Вы тут

Андрэй Белякоў: «Беларусь - краіна магчымасцяў»


Лідар БРСМ — пра ідэалогію студатрадаўскага руху, «працоўныя кніжкі» для валанцёраў і ўнутраны стрыжань.

На пачатку мінулага года быў запушчаны цікавы інтэрнэт-праект «Мая Беларусь — мой выбар». Яго задачай было напоўніць сацыяльныя сеткі пазітыўнай інфармацыяй і фактамі, якія дапамогуць гаварыць з гонарам пра нашу краіну. Увогуле ўсе 12 месяцаў Года моладзі былі насычаны мноствам актуальных акцый, мерапрыемстваў і падзей. Абранне на пасаду першага сакратара БРСМ Андрэя БЕЛЯКОВА якраз супала са стартам Года моладзі. Мы сустрэліся з маладзёжным лідарам, каб пачуць ад яго ацэнку дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў год моладзі і даведацца пра планы на бліжэйшую перспектыву...


Новыя сімвалы для ўсіх пакаленняў

— Андрэй Эдуардавіч, дазволю сабе вас працытаваць: «Год моладзі — каласальная для нас адказнасць, бо моладзь не церпіць фальшы і падману. І калі мы заявілі, што БРСМ павінен аб'ядноўваць крэатыўных і цікавых маладых людзей, то абавязаны гэта рабіць. За свае словы трэба несці адказнасць...» Як вы лічыце, ці ўдалося арганізацыі, якую вы ўзначальваеце, вытрымаць экзамен?

— Буду няшчырым, калі скажу, што гэта быў просты для нас экзамен. Мяркую, што найбольш аб'ектыўныя — колькасныя паказчыкі. Прывяду толькі некалькі лічбаў. Летась у складзе студэнцкіх атрадаў былі працаўладкаваныя больш як 70 тысяч маладых людзей. Калі 10 гадоў таму мы пачалі адраджаць будатрадаўскі рух, размова ішла пра сотні чалавек, а сёння колькасць байцоў студатрадаў налічвае дзясяткі тысяч. На конкурс «100 ідэй для Беларусі» было прадстаўлена больш як дзве тысячы праектаў. Гэта праекты, якія ўжо прыносяць рэальную карысць у навуцы, медыцыне, ІТ-сферы і іншых галінах. Прычым многія з агучаных ідэй упэўнена перамагаюць ужо і на міжнародным узроўні.

Хачу заўважыць, што Год моладзі супаў са святкаваннем у Беларусі 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і прэзідэнцкай кампаніяй. Гэтыя падзеі таксама былі ў цэнтры нашай увагі. Так, у рамках праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» па ініцыятыве БРСМ быў рэалізаваны маштабны праект «Маладзёжны агітцягнік «Кветкі Вялікай Перамогі». Яго маршрут праходзіў па месцах баёў за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і склаў каля 3-х тысяч кіламетраў. Нам было вельмі прыемна назіраць, як тысячы беларусаў 9 Мая і на Дзень Незалежнасці прымацоўвалі да сваёй вопраткі чырвона-зялёныя стужкі з яблыневай кветкай — сімвал, які мы прапанавалі, аб'яднаў людзей усіх пакаленняў.

Падчас выбарчай кампаніі моладзь праявіла асаблівую актыўнасць на ўсіх без выключэння этапах: і на этапе збору подпісаў за кандыдатаў, і падчас правядзення саміх выбараў. І ўсё гэта рабілася з дакладным разуменнем таго, што мы галасуем за будучыню сваёй краіны. Для моладзі гэта быў у пэўным сэнсе экзамен на сталасць. Сімвалічны слоган «Наш год — наш выбар» паслужыў назвай аднайменнаму праекту, сімвалам якога стаў чырвоны яблык са стылізаванай у колерах дзяржаўнага сцяга стужачкай. У рамках праекта актывісты БРСМ сабралі і раздалі ва ўсіх рэгіёнах краіны каля 32 тон яблыкаў і 27 кіламетраў стужкі.

Фінал Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года».

«Патрыятызм». Як шмат у гэтым слове...

— Пры вашай арганізацыі створана лабараторыя сацыялагічных даследаванняў. Ці аналізавалі вы, наколькі маладым людзям цікавыя акцыі БРСМ і як падрастаючае пакаленне ўвогуле ўспрымае вашы ідэі і прапановы?

