21 кастрычніка, серада

Вы тут

«Быццам фільм пра вайну паглядзелі...»


У той дзень у Рыбцах загінулі 143 чалавекі.

Цёплы майскі дзень 1965 года. Дзень Перамогі! Мой бацька, Рыгор Іванавіч Молчан, яшчэ зранку надзеў святочную кашулю, прымацаваў да яе ордэн Айчыннай вайны, ордэн Славы, медаль «За перамогу над Германіяй»... І паехаў разам з іншымі ветэранамі ў цэнтр калгаса «Барацьба» — вёску Зазерка — на мітынг. Маці гатавала абед. А мы з любімай бабуляй выйшлі ў двор і селі на лавачцы.


На ва­чах Ма­ры­ны Валь­ко­віч  гіт­ле­раў­цы за­бі­лі ўну­каў  і ця­жар­ную дач­ку.

Да вялікага помніка, што стаіць каля школы, падышла група моладзі. Дзяўчаты і хлопцы разгледзелі фігуру партызана, высечаную з каменю, і абеліскі па баках з дзясяткамі імёнаў, многія з якіх паўтараюцца, — на вайну ішлі сем'ямі. Пастаяўшы крыху і ўсклаўшы кветкі, студэнты перайшлі вуліцу і, апынуўшыся ў нашым двары, папрасіліся адпачыць з дарогі і наталіць смагу. Бабуля Марына, невысокая, у белай хустачцы, са зморшчаным тварам і добрымі вачыма, падышла да калодзежа і стала набіраць ваду. Я вынесла з хаты кубачкі. Па чарзе ўсе напіліся сцюдзёнай вадзіцы, а потым папрасілі гаспадыню, Марыну Васільеўну Вальковіч, рассказаць пра помнік.

— Ой, цяжка мне гэта ўспамінаць, — казала яна. — Але трэба, каб вы, маладзенькія, ведалі праўду і бераглі ў памяці ды сваім дзеткам потым расказвалі. Не дай Бог такому паўтарыцца!

Студэнты расселіся на лаўцы, на траве, на бервяне і быццам фільм пра вайну паглядзелі — так цікава апавядала бабуля Марына, часам выціраючы старэчыя слёзы рагамі сваёй хустачкі... А я, тады 13-гадовая школьніца, ужо каторы раз зноў выслухала знаёмую да болю гісторыі маёй сям'і.

Вось што расказвала бабуля:

«Праз вёску нашу праходзіць чыгунка, і партызаны, што пачалі дзейнічаць у вайну ў мясцовых лясах, часта выкарыстоўвалі зручныя падыходы да яе, каб падрываць нямецкія эшалоны. Тое ж было і ў суседніх вёсках. Не дзіва, што ўсе населеныя пункты каля чыгункі фашысты лічылі партызанскімі. Зімой 1942—1943 гг. немцы асабліва лютавалі. Паўсюдна праводзілі карныя аперацыі: палілі вёскі, забівалі жыхароў. А дапамагалі ім здраднікі-паліцаі. Нехта з іх у вёсцы Зазерка зрабіў для немцаў спіс усіх партызанскіх сем'яў. І вось у лютым 1943 года былі спалены толькі хаты тых людзей, з чыіх сем'яў хоць хто-небудзь быў у партызанах. І народу шмат забілі. Дайшлі чуткі, што неўзабаве тое ж будзе і з нашай вёскай.

У мяне сямёра сыноў і дачок было тады. Іван, Валодзя і Ульяна пайшлі ў партызаны разам з бацькам. Волька, замужняя, мела ўжо траіх дзяцей, жыла за сем кіламетраў у Варонічах. Да яе і адправіла ў той жудасны дзень сваіх меншанькіх дзяўчат-падлеткаў Ніну і Яўгенню. Ледзь паспелі яны дабегчы да лесу, як Рыбцы ўжо былі акружаны карнікамі. Ганна, самая старэйшая, жыла з мужам Сцяпанам Драздом і чацвярымі дзеткамі асобна, у сваёй хаце ў Рыбцах. Вось-вось павінна было з'явіцца на свет іх пятае дзіцятка. Дык мы напярэдадні падрыхтаваліся да карнай аперацыі: перанеслі пажыткі ў хату Ганны, а яшчэ свінчо да яе ў хлеў загналі. Рахманая такая свінка была, ручная, нікога не баялася. Сцяпан разам з іншымі мужчынамі зранку паехаў жыта змалоць у суседнюю вёску. Лілечка, старэйшая мая ўнучачка, так прасілася: «Татачка, вазьмі мяне з сабой!» А ён вырашыў, што спакайней будзе дачцэ з маці, і пакінуў яе дома.

Пом­нік за­гі­ну­лым жы­ха­рам вёс­кі Рыб­цы. На абел­іс­ках — больш за сот­ню ім­ёнаў.

