Вы тут

Метры, вы чые?


Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала разабрацца, ці маглі быць інтэрнаты кватэрамі.

У Магілёве будтрэст №12 працягвае высяляць жыхароў пасляваенных дамоў праз суд. Летась у падобнай сітуацыі апынуліся жыхары дома №59 па вуліцы Ленінскай. Цяпер лісты на высяленне атрымліваюць жыхары двухпавярховіка па вуліцы Заслонава, 29. У найбліжэйшы час ім давядзецца з'ехаць з нажытых месцаў: каму ў інтэрнат, а каму, вобразна кажучы, проста на вуліцу... Балансатрымальнік дома ААТ «Будтрэст №12» больш не жадае мірыцца з тым, што на яго камунальных метрах жывуць людзі, якія не маюць дачынення да прадпрыемства. Для яго гэта — інтэрнат, і кропка. А вось жыхары дома лічаць, што жывуць у кватэрах. З імі салідарны жыхары яшчэ чатырох будтрэстаўскіх дамоў — №28 і №30 па вуліцы Заслонава, а таксама №4 і №6 па вуліцы Будаўнікоў. Ім таксама «свеціць» высяленне.


На­шчад­кі тых, хто ў 60-80-я га­ды атрым­лі­ваў не­перс­пек­тыў­нае жыл­лё,  апы­ну­лі­ся пе­рад фак­там, што іс­ці ім ня­ма ку­ды...

«Чароўнае» пераўтварэнне

Усе гэтыя двухпавярховікі пасляваеннай забудовы першапачаткова мелі аднолькавую, знаёмую многім планіроўку — доўгі калідор, па абодва бакі якога пакоі і агульныя кухні (прыбіральня на вуліцы). Цяпер гэта кватэры з санвузламі і ўласнымі кухнямі. Жыхары кажуць, што самастойна рабілі рэканструкцыю, але з вуснага дазволу адказных асоб трэста: прадпрыемства мела цяжкасці з фінансаваннем. Яны ўпэўнены, што мелі падставы лічыць сваё жыллё кватэрамі, і сцвярджаюць, што інтэрнатамі дамы сталі для іх зусім нечакана.

— У 2002 годзе сабралі ўсіх разам і далі падпісаць пустыя лісты. Папрасілі, каб мы ўпісалі, што будзем своечасова аплачваць камунальныя паслугі за наяўны разлік, — кажа жыхар дома №29 па вуліцы Заслонава Сяргей Куродаў. — Ніхто нічога нам не казаў, не пытаўся, ці згодны мы на пагаршэнне сваіх жыллёвых умоў. Нам схлусілі: сказалі, што цяпер ордары не дзейнічаюць, замест іх — дагаворы. А калі вярталі лісты, там ужо быў пазначаны новы статус нашых дамоў — інтэрнат. Цяпер высяляюць, нягледзячы на тое, што ў дагаворы з Будтрэстам тэрмін яго дзеяння абазначаны як пастаянны.

Жыхары спасылаюцца на архіўныя паперы, сярод якіх, напрыклад, спісы ўсіх дамоў і інтэрнатаў на балансе прадпрыемства — і тыя, і другія пазначаны асобна. Усе пяць дамоў па вул. Заслонава і Будаўнікоў, вакол якіх ідзе спрэчка, у ліку жылых дамоў. Такі ж статус яны маюць і ў выпісцы з рашэння Магілёўскага гарвыканкама №13-28 ад 16 ліпеня 1997 года «Аб прававым афармленні існуючых землекарыстанняў». Людзі лічаць гэта асноўным доказам таго, што іх дамы да 2000 года не былі інтэрнатамі. Бо гэтыя квадраты выдзяляліся ім не будтрэстам, а выканкамам. Ёсць і іншыя, на іх погляд, не менш значныя дакументы.

— У суседкі маецца даведка, якая пацвярджае, што яе брат абмяняў сваё памяшканне без выгод на добраўпарадкаваную кватэру ў шматпавярховіку, — аргументуе Вера Бандаркова, жыхарка дома №28 па вуліцы Заслонава. — Калі б гэта быў інтэрнат, такі абмен быў бы немагчымы.

Святлане Зубрыцкай, якая па дагаворы найму з будтрэстам займае ў доме №29 па вуліцы Заслонава больш за 87 «квадратаў», позва ў суд яшчэ не прыходзіла, але сэрца яе не спакойнае.

Га­лі­на Сіт­ке­віч: «Май­му баць­ку да­лі ор­дар на ква­тэ­ру, а ця­пер ка­жуць, што гэ­та — ін­тэр­нат».

— Гэтае жыллё атрымалі мае бацькі, якія адпрацавалі ў будтрэсце амаль 50 гадоў, — сведчыць яна. — Калі яны памерлі, кватэру перааформілі на мяне — па рашэнні аблвыканкама ад 1992 года. Потым ордар забралі, каб перазаключыць дагавор найму жылога памяшкання. Далі падпісаць пусты ліст паперы, а калі вярнулі, там ужо было пазначана, што месца майго пражывання — інтэрнат.

