Вы тут

Кола мецэнатаў пашыраецца


Вартай аддзякай за матэрыяльную дапамогу можа быць духоўная.

Сёння выказванне ўдзячнасці тым, хто фінансава дапамагае сферы беларускай культуры, — ужо традыцыя. Гісторыя яе даволі маладая: пачаткам стаў 2012 год, калі ўпершыню так званыя мецэнаты атрымалі ўзнагароды ад Міністэрства культуры, што між радкоў азначала: сфера культуры вас шануе, дзяржава цэніць ваш уклад, а краіна вас не забудзе. Як пацвярджэнне гэтаму — штогадовая цырымонія ўручэння ганаровых дыпломаў кіраўнікам і прадстаўнікам арганізацый, што аказалі культуры бязвыплатную дапамогу.


Днямі гэтая ўрачыстасць адбылася ў рэспубліканскім драматычным тэатры імя Горкага. Больш за дзевяноста так званых фізічных і юрыдычных асоб атрымалі ў гэты вечар ганаровыя дыпломы. 50 мільярдаў рублёў, па словах міністра культуры Барыса Святлова, летась было выдаткавана з боку мецэнатаў.

«Тут сабраліся высакародныя людзі, якія добраахвотна зрабілі ў мінулым годзе ўсё для развіцця айчыннай культуры, — сказаў міністр са сцэны. — Хоць інстытуту мецэнацтва ўжо больш за дзве тысячы гадоў, у нашай дзяржаве яму ўсяго два дзесяцігоддзі. Але ў нас ужо склаліся пэўныя традыцыі, у тым ліку ўрачыстае ўшанаванне і падзяка ў адрас айчынных мецэнатаў».

Калі разглядаць грошы ў больш практычным увасабленні, то можна сказаць, што «Славянскі базар у Віцебску», тэатральны форум «ТэАрт», кінафестываль «Лістапад», мерапрыемствы Нацыянальнага мастацкага музея, Вялікага і Купалаўскага тэатраў, Цэнтра сучасных мастацтваў і іншых устаноў без дапамогі бізнесу маглі б не ажыццявіцца.

Спонсарская дапамога — гэта і закупка экспанатаў, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы пэўнай установы, і заснаванне стыпендый ці прэмій, аснашчэнне літаратурай, дапамога, зыходзячы са сваёй спецыялізацыі (дзяржаўнае аб'яднанне «Беларуская чыгунка» аказала бязвыплатныя паслугі па перавозцы ўдзельнікаў «Славянскага базару») і ўвогуле выдаткаванне грошай на патрэбы культурных устаноў.

Хоць агульная сума, якую сфера мастацтва атрымала ў 2015 годзе ад мецэнатаў, не змянілася, відаць, што з'яўляецца ўсё больш і больш ахвотнікаў укладваць у вечныя каштоўнасці. А гэта сапраўды варта ўшанавання.

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?