Вы тут

Капітан міліцыі - чэмпіён свету па гіравым спорце


Малады міліцыянер з глыбінкі ў вольны ад службы час прафесійна займаецца гіравым спортам. Ён — вучань вучня славутага савецкага спартсмена Рамуальда Кліма. Быў прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. У скарбонцы дасягненняў і тытул чэмпіёна свету.


29-гадовы капітан міліцыі, аператыўны дзяжурны службы Лёзненскага РАУС Дзмітрый Германаў гутарыў са мной пасля сутачнага дзяжурства. Таму адчувалася яго стомленасць. Пасада адказная, і на рабоце не расслабішся. Расказаў, што гіравым спортам пачаў займацца ў студэнцкія гады. У 2003 годзе ён вучыўся на другім курсе біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.

— А трэніраваўся ў іншай ВНУ: тэхналагічным універсітэце, які знаходзіцца недалёка. Знаёмыя мне параілі звярнуцца да трэнера, дацэнта Аляксандра Дзенісюка. Ён — майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы. Сярод яго трэнераў быў легендарны Рамуальд Клім (алімпійскі чэмпіён 1964 года ў кіданні молата, рэкардсмен свету, дзевяціразовы рэкардсмен СССР. — Аўт.). У спартанскіх умовах паважаны Аляксандр Іванавіч здолеў падрыхтаваць дзясяткі майстроў спорту, у тым ліку гіравога. Я вельмі ўдзячны яму, бо ўжо праз паўтара года я прымаў удзел у чэмпіянаце свету сярод юніёраў і заняў другое месца. Лічу гэты вынік сваім самым высокім дасягненнем. Наогул, шмат спаборніцтваў было, — распавядае Дзмітрый.

Некалькі гадоў таму ён, тады яшчэ старшы лейтэнант, участковы інспектар міліцыі, перамог на чэмпіянаце, арганізаваным Міжнароднай канфедэрацыяй майстроў гіравога спорту. Але вялікім дасягненнем гэта не лічыць.

— Паехаў удзельнічаць, бо спаборніцтвы праводзілі ў Віцебску, дзе і жыву. Раней была адзіная Міжнародная канфедэрацыя гіравога спорту. Потым яна распалася. З'явіліся новыя адгалінаванні, напрыклад, Міжнародны саюз гіравога спорту, Міжнародная канфедэрацыя майстроў гіравога спорту... Бяру ўдзел у кубках і чэмпіянатах краіны, спартакіядах і іншых спаборніцтвах. Выступаю за каманду МУС, — працягвае суразмоўца.

Яго асабісты рэкорд — штуршок дзвюх гір вагой па 32 кілаграмы: за 10 хвілін 91 уздым.

— Не самы вялікі і не самы маленькі вынік, — кажа ён. — Я мог бы больш удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, але гэта дорага. Бо, акрамя дарогі, трэба аплаціць заявачны ўзнос. Прафесіяналы не шкадуюць грошай на спецыяльныя прэпараты для прафілактыкі траўмаў, масаж і іншае, — дадаў гіравік.

Дзмітрый сам сябе трэніруе. Мінімум раз на тыдзень. Стараецца, каб і харчаванне было збалансаваным.

Дзмітрый — шчаслівы бацька 4-гадовай дачкі. І хоць гіравы спорт вельмі папулярны ў дам, капітан міліцыі не хоча, каб дачка пайшла па яго шляху. Ён за тое, каб жанчыны займаліся жаночымі відамі спорту.

Канстанцін Князеў, начальнік Лёзненскага РАУС, расказаў, што ў планах раённага аддзялення — стварэнне гіравой секцыі.

— Трэба закласці традыцыі гіравога спорту, каб калегі займаліся разам з Дзмітрыем Аляксеевічам. Каб маладыя людзі, маючы такі добры прыклад перад вачамі, станавіліся прыхільнікамі гэтага мужнага віду спорту, — сказаў палкоўнік міліцыі.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Германава

Лёзненскі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: Больш за хобі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.