— Лабараторыя і стваралася якраз для гэтых мэтаў — вывучаць памкненні, інтарэсы і настроі ў маладзёжным асяродку. Мы цікавіліся тым, што думаюць маладыя людзі пра сябе, сваіх равеснікаў і краіну, што для іх азначаюць такія паняцці, як «патрыятызм» і «радзіма». Мы цудоўна разумеем, што маладое пакаленне ўсё больш і больш сыходзіць у віртуальны свет — з яго новымі магчымасцямі, перавагамі, спакусамі і пагрозамі. Гэта пацвердзіла і сацыялагічнае даследаванне: высветлілася, што без камп'ютараў не могуць абысціся 99% апытаных, у той жа час без тэлебачання — 46%, без друкаваных СМІ — 32%, а без кніг — усяго 6%. І гэту акалічнасць мы не можам не браць пад увагу. Наша задача была ў тым, каб стварыць маладзёжную беларускую інтэрнэт-прастору.

Перш за ўсё мы абазначылі сябе ў сацыяльных сетках. Самая папулярная з іх у маладых беларусаў — «УКантакце». І на гэта мы зрабілі стаўку. Сёння там працуюць каля 350 суполак БРСМ, якія аб'ядноўваюць больш за 400 тысяч чалавек. 173 акаўнты сеткі Twіtter паведамляюць у рэжыме рэальнага часу пра падзеі і разнастайныя мерапрыемствы БРСМ. Прадстаўлены мы і ў іншых сетках — Facebook, «Аднакласнікі», Іnstagram. Функцыянуюць суполкі і на хостынгу Youtube.com, дзе перыядычна выкладваецца відэаінфармацыя. Праз інтэрнэт мы спрабуем данесці ўсё самае цікавае пра наш саюз. Для БРСМ важна пастаянна быць у трэндзе, у тым ліку ў інтэрнэце.

Таксама наша лабараторыя «замярала» ў інтэрнэце ўзровень грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі. Рэспандэнтам задалі пытанне: «Што такое патрыятызм у вашым разуменні?». І вось як размеркаваліся іх адказы: «Любоў да Радзімы, роднага горада, вёскі, дому» — так адказалі 40%. «Павага да сваёй Радзімы, гонар за сваю краіну» — 34%. «Любоў да нацыянальнай культуры» — 12%, «Любоў да сваёй сям'і і блізкіх» — 6%. «Імкненне да бяспечнага свету і сацыяльнай справядлівасці» — 5%. А 3% апытаных лічаць, што «ва ўмовах глабалізацыі патрыятызм страчвае сваё значэнне».

Су­стра­каць ма­ла­дзёж­ны агіт­цяг­нік «Квет­кі Вя­лі­кай Пе­ра­мо­гі»  пры­хо­дзі­ла на вак­за­лы вя­лі­кая коль­касць лю­дзей роз­на­га ўзрос­ту.

Дыялог на роўных

— Летась БРСМ запусціў новы праект «Выбірай.bу!» Ці ўдалося вам навучыць маладых людзей аргументаваць свой пункт погляду і адстойваць сваю пазіцыю? І, галоўнае, ці пачулі іх прадстаўнікі ўлады?

— Адкрытыя дэбаты з'яўляюцца, па сутнасці, новым этапам «Адкрытага дыялогу», падчас якога моладзь мае магчымасць абмеркаваць пытанні і праблемы, якія яе хвалююць. Уменне выслухаць апанентаў, экспертаў і зрабіць правільныя высновы — вельмі каштоўнае. Для нас важна, што прадстаўнікі ўлады ахвотна адгукаліся на нашы прапановы далучыцца да дыялогу. Проста выдатна, што сёння адсутнічаюць бар'еры паміж моладдзю і ўладай. Спадзяюся, што такія сустрэчы за «круглым сталом» былі аднолькава цікавыя для ўсіх: на адным баку — багаты досвед (і прафесійны, і жыццёвы), а на другім — выбуховая маладзёжная энергетыка, новыя цікавыя меркаванні, ідэі і думкі, якія дапамагаюць ісці ў нагу з часам. У экспертаў была магчымасць даведацца пра тое, чым жыве моладзь, а ў маладых людзей — атрымаць велізарную колькасць карыснай інфармацыі, так бы мовіць, з першых рук. Напрыклад, у дэбатах, якія прайшлі падчас спартыўна-адукацыйнага форуму «Алімпія», удзельнічалі віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Наталля Качанава, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, а таксама намеснікі кіраўнікоў многіх ведамстваў. Тэмай для абмеркавання стала дзяржаўная служба. У дэбатах удзельнічала моладзь, якая ўжо працуе ў дзяржаўных органах. Ніхто не замоўчваў праблемы. Галоўная думка, што там прагучала, — будучае краіны ў нашых руках. Каб дасягаць вялікіх мэтаў, развівацца, вельмі важна аб'ядноўвацца...

Праект цікавы ўсім, і тэмы з завяршэннем Года моладзі не вычарпаліся, таму ён будзе працягвацца. Плануем задзейнічаць для абмеркавання праблем маладзёжнай палітыкі ў тым ліку і інтэрнэт.

«Алімпія» - інтэрактыўная.

