Вы тут

Хто адбіў нос у Сфінкса?


На заходнім беразе ракі Ніла, што ў Гізе, знаходзіцца, верагодна, самая старажытная і вядомая скульптура на нашай планеце — Вялікі Сфінкс (сфінкс — у перакладзе з грэчаскай мовы — «душыцель»). Уяўляе яна з сябе постаць ільва, які ляжыць на пяску і якому нададзены некаторыя рысы падабенства з фараонам Хефрэнам. Па іншай версіі, гэта істота са старажытнай міфалогіі — з галавой жанчыны, крыламі птушкі і целам ільва. Вышыня статуі — 20 метраў, а даўжыня — 73 метры. Шматлікія турысты з усяго свету з'язджаюцца паглядзець на сфінкса. Як многія, пэўна, заўважылі, Вялікі Сфінкс ля егіпецкіх пірамід — бязносы. Куды ён, той нос, падзеўся? А вось гэтага ніхто не ведае. Цягам некалькіх стагоддзяў у тым, што нос сфінкса быў наўмысна адбіты, абвінавачвалі розныя арміі і асобных асоб — брытанцаў, немцаў, арабаў.


Адна з прыгожых легенд, напрыклад, ускладвае віну за нанясенне Сфінксу шкоды на Напалеона — нібыта нос быў адбіты гарматным стрэлам французскай арміі падчас бітвы з туркамі ў канцы XVIII стагоддзя (пазней у гэтай дзіўнай гісторыі сталі фігураваць брытанцы і арабы або, як іх яшчэ называюць, мамелюкі). Зрэшты, амаль ніводнае з гэтых абвінавачванняў не мае дакументальных пацвярджэнняў.

Але брытанская і германская арміі, якія пабывалі ў Егіпце падчас абедзвюх сусветных войнаў, у адламанні носу гіганцкай статуі дакладна не вінаватыя: захаваліся фатаграфіі бязносага Сфінкса, датаваныя 1886 годам.

Што ж тычыцца Напалеона, то ягоны ўдзел у вандалізме абвяргаюць замалёўкі з бязносым Сфінксам, зробленыя еўрапейскімі падарожнікамі ў 1737 годзе — за 32 гады да нараджэння будучага французскага імператара. Калі дваццацідзевяцігадовы генерал ўпершыню паклаў вока на старажытную статую, носа ў яе не было, хутчэй за ўсё, ужо сотні гадоў. Паход Напалеона ў Егіпет меў мэтай парушыць брытанскія сувязі з Індыяй. Французская армія правяла ў гэтай краіне дзве буйныя бітвы: бітву каля Пірамід (якая, дарэчы, адбывалася зусім не каля Пірамід) і бітву пры Ніле (якая, як можна здагадацца, таксама не мела да Ніла ніякага дачынення). Разам з 55-тысячным войскам Напалеон прывёў 155 грамадзянскіх спецыялістаў — так званых savants (навукоўцы, або буйныя спецыялісты ў пэўнай галіне). Гэта была першая прафесійная археалагічная экспедыцыя ў Егіпет. Калі Нэльсан патапіў напалеонаўскі флот, імператар вярнуўся ў Францыю, кінуўшы і войска, і «навукоўцаў», якія працягвалі працаваць без свайго кіраўніка. У выніку з'явілася навуковая праца пад назвай «Апісанне Егіпта» — першае дакладнае апісанне краіны, якое дайшло да Еўропы... Зрэшты, нягледзячы на ўсе гэтыя факты, егіпецкія экскурсаводы дагэтуль распавядаюць шматлікім натоўпам турыстаў аб тым, што нос у Сфінкса скраў Напалеон і пераправіў у парыжскі Луўр.

Насамрэч адзіным, пра каго можна больш-менш упэўнена сказаць, што ён сапраўды нанёс Сфінксу шкоду, быў суфійскі фанатык Мухамед Саім аль-Дах (іслам, нагадаем, забараняе пакланенне ідалам і не дазваляе рабіць выявы чалавечых твараў). Як запэўнівае вядомы каірскі гісторык аль-Макрызі — і многія іншыя навукоўцы падтрымліваюць гэту версію, — у XIV стагоддзі фанатык згаданага ісламскага кірунку ўбачыў, як егіпцяне прыносяць скульптуры дары ў надзеі на добры ўраджай. Яму гэта не спадабалася, ён раззлаваўся і адламаў нос у ідала. Учынак Мухамеда мясцовыя жыхары ацанілі адпаведна — яго збілі да смерці ў 1378 годзе.

Яшчэ адна праўдападобная прычына адсутнасці ў сфінкса такога важнага органа — гэта некалькі тысяч гадоў (па розных звестках, ад 3000 да 5-6) жорсткага ўздзеяння ветру і надвор'я на мяккі вапняк. У прыватнасці, прафесар геалогіі з Бостана, Роберт Шых, мяркуе, што носу ў Сфінкса не стала з прычыны воднай эрозіі, і запэўнівае, што пра гэта таксама сведчаць гарызантальныя разоры, якія апярэзваюць статую па перыметры.

...Дарэчы, згубленую частку каласальнай скульптурнай постаці неаднаразова спрабавалі аднавіць. Пры дапамозе сучасных камп'ютарных тэхналогій навукоўцы з розных краін свету спрабавалі змадэляваць першапачатковы выгляд Сфінкса — і ўсе, заўважым, атрымалі непадобныя вынікі. Адны сцвярджаюць, што профіль статуі быў спрадвечна егіпецкім, другія знаходзяць у твары Сфінкса мангалоідныя рысы, а трэція, наогул, перакананыя, што аблічча статуі рабілі з чалавека негроіднага тыпу! Ісціна, мабыць, недзе пасярэдзіне?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».