, упадабаў прыгожыя мясціны, прадаў кватэру ў сталіцы, купіў хату на вёсцы і жыве ў сваё задавальненне, а праца сама спорыцца. Мы дагэтуль яшчэ вучымся, спрабуем, корпаемся, — кажа Дзмітрый.

— Мне спачатку ўсё здавалася, што зямлі мала. Думала, ну што тут можна вырасціць на гэтых 25 сотках. А як прыйшоў час усё гэта апрацоўваць, палоць, паліваць, я зразумела, што зямлі насамрэч у нас хапае, — смяецца Святлана.

Бульбяная арыфметыка

Ра­зам і пра­ца спор­ыцца

Маючы за плячыма вопыт перапродажу гародніны на гарадскіх рынках, Кузьменкі планавалі вырошчваць уласныя бульбу, гарбузы ды моркву, зарабляючы гэтым на жыццё. Нават арандавалі ў калгаса дадатковыя плошчы на полі. Ледзьве не 15 сотак у гаспадарцы былі занятыя пад кабачкамі ды гарбузамі, каля 20 — засеяны пшаніцай, якая дала больш за тону збожжа на корм курам.

— Мы ехалі сюды, бо даўно ўжо зразумелі, што ў сучасных умовах выжывае вытворца, а не перакупшчык, — тлумачыць Дзмітрый. — Раней, каб зарабіць, вымушаны быў ставіць кошт вышэйшы, чым той, за які я тавар набыў. А зараз я канкурэнтаздольны, бо магу вар'іраваць цану. Тым больш што мы займаемся сартавой бульбай з дарагога насення і атрымоўваем прыгожы і добры ўраджай. Пакуль саджалі бульбу — суседзі каментавалі: «Навошта так рана — яшчэ не час». А як убачылі, што мы ўжо капаем, а ў іх толькі ўсходы — сталі глядзець па-іншаму.

Тым не менш, як адзначаюць гаспадары, зарабіць хоць якую сур'ёзную суму можна толькі на продажы ранняй бульбы, бо за апрацоўку поля ім прыходзіцца плаціць калгасу столькі, што позняя ледзьве пакрывае гэтыя расходы.

— Сёлета за апрацоўку соткі з нас бралі па 100 тысяч рублёў. Спачатку мы хацелі здаваць ураджай мясцовым перакупшчыкам, але ўбачылі, што танней пакінуць яго ў зямлі, чым выкопваць. На кірмашы ў Мінску сёлета бульба 3000 каштавала, а тут яе за 1500 забіралі.

Атрымаўшы пэўны досвед і «бонус» у выглядзе 10 тон дробнай бульбы на ежу жывёлам, вясной Кузьменкі збіраюцца пасадзіць яе зусім рана, накрыўшы плёнкай, каб сабраць сапраўды скараспелку.

Вырашылі Святлана з Дзмітрыем паспрабаваць сябе і ў жывёлагадоўлі: купілі парасят, завялі авечак ды курэй. Не маючы практыкі ды вопыту, яны слухалі парады ўсіх, усё выконвалі і спрабавалі. Як вынік — незлічоныя здарэнні. То свіння ягнят з'ела, то ад парасят адмовілася...

Вопытным шляхам, напрыклад, зразумелі, што мець сваю свінаматку выгадней, чым штогод купляць парасят.

— Два парсючкі каштуюць мінімум 2,5 мільёна, а калі бярэш іх дзясятак, гэта 12,5. Плюс грошы на ежу для іх. У выніку, калі прыходзіць час іх калоць, то выручанымі ад продажу мяса грашыма ўдаецца проста вярнуць тыя сродкі, якія ты на працягу года ўкладаў у іх адкорм — іншымі словамі, гэта год бясплатнай працы. Тады мы пакінулі сабе свінаматак, і зараз яны аплачваюць сваё харчаванне парсючкамі, — смяецца Дзмітрый.

