Вы тут

Калі праяўляецца аўра людскасці?


Нашы найлепшыя чалавечыя якасці праяўляюцца выключна эпізадычна — калі ідзём да храма ці падчас экстрыму.


На Вадохрышча чарга па асвечаную ваду ля нашага сухараўскага храма пачыналася ледзь не ад аўтобуснага прыпынку. Рухалася яна даволі хутка, але ўсё роўна ўсім ахвотным на добрым марозе даводзілася павольна ісці наперад добрых хвілін дваццаць. Але гэты плаўны рух быў напоўнены такой урачыстай чароўнасцю, што стаяў бы і дзве гадзіны. Бо ў высокім сінім небе з пёрыстымі бялюткімі аблокамі ззяла і нават крыху прыгравала яркае сонца, і гучным высокім рэхам адгукаліся царкоўныя званы, якія нястомна спявалі адну радасную мелодыю за другой.

І былі людзі, якіх — засяроджаных, заклапочаных, стомленых — не раз ужо бачыў ля суседніх дамоў, у краме, у транспарце. Яны ў гэтай чарзе былі зусім іншымі — лепшымі, дабрэйшымі, больш спагадлівымі і шчырымі. Ніхто не павышаў голас, не абураўся, раз-пораз хтосьці закідваў галаву і глядзеў у гэта глыбокае неба са здзіўленым захапленнем, нібы бачыў яго ўпершыню.

Бацькоў з малымі прапускалі без чаргі, а тым, хто марудзіў, падказвалі: ідзіце, маўляў, наперад, не стойце з дзіцем на марозе. І ўсе ўсміхаліся адно аднаму, і нават зусім незнаёмыя людзі, апынуўшыся побач, перакідваліся парай прыветлівых слоў. Было ва ўсім гэтым нешта такое важнае і сапраўднае, такое неабходнае, што кранала да слёз. Нібы анёлы-ахоўнікі адначасова спусціліся кожнаму з нас на плячо і замілавана назіралі, як мы хоць на дваццаць хвілін зрабіліся такімі, якімі і павінны быць па задуме Божай.

Менавіта з-за гэтых дзівосных імгненняў, дзякуючы якім пачынаеш шмат што разумець і па-іншаму глядзець на навакольны свет, і трэба хоць раз пабыць у падобнай чарзе. Я асабіста заўсёды з узнёслым задавальненнем іду асвячаць вярбу ці велікодны пачастунак — стараюся трапіць акурат тады, калі больш за ўсё людзей. Аднойчы сем гадзін давялося пастаяць сярод спёкі, каб дакрануцца да адной хрысціянскай святыні, якую на некалькі дзён прывезлі ў Мінск; праз колькі часу — пяць гадзін у люты мароз — да другой. Не здарылася тады нейкага відавочнага дзіва, дый, калі шчыра, пра тое і не думалася. Але сапраўдны цуд быў — прасветленыя твары, шчырыя ўсмешкі, ціхія добрыя словы. У спёку з зусім незнаёмымі дзяліліся вадой і ценем, на студзеньскім марозе — чаем з тэрмаса і нават рукавіцамі. Над тысячамі людзей — аўра людскасці. Дзе такое ўбачыш яшчэ?

Хіба што сярод нейкай вялікай, агульнай бяды. Як у красавіку 2011-га, калі ўся краіна бы скамянела ад жудасных навін з мінскага метро, а пасля кінуліся дапамагаць хто чым мог, і ў тыя страшныя дні вельмі спагадліва і беражліва мы ўсе адно да аднаго ставіліся.

Як у сакавіку 2013-га, калі краіну накрыла снежная навала, і мы дапамагалі адно аднаму адкопваць машыны, і тапталі адно перад адным сцежкі, і падавалі руку, калі нехта траціў раўнавагу і завальваўся ў гурбу, і ў сеціве ўтвараліся цэлыя суполкі людзей, якія прапаноўвалі дапамогу — дах над галавой і гарачую ежу. І менавіта таму сярод той стыхіі мы ўсе выжылі.

Але не сталі ні дабрэйшымі, ні больш спагадлівымі. Як ні парадаксальна і ні крыўдна для нас саміх гэта гучыць, але нашы найлепшыя чалавечыя якасці праяўляюцца выключна эпізадычна, па сітуацыі — калі ідзём да храма ці падчас экстрыму. А паколькі першае здараецца ў нашым жыцці не вельмі часта, а другое — і дзякуй за тое Усявышняму — увогуле рэдка, у нармальным жыцці мы застаёмся зусім іншымі. Абыякавымі, зайздроснымі, раздражнёнымі, часам — сквапнымі, часам — жорсткімі. Варта толькі ўздыхнуць з палёгкай, што небяспека мінула, або адысціся ад храма на пэўную адлегласць...

Праз дарогу ад царквы, трохі далей па вуліцы, у бруднай снежнай кашы на ўзбочыне сядзеў і лаяўся п'яны дзяцюк. Людзі, што неслі дадому асвячоную ваду, хто грэбліва, а хто спалохана, абыходзілі п'янага — быў ён настроены, мякка кажучы, не добразычліва. І ўсё б было правільна: на вуліцы быў белы дзень, мароз не моцны, не змерз бы той п'яніца, прачухаўся б, пасядзеўшы на снезе, дый пайшоў бы дахаты... Калі б не яго маці.

Старая, з кійком, удвая меншая за свайго недарэку-сына, яна не плакала, не галасіла, яна проста прасіла людзей, якія ішлі міма: «Дапамажыце, калі ласка, яго падняць. Тут недалёка, я яго сама дадому завяду...» Але людзі, што ішлі міма, — тыя, што яшчэ колькі хвілін назад прасветлена ўсміхаліся і глядзелі ў неба, не спыняліся: іх рукі былі занятыя бутлямі з вадой. Спынілася толькі гэткая самая бабка, і яны тузалі вялізнага мужыка за рукі, а ён мыкаў і супраціўляўся.

Дзе была аўтарка гэтых радкоў, пацікавіцца дапытлівы чытач. Забегла ў краму, што побач, — раптам вельмі пільная патрэба з'явілася ў нейкім ну проста жыццёва неабходным рыштунку. Праўда, праз пару хвілін сумленне, сорам і яшчэ не забытае ўражанне ад званоў і сіняга з сонечным узялі верх, і я выбегла на вуліцу з цвёрдым намерам той няшчаснай бабулі дапамагчы. Але яна ўжо неяк справілася і павольна вяла сваё няшчаснае дзіця да пад'езда. Аўра людскасці на гэтую тэрыторыю ўжо не распаўсюджвалася.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Аўра людскасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».