Вы тут

Піяршчыкаў і бухгалтараў будуць скарачаць?


Амаль палова беларусаў атрымлівае заробкі да 5-ці мільёнаў, а прыбытак кожнага шостага не перавышае 3-х. (Такія лічбы апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.) Грошы, скажам шчыра, невялікія. Але, адзначаюць кадравікі, людзі трымаюцца і за такія, нізкааплатныя, месцы, бо шанцаў на іншыя не так і шмат. Хто сёння сядзіць без працы і на якіх спецыялістах звычайна эканомяць у крызіс?


За п'янства звальняюць часцей, чым праз мадэрнізацыю

Па афіцыйных звестках, 43 тысячы беларусаў з'яўляюцца беспрацоўнымі. Гэта адзін працэнт ад эканамічна актыўнага насельніцтва. У сталіцы сітуацыя традыцыйна лепшая: тут незанятых грамадзян — 0,6 працэнта. Найбольшы паказчык беспрацоўя па абласцях назіраецца на Гомельшчыне — 1,2 працэнта.

Чвэрць з гэтай катэгорыі, па ацэнках Мінпрацы, — маладыя людзі 16—29 гадоў. А кожны шосты беспрацоўны знаходзіцца ў перадпенсійным узросце.

Амаль палова тых, хто стаіць на ўліку (44 працэнты), — звольненыя работнікі. Але далёка не ўсе страцілі месца праз мадэрнізацыю. Статыстыка паказвае, што людзей у тры разы часцей звальняюць за парушэнне дысцыпліны на прадпрыемстве (у тым ліку за п'янства), чым у сувязі са скарачэннем штату (такіх беспрацоўных 6 і 2 працэнты адпаведна). Кожны чацвёрты незаняты беларус сышоў па пагадненні бакоў, 6 працэнтаў скасавалі кантракт па ўласным жаданні. Былых індывідуальных прадпрымальнікаў сярод незанятых грамадзян — 0,8 працэнта.

Людзі, якія доўгі час нікуды не ўладкоўваліся, складаюць чвэрць ад агульнай колькасці беспрацоўных. Яшчэ тры працэнты — асобы, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і лячэбна-працоўных прафілакторыяў.

Больш за тры працэнты беспрацоўных — гэта выпускнікі школ, каледжаў і ўніверсітэтаў. Калі казаць увогуле пра адукацыйны ўзровень незанятых грамадзян, то траціна з іх скончыла толькі 11 класаў школы. Столькі ж маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Доля беспрацоўных з дыпломам універсітэта — 13 працэнтаў.

Ці шмат незанятых беларусаў палічылі сябе дармаедамі? Па інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, на пачатак года ў гэтым прызналіся 420 грамадзян — менш за 1 працэнт усіх беспрацоўных.

Працуйце за дваіх! Але за тыя ж грошы

Каго часцей звальняюць у крызіс? У першую чаргу кампаніі эканомяць на рэкламе. Спецыялісты, якія займаюцца падборам персаналу, таксама не ў цане, бо, відавочна, пошук новых кадраў прыпыняецца. Калі на прадпрыемстве працуе некалькі бухгалтараў, то ад часткі з іх адмаўляюцца, каб павялічыць заробак галоўнаму бухгалтару, які ўсё роўна патрэбны.

Скарачаюць таксама эканамістаў і юрыстаў. Замест таго, каб трымаць гэтых спецыяялістаў у штаце на пастаяннай аснове, кампаніі проста звяртаюцца ў спецыялізаваныя фірмы. Увогуле, усё, што можна, аддаецца на аўтсорсінг.

Па словах дырэктара кадравага агенцтва «Калекцыя адкрыццяў» Ірыны ШАТКОЎСКАЙ, у крызісныя часы папулярны наступны варыянт: наймальнік звальняе некалькі чалавек і на замену бярэ аднаго, які будзе выконваць адразу ўсе задачы.

— У адным спецыялісце спрабуюць засяродзіць як мага больш навыкаў і кампетэнцый. Менавіта гэта важна для працадаўцы, — кажа эксперт. — Пошук новых супрацоўнікаў існуе, але чалавека, які б адпавядаў цяперашнім запытам кампаніі, вельмі складана знайсці. Наймальнік хоча бачыць нейкае рэдкае спалучэнне вопыту, адукацыі, ведання моваў.

Падбор персаналу скарачаецца ў будаўнічых кампаніях. Радзей з'яўляюцца вакансіі ад вытворчых прадпрыемстваў. «Крызіс адбіўся на ўсіх сферах, калі шчыра. Калі казаць, каго не закранула, то толькі, напэўна, ІТ-галіну. Магчыма, у рознічным гандлі сітуацыя з працаўладкаваннем крыху лягчэйшая. А так — усюды складана», — каментуе Ірына Шаткоўская.

Сітуацыя на рынку працы мяняецца з кожным тыднем. У першых чыслах года, як і летась, было зацішша. З мінулага тыдня актыўнасць з боку кампаній ужо павышаецца. Яны пачынаюць працаваць і аналізуюць, каго ім не хапае.

— Размова не ідзе пра тое, што ўвогуле ніякую працу немагчыма знайсці, — адзначае эксперт. — Але адшукаць добрую вакансію па спецыяльнасці і з такім жа акладам, які быў на папярэднім месцы, вельмі складана.

Вось, напрыклад, прапановы на месца юрысконсульта (адна з найбольш папулярных спецыяльнасцяў у суіскальнікаў). У падатковую інспекцыю аднаго з раёнаў Мінска гатовы прыняць вопытнага работніка. Але толькі на час дэкрэтнага водпуску іншага супрацоўніка і толькі на 3,5 мільёна ў месяц. Юрыста шукаюць і ў сталічны музей. Праўда, на палову стаўкі. І заробак усяго 1 мільён.

Многія беспрацоўныя разглядаюць вакансію грузчыка, якая некалі лічылася высокааплатнай (асобныя фірмы абяцалі 9 мільёнаў у месяц, і гэта не мяжа). Цяпер жа прапановы ад наймальнікаў вельмі сціплыя. Большасць кампаній не гатова плаціць вышэй за 5 мільёнаў, а некаторыя і ўвогуле апускаюць планку да 2,5.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэклама — справа затратная

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.