— Першыя дзве свінаматкі прынеслі 21 парася, з якіх мы выратавалі толькі дваіх, — успамінаюць гаспадары. — У адной малака не аказалася, а другая адмовілася ад парасят. Мы забралі іх у хату, наслалі на падлогу сена, паілі з соскі кожныя тры гадзіны. Аднаго корміш — астатнія пішчаць — вэрхал! Аднак усё роўна большасць з іх не выжыла.

— Затое цяпер мы ўмеем і роды прымаць, і выкормліваць, — жартуюць яны. — Зразумелі, што нельга занадта лезці да жывёл, каб не нарабіць бяды. Усё павінна адбывацца, як прырода задумала. Практыкаваліся таксама куранят выводзіць. Паклалі ў інкубатары 400 яек — з іх вывелася каля 300 птушанят, аднак яны чамусьці пачалі паміраць. Пасля яшчэ і нейкі звер завёўся, ласавацца імі пачаў. Так што курыная гаспадарка ў нас пакуль невялікая, каля двух дзясяткаў.

Як дагнаць бабулю...

Аве­чая гас­па­дар­ка ў Свят­ла­ны і Дзміт­рыя вель­мі па­лах­лі­вая  і блі­жэй не пад­пус­кае

Пра сваё вясковае жыццё Святлана і Дзмітрый расказваюць з гумарам і нязгасным імпэтам. Перажываюць толькі, што дні тут вельмі хутка ляцяць. Нават на арэлях-канапе, якія паставілі ў двары ледзьве не ў першую чаргу, гушкаліся толькі пару разоў за два гады — завіханні па гаспадарцы займаюць увесь час. А Святлана ніяк не можа ўгнацца на праполцы за суседкамі.

— Пакуль такое адчуванне, што мы спрабуем бегчы ў розныя бакі, каб усё паспець. Толькі возьмешся за адну справу, як бачыш, што другая недароблена, за яе схопішся — яна ў трэцюю перарастае, а за гэты час ты ўжо пра першую забылася і чацвёртую пачала... — і смяецца, і перажывае Святлана. — Здаецца, і шмат зрабіў за дзень, і натупаўся так, што ног не чуеш, а разам з тым і недаробленага шмат. Я некалькі гадзін папалю, і ў мяне паясніца колам становіцца — іду адляжацца. Рвуся дагнаць па хуткасці мясцовых бабуль, але не паспяваю і нервуюся ад гэтага. Вось і кроп з цыбуляй да зімы на раннюю зеляніну не высадзіла, і дроў нагатавана не столькі, як планавалася.

— Не паспяваем шмат, гэта факт, — пагаджаецца Дзмітрый. — Вёска — гэта ж адвечнае «трэба». А мне ўсяму вучыцца прыходзіцца, бо навыкаў няма практычных. Тую ж сцяжку на падлогу спецыяліст за тры гадзіны зрабіў бы, а я тры дні корпаюся.

Першае знаёмства з суседзямі ў Святланы і Дзмітрыя нагадвала анекдот:

— Мы толькі першы год як набылі хату, прыехалі ў маі, я насення кветачак прывезла, думаю, зараз як упрыгожу тут усё! А наш надзел ужо поўнасцю суседзі засеялі, ледзьве не пад самую хату, ні соткі зямлі не пакінулі. Пытаемся: «Што гэта?» А нам: «Ну, мы гэтай зямлёй даўно карысталіся, чакалі вас, падумалі, вы не прыедзеце, дык мы і засеялі».

— Не скажаш, што мы гаруем, але і не жыруем. Не збіраемся адмаўляцца ад працы на вёсцы, тым больш што мы тут самі сабе гаспадары. Хоць гэта і цяжка, аднак пакуль атрымліваем задавальненне. Вось парасяты нарадзіліся — і ты ўжо ў захапленні ад таго, якія яны маленечкія ды прыгожыя! — кажуць Кузьменкі. — Галоўнае, навучыцца пазбягаць дарэмнай працы, каб быў здабытак і магчымасць утрымліваць сябе і гаспадарку

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Не жыруем, але і не гаруем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».