У Галіны Сіткевіч з дома №28 па вуліцы Заслонава ордар на кватэру захаваўся, ён таксама выдадзены райвыканкамам. У яе з былым мужам падзелены асабовыя рахункі. Паводле штампа ў пашпарце сужэнцы прапісаны ў кватэры №14. Але апошнія два гады ў квітках на жыллёвыя паслугі ўказваецца, што яна жыве ў пакоі №14, а былы муж — у пакоі 14 з паметкай «а». Адкуль гэтае «а» ўзялася, жанчына не разумее.

Яшчэ адна падстава лічыць жыхарам гэта жыллё кватэрамі, а не пакоямі ў інтэрнаце, — тое, што іх — пры наяўнасці дастатковай колькасці метраў — здымалі з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Камень на шыі

З 2013 года дамы №№28, 29, 30 па вуліцы Заслонава, №№4 і 6 па вуліцы Будаўнікоў знаходзяцца ў камунальнай маёмасці горада, а будтрэст №12 валодае імі на праве бязвыплатнага карыстання.

— Мы выстаўляем жыхарам гэтых дамоў тарыфы, як для насельніцтва, а плацім за іх утрыманне пастаўшчыкам паслуг па расцэнках прадпрыемства — у некалькі разоў вышэй, — тлумачыць генеральны дырэктар будтрэста №12 Дзмітрый Марозаў. — На працягу года выдаткі па жыллі складаюць для нас мільярды. Пры тым, што там жывуць толькі адзінкі з нашых работнікаў. Што датычыцца непасрэдна дома №29 па вуліцы Заслонава, ён у аварыйным стане, і яго трэба знесці. Тым, хто ў нас працуе, мы прапаноўваем інтэрнаты. Астатнія павінны пакінуць гэтае жыллё. Засталася 5 сем'яў, якія жывуць там беспадстаўна.

— Людзі кажуць, што гэтыя дамы перавялі ў інтэрнаты на пачатку 2000-х.

— Гэтыя дамы — інтэрнаты. Менавіта пад такім статусам яны зарэгістраваны ў Агенцтве па дзяржаўнай нерухомасці і зямельным кадастры.

Паперы і сведкі

Судовыя пасяджэнні праходзяць у Ленінскім судзе горада Магілёва індывідуальна, але пакуль не на карысць ісцоў. Сужэнцы Кандрашовы атрымалі магчымасць застацца толькі дзякуючы сваёй непаўналетняй дачцэ. Па законе балансатрымальнік не можа выселіць з інтэрната тых, хто 10 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве або мае дзяцей да 18 гадоў (артыкул 93 Жыллёвага кодэкса).

— Ордар на жылыя памяшканні, дзяржаўны акт на карыстанне зямлёй, архіўныя выпіскі аб прадстаўленні і абмене кватэр не сведчаць пра тое, што займанае жылое памяшканне з'яўляецца кватэрай, — падкрэсліла Валянціна Лапаціна, намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Магілёва. — Згодна з пунктам 1 артыкула 119 ЖК, інтэрнат — гэта жылы дом (яго частка), спецыяльна пабудаваны або пераабсталяваны для пражывання на перыяд працы або вучобы. А тое, што жылыя дамы №6 па вуліцы Будаўнікоў і №29 па вуліцы Заслонава з'яўляюцца інтэрнатамі, пацвярджаецца сведчаннямі аб дзяржаўнай рэгістрацыі і выпіскамі з рэгістрацыйнай кнігі «Аб правах, абмежаваннях правоў на капітальнае будаванне ад 26.11.2015 года». А таксама інвентарнымі і рэгістрацыйнымі справамі на гэтае капітальнае збудаванне ад 1959 года, дзе змяшчаюцца характарыстыкі гэтых збудаванняў. Яны ўказваюць на тое, што дом №29 па вуліцы Заслонава і №6 па вуліцы Будаўнікоў былі пабудаваны і выкарыстоўваліся, як інтэрнаты.

Жыль­цы спа­дзя­юц­ца, што іх да­мы пе­ра­ста­нуць лі­чыць ін­тэр­на­та­мі.

Аднак наконт прызначэння гэтых будынкаў маецца і іншае меркаванне. Пенсіянерка Марыя Пратасава з 1966 па 2007 год працавала ў ЖКК будтрэста №12 — спачатку маляром, а потым інспектарам па жылфондзе і майстрам. Ёй па роду заняткаў прыходзілася мець справу з тэхнічнымі пашпартамі на жылыя памяшканні.

— Так, першапачаткова гэтыя дамы сапраўды былі інтэрнатамі, але ў 1963 годзе атрымалі статус жылых дамоў з частковымі выгодамі, і туды людзей засялялі па ордарах, якія даваў не будтрэст, а выканкам, — сведчыць яна. — Аднак, у пачатку 2000-х з'явіліся новыя тэхпашпарты на гэтыя дамы, дзе яны ўжо мелі статус інтэрнатаў. Старыя тэхнічныя пашпарты кудысьці зніклі.

