Вы тут

Ці ўтрымаюцца Іран і Саудаўская Аравія ад эскалацыі канфлікту?


Пачатак 2016-га на Блізкім Усходзе атрымаўся надзвычай гарачым. Канфлікт паміж дзвюма ключавымі дзяржавамі неспакойнага рэгіёна — Іранам і Саудаўскай Аравіяй — разгарэўся з новай сілай. Ды з такой, што дэстабілізацыя выклікала занепакоенасць ва ўсім свеце. Гэта адзначылі афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Расіі, ААН, а таксама шэрагу еўрапейскіх і азіяцкіх краін. Не кажучы ўжо пра Блізкі Усход, які ў большасці падзяліўся на непрымірымыя лагеры — саюзнікаў Тэгерана і Эр-Рыяда. Нездарма Савет бяспекі ААН заклікаў абодва бакі «падтрымліваць дыялог і зрабіць крокі па змяншэнні напружанасці ў рэгіёне». Сярод найбольш песімістычных прагнозаў аналітыкаў — разгортванне поўнамаштабнага ваеннага канфлікту, у які будуць уцягнуты шэраг краін. Ці ўдасца Тэгерану і Эр-Рыяду спыніцца каля небяспечнай мяжы?


Супраць людскасці

Галоўнай прычынай цяперашняй эскалацыі супрацьстаяння Ірана і Саудаўскай Аравіі стала смерць шыіцкага прапаведніка Німра ан-Німра, які быў пакараны разам з амаль паўсотняй чалавек у Эр-Рыядзе. Вестка аб гібелі шэйха выклікала абурэнне яго аднаверцаў у шэрагу краін. Духоўны лідар іракскіх шыітаў аятала Алі аль-Сістані назваў яго «пакутнікам», а пакаранне смерцю — актам «неправамернай агрэсіі». Шэйх Абдул-Амір Кабалан з Лівана зазначыў, што гэта «злачынства супраць людскасці, якое будзе мець наступствы ў найбліжэйшы час». Яшчэ больш жорстка выказаўся духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі. «Несправядліва пралітая кроў гэтага прыгнечанага пакутніка, без сумнення, не застанецца без наступстваў. Божая адплата чакае Саудаўскую Аравію», — паабяцаў ён.

Пакуль духоўныя лідары рабілі гучныя заявы, простыя шыіты выказвалі сваё абурэнне на вуліцы. У Бахрэйне пачаліся хваляванні. Гэтае каралеўства, дзе сёння суніцкая меншасць кіруе шыіцкай большасцю, шэйх ан-Німр марыў аб'яднаць з правінцыяй Эш-Шаркія, якая б вызвалілася ад улады саудытаў. Пратэставалі і ў родным горадзе пакаранага смерцю шэйха Эль-Катыфе, а таксама ў іншых населеных шыітамі гарадах вахабіцкага каралеўства. Але галоўныя падзеі разгарнуліся ў Тэгеране, дзе раз'юшаны натоўп узяў штурмам саудаўскае пасольства.

Хоць дыпламаты былі эвакуіраваны і ніхто з іх не пацярпеў, Эр-Рыяд палічыў інцыдэнт дастатковай падставай для таго, каб разарваць адносіны з Ісламскай Рэспублікай. Прыклад старэйшага таварыша неўзабаве пераняў і Бахрэйн. Справа ў тым, што Саудаўскую Аравію і астраўное каралеўства злучае не толькі аўтамабільны мост працягласцю 25 кіламетраў, але і адметныя адносіны. Эр-Рыяд выступае гарантам захавання ва ўладзе ў Манаме суніцкай дынастыі. Калі падчас «арабскай вясны» бахрэйнскія шыіты паднялі паўстанне, саудыты накіравалі на востраў тысячу вайскоўцаў і навялі парадак.

Разарваў дыпадносіны з Тэгеранам і Судан, які моцна залежыць ад саудаўскай фінансавай дапамогі. Улады Кувейта абвясцілі, што адклікаюць свайго пасла з Ірана. Праўда, у адпаведнай заяве не ўдакладняецца, як гэты крок паўплывае на дыпламатычныя адносіны дзвюх краін.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, нягледзячы на відавочны ціск, толькі панізілі статус дыпадносін з Ісламскай Рэспублікай. І гэта не дзіўна, калі ўлічыць, што для ААЭ Іран — другі па значнасці эканамічны партнёр. Не выключана, што спіс краін, якія разарвалі дыпадносіны з Тэгеранам, папоўніць і Егіпет.

