Вы тут

Жыццё — у клетцы


Ідучы на інтэрв'ю з гэтай жанчынай, вельмі хвалявалася... Заўсёды лічыла, што навуковыя супрацоўнікі — гэта людзі з «іншых галактык», цалкам апантаныя сваёй дзейнасцю. А калі яшчэ і даведалася пра сферу інтарэсаў маладога навукоўца...

Алена Ярмоленка — намеснік загадчыка кафедры біяарганічнай хіміі па навуковай працы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, была адказным выканаўцам навукова-даследчай работы праграмы «Ствалавая клетка» Саюзнай дзяржавы з 2011 па 2014 год.


— Алена Міхайлаўна, якім быў ваш шлях у свет навукі? Адкуль увогуле вытокі любові да яе?

— Я вучылася на біялагічным факультэце БДУ. Пасля атрымання дыплома прыйшла працаваць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у навукова-даследчую лабараторыю. Там пачалася мая праца з клеткай. Пасля я паступіла ў аспірантуру БДМУ, праз нейкі час нарадзіла дзіця і дысертацыю не абараніла. Трэба неяк сабрацца з сіламі і давесці справу да канца (усміхаецца). Пазней мяне запрасілі выкладаць на кафедру біяарганічнай хіміі.

А што да вытокаў... Мне падаецца, што значную ролю адыгралі мае родныя. Я навуковец у трэцім пакаленні. Бабуля — біёлаг, дзед — хімік, тата — біяхімік, маці — аналітык. Шчыра кажучы, мяне цягнула да хіміі і біялогіі яшчэ ў школе.

— А чаму вы захапіліся працай менавіта з клеткай?

— У лабараторыі распачаўся інавацыйны праект, мэтай якога было культываваць бэта-клеткі (якія выдзяляюць інсулін) падстраўнікавай залозы дзеля трансплантацыі іх людзям, хворым на цукровы дыябет. Спачатку гэты эксперымент вёўся на жывёлах. Я займалася атрыманнем бэта-клетак ад свіней. За праект кіраўнікі атрымалі дзяржаўную прэмію. Але на гэтым праца лабараторыі не спынілася. Потым мы сталі займацца храстковымі клеткамі для трансплантацыі іх людзям з рознымі паталогіямі суставаў.

— Вы былі адказным выканаўцам навукова-даследчай работы праграмы «Ствалавая клетка». У чым яе сутнасць?

— Ствалавыя клеткі — папярэднікі ўсіх клетак арганізма. Зараз амаль ва ўсім свеце забаронены даследаванні эмбрыянальных ствалавых клетак, бо гэта неэтычна, таму навукоўцы працуюць з клеткамі пупавіннай крыві, чырвонага касцявога мозгу, але гэтыя клеткі складана атрымліваць, больш перспектыўным з'яўляецца атрыманне мезенхімальных ствалавых клетак з тлушчавай тканіны. Яны вылучаюцца сваёй універсальнасцю: ад іх можна атрымаць любыя — цягліцавую, тлушчавую, касцявую — клеткі. Спачатку мезенхімальныя ствалавыя клеткі атрымлівалі з касцявога мозгу донараў, але працэдура балючая, таму зручнейшым аказалася выкарыстанне тлушчавай тканіны: з аднаго міліграма тлушчу можна атрымаць адзін мільён клетак.

Яшчэ ў рамках праграмы ствараецца банк мезенхімальных ствалавых клетак, каб можна было трансплантаваць клеткі без удзелу донара.

— Гавораць, многія праяўляюць жаданне захаваць свае ствалавыя клеткі...

— Так, цяпер людзі значна часцей пачалі «замарожваць» пупавінную кроў, бо гэта цудоўная магчымасць падмацаваць сваё здароўе, калі спатрэбіцца. Напрыклад, неабходна трансплантацыя чырвонага касцявога мозгу, а няма магчымасці знайсці сумяшчальнага донара... У гэтым выпадку можна выкарыстаць свае ствалавыя клеткі.

— Якія ў вас бліжэйшыя мэты?

— Наша каманда дапрацоўвае спосаб трансплантацыі на аснове мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння паталогій суставаў. Зараз мы ажыццяўляем трансплантацыю на трусах. Калі дакажам, што гэта эфектыўна і дзейнічае, то метад будзе значна выгаднейшы і зручнейшы за пратэзаванне.

Святлана ЧЫЖЫК, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.