Марыя Пратасава пацвердзіла, што людзей здымалі з жыллёвай чаргі, калі ў іх хапала плошчы ў гэтых дамах без выгод. Яна спачувае людзям, якія трапілі ў складаную сітуацыю, і гатова сведчыць у судзе. На яе памяці толькі адна работніца будтрэста паспела прыватызаваць падобную кватэру і прадаць.

— У 90-х гадах некалькі дамоў, дзе не было выгод, трэст адрамантаваў, зрабіў там санвузлы і кухні, надбудаваў яшчэ адзін паверх, — расказвае Марыя Пратасава. — Былі намеры зрабіць рэканструкцыю і іншых дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў, але не хапіла сродкаў. Трэст выдзяляў сем'ям дадатковыя пакоі для расшырэння і не забараняў рабіць там выгоды. Таму людзі і лічылі іх сваімі кватэрамі. Іх бацькі даўно памерлі, а ім, ужо таксама немаладым, цяпер нешта даказаць складана.

Трэба сказаць, што сітуацыя з магілёўскімі пасляваеннымі дамамі, якія першапачаткова былі без выгод, не ўнікальная. Такія дамы ёсць па ўсёй краіне. Пенсіянер Міхаіл Рыськоў, які доўгі час працаваў юрыстам у іншым магілёўскім будтрэсце, згадвае, што ў савецкія часы былі выпадкі, калі кіраўнікі прадпрыемстваў давалі кватэры ў інтэрнатах і наадварот — кватэры ў жылых дамах пераўтваралі ў пакоі часовага пражывання.

Аднак у інтэрнатах немагчыма было падзяліць асабовыя рахункі паміж жыльцамі аднаго памяшкання. Немагчыма было і абмяняць месца ў інтэрнаце на кватэру. Гэта варта было б улічваць у вырашэнні спрэчак вакол статусу такіх дамоў. На жаль, у цяперашнім Жыллёвым кодэксе такі нюанс не прадугледжаны, і нашчадкі тых, хто ў 60-80-я гады атрымліваў неперспектыўнае жыллё, апынуліся перад фактам, што ісці ім няма куды.

Ні метраў, ні правоў

— У савецкі час строгіх патрабаванняў да рэгістрацыі жылфонду, як сёння, не існавала. Меліся інвентарныя карты, у лепшым выпадку — тэхнічныя пашпарты, — кажа Генадзь Лебедзеў, загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама. — Прычым тэхнічныя пашпарты і на жыллёвы дом, і на інтэрнат выдаваліся аднолькавыя. Адрозненне было толькі ў тым, што ў дагаворы найму жылля агаворвалася — інтэрнат гэта або жылы дом. У пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пачалі прымацца меры па ўпарадкаванні рэгістрацыі жыллёвага фонду. У пастанове Саўміна №800 указваецца канчатковая дата, калі гэта трэба было зрабіць, — да 1 студзеня 2014 года. Па сантэхнічных патрабаваннях дамы па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў нельга прызнаць жылымі, паколькі яны ўяўляюць з сябе доўгі калідор, па абодва бакі якога 12-14 пакояў на 2-3 кухні. Таму і зарэгістраваны яны як інтэрнаты.

На што могуць разлічваць жыхары дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў (а гэта каля 40 сем'яў)? Яны звярнуліся да ўлад з прапановай дазволіць ім стварыць жыллёва-будаўнічы кааператыў. Для таго, каб яны змаглі пабудаваць іншае жыллё, ім патрэбна права на метры, у якіх яны пражываюць зараз, і льготны крэдыт. Улады не жадаюць ісці на такі кампраміс. Маўляў, людзі не стаяць на ўліку на атрыманне жылля, таму права на льготны крэдыт не маюць. Правоў на метры, дзе яны жывуць, таксама не можа быць, бо статус дамоў не дазваляе. Вельмі зручная для адпісак сітуацыя. Але што рабіць людзям?

Зрэшты, справа не толькі ў пэўнай інфантыльнасці і юрыдычнай неадукаванасці грамадзян. Тое, што такая колькасць людзей можа апынуцца на вуліцы — адказнасць таксама кіраўніцтва прадпрыемства і тых, хто кантралюе яго дзеянні. Цяпер, калі жыхары прапаноўваюць свае варыянты выйсця, другі бок абавязаны пачуць людзей і зрабіць так, каб інтарэсы грамадзян былі абароненыя.

Фота аўтара

P.S.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, жыхары атрымалі адказ на свой зварот у Магілёўскі аблвыканкам. У лісце гаворыцца, што дамы па вуліцы Заслонава №28, 29, 30 і іншыя па іх тэхнічных характарыстыках зарэгістраваны як інтэрнаты, але па наяўных дакументах статус некаторых з іх ставіцца усё ж пад сумненне. Каб паставіць усе кропкі над «і», аблвыканкам звярнуўся ў Міністэрства ЖКГ па ацэнку сітуацыі. «Звязда» будзе сачыць за яе развіццём.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?