Ну, а я пайшла да Ганны: раптам роды пачнуцца? Многія жыхары вёскі зрабілі тады так, як і мы: хто ў іншыя вёскі да радні пайшоў, хто да сваіх у Рыбцы разам са скарбам ды жывёлай перабраўся — усе думалі, што спаляць канкрэтныя хаты. Але здарылася ўсё не так. Карнікі дакладна не ведалі партызанскіх сем'яў у вёсцы. Яны забралі Якава, пажылога чалавека, і пад дулам аўтамата загадалі паказаць усе патрэбныя ім хаты. Той не пагадзіўся, за што яго і расстралялі. Раззлаваны няўдачай нямецкі афіцэр аддаў загад паліць усю вёску. Тут і пачалося самае жахлівае. Карнікі з факеламі падпальвалі хаты, стралялі па ўсіх, хто трапляў на вочы.

Ганна прасіла дзяцей схавацца, а малым жа цікава было, што на вуліцы робіцца. Паселі яны на лаўках перад вокнамі: Ліля с Галяй у адным акне, Геня і Колечка — у другім. Я ля печы завіхалася, ваду грэла. Раптам пачалася страляніна. У двор зайшоў фашыст, даў чаргу з аўтамата па вокнах, убачыўшы там дзіцячыя тварыкі. Умомант усе дзеці пасыпаліся на падлогу. Не паспела я зразумець, ці ўнукі параненыя, ці адразу загінулі, бо ў хату зайшоў паліцай, і мы з Ганнай кінуліся хавацца за печ (а яна так была зроблена, што ўкругавую можна было каля яе прайсці). Ды не паспела дачушка мая, дагнала яе куля. Прама ў жывот трапіў вырадак гэты, потым яшчэ раз выстраліў. А я выскачыла з другога боку печы — ды на двор. Хата ўжо гарыць, хлеў адчынены, свінка бегае, вішчыць. Вельмі мне страшна стала. Узяла я ды кінулася на зямлю. Думаю: хай забівае так. Падбегла да мяне свінка, круціцца вакол, а немец, што падпальваў хату, страляе ў мяне. Прашыў парасё наскрозь, а я ляжу, не зварухнуся нават. Горача зрабілася, бо ўсё вакол гарыць, хата палае. Немец пайшоў далей, я крыху адпаўзла да вішань, з'ела прыгаршню снегу. Самае жудаснае было ў тым, што нічым не магла ўжо дапамагчы сваім родненькім. Хоць, можа, яшчэ і жывыя яны гарэлі... Хаты ж тады былі драўляныя, а стрэхі — з саломы. Згаралі імгненна.

Вечарам і на наступную раніцу збіраліся ў Рыбцах на пажарышчах тыя, хто ўцалеў. Людзі знаходзілі костачкі згарэлых родных, збіралі іх і везлі хаваць на могілкі. У той дзень у вёсцы загінулі 143 чалавекі. Іх прозвішчы і пералічаны на абелісках каля школы...»

Бабуля Марына згорбілася — здавалася, яшчэ больш пастарэла ад цяжкіх успамінаў, — але зноў загаварыла:

«Вельмі ж гараваў тады мой зяць, як вярнуўся з млына, ледзь валасы на сабе не рваў ад таго, што не забраў з сабою старэйшую дачушку: хоць бы яна жывая засталася. Стаў і ён партызаніць, а ў 1944-м, як вызвалялі гэтыя мясціны, пайшоў на фронт. Некалькі лістоў ад яго атрымалі, і ва ўсіх самымі галоўнымі словамі былі вось гэтыя: «Усе мае таварышы гінуць, а мяне кулі не бяруць. Помшчу за сям'ю». І ўсё ж пад Берлінам у 1945 годзе загінуў і сам. На фронце прапаў без звестак і яшчэ адзін мой зяць, муж Вольгі Іван Сарока. Толькі нядаўна даведаліся яго дзеці, унукі мае, што пахаваны ён у Польшчы ў брацкай магіле. Слава Богу, усе астатнія мае дзеткі засталіся жывымі...»

Дзяўчаты і хлопцы сядзяць як скамянелыя. Ніхто не адважваецца зноў загаварыць. І гэта толькі адзін эпізод трагедыі спаленай у лютым 1943 года вёскі Рыбцы Рудзенскага раёна (цяпер Пухавіцкага).

Ужо даўно няма маёй бабулі, маіх бацькоў, няма цётак і дзядзькоў... Але і сёння помніцца, як кожны з іх са слязьмі на вачах расказваў пра той жудасны час. Цяпер расказваю я, ужо сваім унукам, каб, як казала бабуля Марына, «не дай Бог такому паўтарыцца!..»

Ірына КАРТАШОВА,

г. Заслаўе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.