Тэгеран абвінаваціў Саудаўскую Аравію ў авіянападзе на іранскае пасольства ў Емене. Паводле паведамлення Міністэрства замежных спраў Ірана, у выніку бамбавання пацярпеў персанал дыпмісіі. Абстрэл быў зроблены наўмысна ў парушэнне ўсіх міжнародных канвенцый, якія абараняюць дыпламатычныя місіі, заявіў прэс-сакратар МЗС Ірана Хусейн Джабяры Ансары. Саудаўская Аравія, па словах Ансары, нясе адказнасць за разбурэнні і раненні, атрыманыя супрацоўнікамі пасольства.

Назад, у Сярэднявечча?

Такім чынам развіваецца сітуацыя. Прынамсі пакуль. А што вядома пра чалавека, смерць якога выклікала такі водгук на Блізкім Усходзе? Шэйх ан-Німр быў добра вядомы сярод шыіцкай часткі насельніцтва Саудаўскай Аравіі. Асаблівай папулярнасцю яго погляды карысталіся ў правінцыі Эш-Шаркія на ўсходзе краіны. У гэтым рэгіёне, у адрозненне ад астатняй тэрыторыі каралеўства, шыіты складаюць не меншасць, а большасць. Тут таксама знаходзяцца асноўныя саудаўскія нафтавыя радовішчы. Зразумела, што да Эш-Шаркіі прыкавана асаблівая ўвага ўлад. Шыіцкія выступленні, якія разгарнуліся тут на хвалі «арабскай вясны», былі жорстка задушаны. Німра ан-Німра, які на працягу многіх гадоў адкрыта гаварыў пра дыскрымінацыю шыітаў, арыштавалі (пры затрыманні параніўшы ў нагу) і абвінавацілі ў тым, што ён стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.

Ан-Німр быў прадстаўніком маладога пакалення шыіцкіх прапаведнікаў у Саудаўскай Аравіі, якое — у адрозненне ад старэйшага пакалення — больш свабодна і актыўна кажа пра практычна бяспраўнае становішча шыіцкай супольнасці ў Каралеўстве. У 2011-м ён публічна падтрымаў дэманстрацыі шыітаў ва Усходняй правінцыі, якія патрабавалі правядзення рэформаў у краіне і арганізацыю выбараў у мясцовыя органы кіравання. Аднак ні разу пры гэтым не выказаў ніводнага лозунга на карысць узброенага змагання супраць улад. Ён, дарэчы, быў папулярны не толькі сярод шыітаў, але і невялікай часткі суніцкага насельніцтва, якое было незадаволена палітыкай кіруючай дынастыі. І дасягнуў ан-Німр такога водгуку таму, што пазіцыю сваю фармуляваў не толькі і не столькі канфесійнымі тэрмінамі, а сацыяльнымі і палітычнымі — казаў пра дыктатуру, карупцыю і сацыяльную несправядлівасць Эр-Рыяда.

Як заўважаюць аналітыкі, шэйх Німр аль-Німр быў чымсьці большым, чым проста духоўным аўтарытэтам. Прапаведнік лічыўся харызматычным выразнікам думкі шыіцкай меншасці, ён пагражаў саудаўскаму каралеўскаму дому, які са студзеня 2015 года ўзначаліў кароль Салман бін Абд аль-Азіз. Шэйх ан-Німр меў рэпутацыю міратворцы і на судзе, не адмаўляючы палітычныя абвінавачванні, падкрэсліваў, што ніколі не заклікаў да гвалту.

«У ХХІ стагоддзі мы вяртаемся ў Сярэднявечча, калі асноўным фактарам войн была рэлігія, а не захоп тэрыторый, — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства РАН Уладзімір Ахмедаў. — Гэта змяншае магчымасць дасягнення дамоўленасцяў па самых вострых канфліктах у рэгіёне».

Два бакі адной спрэчкі

Варожасць паміж Тэгеранам і Эр-Рыядам тлумачыцца не толькі падзеямі апошніх дзён, яна мае глыбокія рэлігійныя, гістарычныя і палітычныя карані. Іран і Саудаўская Аравія прадстаўляюць сабою два бакі ў тысячагадовай спрэчцы, вытокі якой знаходзяцца ў самым сэрцы ісламу, — паміж сунітамі (дарэчы, да іх адносяцца 85—90 працэнтаў мусульман) і шыітамі.

Пасля смерці прарока Мухамеда ў 632 годзе яго паслядоўнікі раскалоліся з-за пытання, хто з'яўляецца яго законным спадчыннікам. Аднак вельмі важна не перабольшваць значэнне гэтага разыходжання. І суніты, і шыіты падзяляюць фундаментальныя перакананні і традыцыі, яны стагоддзямі жылі побач. Варожасць у іх адносінах лягчэй растлумачыць з пункту гледжання змагання за ўладу на Блізкім Усходзе і за яго межамі.