«Музейны дыліжанс» і «Школа шапавалаў»

— У БРСМ хапае брэндавых праектаў. «100 ідэй для Беларусі» якраз з іх ліку. Але з цягам часу інтарэс нават да самых папулярных праектаў можа згасаць. Вы ўлічваеце такую пагрозу?

— У лютым пройдзе фінал чарговага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», у якім будуць прадстаўлены каля сотні самых цікавых і крэатыўных праектаў. А ўвогуле ў рэгіянальных этапах прынялі ўдзел, як я ужо казаў, каля 2 тысяч праектаў — больш чым у папярэднія гады, чаму ў немалой ступені паспрыяў і сайт «100 ідэй для Беларусі». Значыць, інтарэс захоўваецца...

Праекты, на маю думку, вельмі цікавыя. Нашы маладыя вынаходнікі, напрыклад, прапануюць партатыўную зарадную прыладу, сабраную з «камп'ютарнага металалому», анлайн-сэрвіс для развіцця экспарту медыцынскага турызму, навейшую распрацоўку ў сферы экалагічных дэкаратыўных і аддзелачных матэрыялаў на аснове другаснай сыравіны, новае бачанне архітэктурных рашэнняў пры будаўніцтве дзіцячага садзіка і школы і гэтак далей.

У фінале будзе прадстаўлены мультымедыйны праект «Школьны эксперымент», які дазваляе навучэнцам рабіць лабараторныя работы без дапамогі настаўніка, прычым ужо напісаны і мабільны дадатак. Увагі заслугоўвае праект «Музейны дыліжанс на колах часу», скіраваны на папулярызацыю дзейнасці школьных музеяў. Адной са славутасцяў беларускай сталіцы мог бы стаць і «Музей рэтракамп'ютараў», экспанаты для якога ўжо сабраныя. Ёсць прапанова па стварэнні «Школы юных шапавалаў» на базе Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Вельмі шмат ідэй звязана з робататэхнікай...

Праект не стаіць на месцы, а развіваецца. Ён ужо трансфармаваўся ў конкурс «100 ідэй для СНД», фінал якога пройдзе ў красавіку ў Беларусі. Не так даўно пераможцы і фіналісты рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» вярнуліся з форуму навукі і інавацый краін БРІКС і ЕАЭС. У Маскве яны перамаглі ў трох з чатырох намінацый.

Натуральна, што без дзяржаўнай падтрымкі мы не змаглі б усё гэта рэалізаваць. Сёння праект уключаны ў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі. Акрамя таго, дзякуючы пастанове ўрада, 10 пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі» атрымліваюць грант на развіццё свайго праекта.

З іншага боку, ідэямі маладых рацыяналізатараў зацікавілася ўжо і бізнес-супольнасць. Наладжана супрацоўніцтва з фондам «Сколкава» Расійскай Федэрацыі... Разумеючы патрэбы маладых людзей, пры Цэнтральным камітэце мы стварылі Савет маладых прадпрымальнікаў — гэта ўжо самастойны напрамак у рамках праекта. Мы аб'ядналі аўтараў ідэй, для якіх арганізуюцца бізнес-трэнінгі і стартап-мерапрыемствы. Маладым людзям дапамагаюць даведацца пра нормы абароны інтэлектуальнага права, пра тое, як распрацаваць уласны бізнес-план. Многія ж зацікаўленыя не толькі ў рэалізацыі, але і ў камерцыялізацыі сваёй ідэі.

Ак­тыў БРСМ збі­рае ўра­джай у яб­лы­не­вым са­дзе  сель­ска­гас­па­дар­ча­га прад­пры­ем­ства «Ус­ход».

Сацыяльная сетка для аднадумцаў

— А чаго ўдалося дабіцца ў арганізацыі студатрадаўскага руху за апошні час?

— Кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ аб далейшай падтрымцы студатрадаўскага руху. Для нас гэта вельмі важна. Справа ў тым, што БРСМ ініцыяваў увядзенне падатковых паслабленняў для наймальнікаў студэнцкіх атрадаў. Мы даўно выступалі з прапановай вызваліць прадпрыемствы, якія прымаюць студэнцкія атрады, ад выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (так, як гэта зроблена у Расіі) і накіроўваць гэтыя сродкі на развіццё студатрадаўскага руху, а пэўны працэнт пакідаць наймальніку, каб стымуляваць яго зацікаўленасць у прыёме студэнтаў на працу. Каб студатрад быў не абузай, а стымулам. Рашэнне не было простым. Тым не менш усе зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы падтрымалі нашу ініцыятыву, паколькі лічаць, што студатрадаўскі рух фарміруе лідарскія якасці і прывівае любоў да працы. А гэта вельмі важна.

