Вы тут

Прэзентавана кніга, прысвечаная беларускай архітэктуры


Падчас святкавання 95-годдзя БНТУ прадставілі выданне, прысвечанае беларускай архітэктуры.

Кніга вядомага навукоўцы, дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армена САРДАРАВА «Краса. Эстэтыка беларускай архітэктуры» зусім нядаўна выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» (больш падрабязна пра гэта мы ўжо пісалі). У ёй закранаюцца самыя розныя аспекты гісторыі і, што больш важна, эстэтыкі беларускай архітэктуры, менавіта ў гэтым і заключаецца ўнікальнасць працы. У якасці ілюстрацый выкарыстоўваюцца шматлікія здымкі будынкаў з усёй тэрыторыі Беларусі, зробленыя самім аўтарам.


Днямі ў сталічным Доме дружбы кнігу прэзентавалі шырокай публіцы. На мерапрыемства завіталі сябры аўтара, дзеячы навукі і мастацтва, а таксама калегі — выкладчыкі тэхнічнага ўніверсітэта.

— Складана знайсці правільнае слова для азначэння выдання, якое мы сёння прадстаўляем, — сказаў у сваім вітальным слове міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. — Магчыма — кніга, можа быць — праца, але найлепш будзе сказаць — твор. Мне здаецца, менавіта гэты тэрмін найбольш яскрава перадае асобу самога аўтара, і гэта зразумее кожны, хто пагартае выданне. Твор атрымаўся вельмі шматузроўневы, думаю, любы знойдзе ў ім нешта цікавае для сябе. Адзначыў бы і ўдалы выбар назвы — нягледзячы на тое, што архітэктуру лічаць утылітарным відам мастацтва, менавіта слова «краса» скіроўвае ўвагу чытача ў іншы бок, і гэта вельмі важна. Думаю, кніга стане велізарным унёскам у беларускую культуру падчас Года культуры, за гэта хочацца сказаць вялікі дзякуй.

Шматлікія госці мерапрыемства сыходзіліся ў думцы, што кніга Армена Сардарава мае вялікую каштоўнасць для цяперашняй Беларусі, такога выдання краіне неставала. Дзякавалі і гістарычнай радзіме аўтара — Арменіі — за тое, што яна падарыла Беларусі чалавека, які прысвяціў жыццё даследаванню і асэнсаванню нашай архітэктурнай спадчыны.

— Для мяне вялікі гонар, што нам удалося прымеркаваць прэзентацыю кнігі да хрысціянскіх свят, якія адзначаюцца цяпер, — сказаў Армен Сардараў. — Гэта вельмі сімвалічна, да таго ж мы зладзілі выставу здымкаў храмавай архітэктуры краіны. Само выданне стала плёнам амаль 40 гадоў майго жыцця, падчас якіх я вандраваў па Беларусі, рабіў здымкі. І ўвесь час пераконваўся, што наша вельмі простая на першы погляд архітэктура насамрэч значна глыбейшая. Я ўпэўнены, што такой яна застанецца назаўсёды.

Як праходзіла прэзентацыя кнігі, можна паглядзець ТУТ.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Краса побач з намі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.