Статус Ірана і Саудаўскай Аравіі, як вядучых прадстаўнікоў адпаведна шыітаў і сунітаў у ісламе, заўсёды вызначаў іх знешнюю палітыку. Абедзве дзяржавы шукалі саюзнікаў сярод краін, якія падзяляюць іх тэалагічныя погляды, а таксама падтрымлівалі субратоў па рэлігіі ў тых дзяржавах, дзе ва ўладзе былі прадстаўнікі іншага кірунку ісламу. Тэгеран і Эр-Рыяд апынуліся на процілеглых баках канфліктаў у Сірыі, Іраку, Емене, Бахрэйне і Ліване.

«Іран і Саудаўская Аравія не з'яўляюцца ні натуральнымі саюзнікамі, ні натуральнымі сапернікамі. Яны — натуральныя ворагі, якія доўгі час канкурыравалі, паколькі з'яўляюцца вядучымі вытворцамі нафты і самаабвешчанымі абаронцамі шыіцкага і суніцкага ісламу адпаведна, — адзначыў прафесар універсітэта Паўднёвай Фларыды Махсен Мелані. — Мы маем справу не толькі з сутыкненнем інтэрпрэтацый, а з гіганцкім разрывам, халоднай вайной, якая разгортваецца паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам. Гэтая вайна мае дачыненне да геапалітыкі, а таксама да ўлады і ўплыву».

Варыянт «тролінгу»

Тут нельга не ўлічваць і эканамічныя фактары. Асобныя аналітыкі імкнуцца ў разрыве дыпламатычных адносін з Іранам убачыць спробу саудытаў падпіхнуць нафтавыя каціроўкі ўгару. З-за падзення цэн на «чорнае золата» дэфіцыт бюджэту Саудаўскай Аравіі летась дасягнуў рэкордных 367 млрд рыалаў ($97,9 млрд). Гэта складае амаль 15% ад ВУП каралеўства. Сёлета Эр-Рыяд упершыню за апошнія восем гадоў выпусціў у абарот дзяржаблігацыі, а таксама замарозіў шэраг інфраструктурных праектаў. Разгорнуты план рэформаў, разлічаны на некалькі гадоў, утрымлівае меры па развіцці неэнергетычных крыніц прыбытку, а таксама эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні.

Каб рэальна паўплываць на нафтавыя цэны, патрабуецца ўсё ж заўважнае абмежаванне прапановы, накшталт таго, якое магла б даць блакада марскіх шляхоў транспартавання нафты з Ірана. Такая небяспека ёсць, асабліва калі ВМС Саудаўскай Аравіі атрымаюць падтрымку іншых арабскіх манархій і краін Персідскага заліва. Падобнае развіццё падзей здольнае моцна ўскладніць экспарт з Ірана, які перавышае 1 млн бараляў у дзень, і негатыўна адбіцца на планах росту паказчыка пасля канчатковага зняцця санкцый. Калі мець на ўвазе нізкія нафтавыя цэны, якія з ростам паставак Тэгерана могуць асесці яшчэ мацней, «пазлы» складваюцца ў агульны малюнак.

І без таго няпростыя адносіны Саудаўскай Аравіі і Ірана абвастрыліся яшчэ больш. Абедзве дзяржавы — галоўныя сапернікі ў рэгіёне, якія змагаюцца за ўплыў на Блізкім Усходзе. Пакаранне смерцю аль-Німра агаліла фундаментальныя супярэчнасці паміж шыіцкім Іранам і суніцкай манархіяй. Такі крок — сведчанне ўнутраных праблем Саудаўскай Аравіі: прыбыткі Эр-Рыяда імкліва скарачаюцца, а ў каралеўскай сям'і абвастраецца канкурэнцыя паміж рознымі кланамі. Усё гэта ўзмацняе апасенні перад народнымі пратэстамі, увасабленнем якіх і быў шыіцкі прапаведнік. Тыя ж фактары здольныя стаць прычынай далейшай эскалацыі канфлікту. Аднак і ў Іране ёсць сілы, зацікаўленыя ў абвастрэнні, — праціўнікі ядзернай дамоўленасці і далейшай нармалізацыі адносін з Захадам. Але нават калі цяпер у Тэгеране прыдумаюць эфектыўны і найменш затратны варыянт адказу, няма ніякіх гарантый, што праз нейкі час Саудаўская Аравія не паспрабуе знайсці новы спосаб «патроліць» Іран.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Тэгеран vs Эр-Рыяд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».