Працуем мы і над ідэалогіяй студатрадаўскага руху, над фарміраваннем яго традыцый. Адным з яго сімвалаў павінна стаць куртка: спадзяёмся, што яна будзе ўяўляць каштоўнасць для кожнага «байца». Цяпер пераходны сцяг па выніках трэцяга працоўнага семестра, які доўжыцца з 1 мая па 30 верасня, будуць уручаць не толькі лепшаму атраду, але і лепшаму наймальніку. Пад увагу будуць брацца ўмовы пражывання і харчавання байцоў, узровень іх аплаты, вытворчыя паказчыкі, выхаваўчыя моманты... Сцяг цэлы год будзе нагадваць, як добра ўсе разам папрацавалі, а для астатніх арганізацый гэта будзе цудоўным прыкладам.

— Адзін з праектаў фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» быў прысвечаны стварэнню сацыяльнай сеткі для актывістаў студатрадаўскага руху. Як ацэньваеце яго патэнцыял?

— Праект студэнта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалая Розума «ВСтудОтряде.by» ўвайшоў у фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Мяркую, што чым больш будзе праектаў, з дапамогай якіх моладзь зможа атрымліваць карысную інфармацыю, тым лепш. І чаму не быць сацыяльнай сетцы, якая аб'яднае ўсіх, каго цікавіць студатрадаўскі рух? Няхай у сеціве аб'яднаюцца маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо працавалі ў складзе студатрадаў, і тыя, хто яшчэ толькі думае паспрабаваць сябе ў гэтай ролі, абменьваюцца фатаграфіямі, уражаннямі, парадамі, кантактамі. Перавага сацыяльнай сеткі ў тым, што яна выключае адміністрацыйны рэсурс. І калі маладому чалавеку будзе нецікава, то ён гэту суполку проста праігнаруе. Хачу дадаць, што не вельмі прыемна чытаць у інтэрнэце крытычныя разважанні пра студатрады людзей, якія ніколі ў іх не працавалі. Таму няхай моладзь лепш атрымлівае інфармацыю, так бы мовіць, з першых рук... Хлопцы і дзяўчаты ідуць у студатрады з рознымі мэтамі — набыць прафесію, завесці сяброў, паглядзець іншую краіну. Напрыклад, сёлета наш валанцёрскі атрад выязджаў у Італію на сусветную выставу «ЭКСПА-2015» у Мілане. Вымяраць усё толькі заробкам няправільна.

«Працоўная кніжка» для валанцёраў

— А наколькі далёка ўдалося прасунуцца ў развіцці валанцёрскага руху? На апошнім з'ездзе БРСМ гучала прапанова аб укараненні асабістых кніжак валанцёра...

— Мы выступаем за стварэнне каардынацыйнага органа, які б аб'яднаў усіх валанцёраў у краіне, паколькі валанцёры працуюць не толькі па лініі БРСМ, але і па ліні Чырвонага Крыжа, ЮНЕСКА, Лігі добраахвотнай працы моладзі і многіх іншых грамадскіх арганізацый. Пакуль што гэта задума, на жаль, не рэалізаваная. Мы маем толькі прамежкавы вынік.

Пры Цэнтральным камітэце створаны і дзейнічае рэсурсны цэнтр, які акумулюе ідэі, праводзіць трэнінгавую працу і збірае для навучання валанцёраў БРСМ з усёй краіны. Кніжка валанцёра распрацаваная, і валанцёры руху «Добрае сэрца» ўжо яе атрымліваюць. Наша ідэя заключалася ў тым, каб асабістая кніжка валанцёра стала своеасаблівым аналагам «працоўнай кніжкі», утрымлівала інфармацыю пра валанцёрскі досвед чалавека, яго дасягненні, заахвочванні за ўдзел у канкрэтных мерапрыемствах і ўлічвалася пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і ВНУ на сацыяльныя спецыяльнасці. Гэта найлепшае сведчанне таго, што туды прыйшоў вучыцца не выпадковы чалавек. Багаты валанцёрскі досвед павінен улічвацца «пры іншых роўных умовах». Удзельнікі маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ карыстаюцца такой прывілеяй пры паступленні ў ВНУ сілавых ведамстваў.

— Год моладзі ўжо стаў, так бы мовіць, гісторыяй. Аглядваючыся назад, скажыце, што б вы зрабілі інакш? Ці, магчыма, удалося цалкам здзейсніць усё задуманае?

— Гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Лепш жыць не ўчарашнім днём, а думаць пра будучыню. Тым больш што для нас кожны год — Год моладзі. Самае важнае, каб Беларусь была краінай магчымасцяў для самарэалізацыі маладых людзей. Каб Год моладзі паслужыў імпульсам для маладых беларусаў, для іх развіцця і руху наперад. Маладыя людзі не павінны быць інфантыльнымі, у іх павінен быць унутраны стрыжань. Важна разумець, што краіну, у якой яны жывуць, трэба берагчы і развіваць.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА і Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.