25 верасня, пятніца

Вы тут

Самыя кур'ёзныя выпадкі са свету навукі ў мінулым годзе


Дождж з павукоў, бітва кібаргаў, гамбургер з сюрпрызам і пазногці даўжынёй з трохпавярховы дом — аддзел навукі вядомага расійскага інтэрнэт-выдання распавёў пра самыя пацешныя і кур'ёзныя навуковыя даследаванні і дасягненні мінулага года.


«Крывавы» дождж

Увосень 2015-га жыхары некалькіх вёсак у раёне горада Самора на паўночным захадзе Іспаніі не на жарт перапалохаліся, убачыўшы, што вада ў фантанах афарбавалася ў крывава-чырвоны колер. Пазней высветлілася, што ў гэтым вінаваты не серыйны забойца, а бяскрыўдныя мікраскапічныя водарасці Haematococcus pluvіalіs.

Яны жывуць у прэснай вадзе і могуць трапляць у вадаёмы з дажджамі. Haematococcus pluvіalіs не такія незвычайныя ў іншых краінах — часцей за ўсё «крывавыя» дажджы праліваюцца на поўначы Амерыкі ці Атлантычным узбярэжжы Еўропы, хоць рэгістраваліся і ў Тэхасе ў 2011 годзе. Аднак гэта першы выпадак з'яўлення такога віду водарасцяў на паўночным захадзе Іспаніі. Мясцовым біёлагам яшчэ трэба будзе вызначыць, адкуль іх прынёс дождж.

Бітва тытанаў

Навіна для гікаў: робат, які сканструявала бостанская кампаніяй MegaBots, выклікаў на дуэль свайго галоўнага канкурэнта з Suіdobashі Heaby Іndustrіes. Абедзве кампаніі вырабляюць робатаў, якія кіруюцца людзьмі з унутранай кабіны.

Дуэлянт з Амерыкі падобны на герояў з дзіцячага серыяла «Паўэр Рэйнджэрс». У якасці зброі праціўнікі выбралі хуткастрэльныя гарматы. Сілы аказаліся крыху няроўныя: калі Megabot Mark ІІ больш за 4,5 метра ў вышыню, то японец Kuratas менш за 4 метры. Вага амерыканца складае амаль 5,5 тоны, што на паўтары тоны больш за масу «байца» з Краіны Узыходзячага Сонца. І хай пераможа наймацнейшы!

Брудная справа

Як доўга вы можаце абыходзіцца без душа? Два дні? Тры? Увесь тыдзень? Інжынер-хімік з Бостана нядаўна заявіў, што ён спецыяльна не прымае душ вось ужо 12 гадоў. Каб даўжэй захоўваць здароўе, ён раіць усім браць з яго прыклад. На думку амерыканца, водныя працэдуры пазбаўляюць скуру карысных бактэрый, якія адпужваюць інфекцыю непрыемным пахам. Назіраючы за ўласным целам, хімік паралельна займаецца распрацоўкай спрэю з высокім утрыманнем бактэрый, здольным падтрымліваць натуральны баланс нават без штодзённага душа.

Куды бегчы ад зомбі

У адыходзячым годзе амерыканцы сур'ёзна задаліся пытаннем: куды адступаць у выпадку зомбі-апакаліпсісу? Даследчыкі з Карнельскага ўніверсітэта ў Ітацы, Нью-Ёрк, вырашылі доўга не губляцца ў здагадках і наладзілі поўнамаштабнае камп'ютарнае мадэляванне. Яны вызначалі маршрут у Злучаных Штатах, па якім будуць рухацца зомбі ў выпадку нападзення. Навукоўцы раяць: ад суседзяў, пераўтвораных у пажадлівых монстраў, лепш за ўсё бегчы ў кірунку Скалістых гор. І ні ў якім разе нельга заставацца ў горадзе! Трэба назапашваць тушонку, запалкі, спампаваць ўсе сезоны The Walkіng Dead (каб не было сумна), і вы сапраўды выратуецеся!

Трохпавярховы дом на руках

Кампанію хлопцу, які не мыўся апошнія 12 гадоў, можа скласці 78-гадовы індыец, які не стрыг на левай руцэ пазногці з 1952 года. Шрыдхар Чылал трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса дзякуючы сваім пазногцям, памер якіх вагаецца ад паўтара да двух метраў, а агульная іх даўжыня — каля дзевяці метраў, трохпавярховы дом, уявіце на хвілінку. Рэкардсмен вымушаны прызнаць, што яго доўгія пазногці абцяжарваюць выкананне нават самых элементарных бытавых спраў: спакойна паспаць усю ноч — гэта ўжо подзвіг. Сёння ў 78-гадовага індыйца ёсць афіцыйнае прызнанне заслуг — медаль. Толькі выхваляцца ёю перад сябрамі, трымаючы яго ў руках, не вельмі зручна.

Саліцёр-забойца

У жыхара Калумбіі, які пакутаваў ад ВІЧ-інфекцыі з 2006 года, пачала развівацца злаякасная пухліна ў лёгкіх. Урачы правялі дэталёвы аналіз клетак наватвораў, прычым у ходзе работы высветлілася, што памер клетак не адпавядаў памеру клетак, характэрных для чалавечых пухлін (як злаякасных, так і дабраякасных): дыяметр ядраў клетак пухлін і аб'ём цытаплазмы альбо перавышалі «чалавечыя» памеры, альбо былі менш за стандартныя. Генетычны аналіз клетак пухліны паказаў, што яны сапраўды належалі злаякасным ракавым утварэнням, аднак іх «гаспадаром» быў не арганізм калумбійца, а стужачны чарвяк віду Hymenolepіs nana — карлікавы цэпень, які жыў у кішэчніку мужчыны.

На думку аўтараў даследавання, выяўленыя ў арганізме калумбійца клеткі «злаякаснай пухліны» — гэта «аблудныя» лічынкі чарвякоў, якія трапілі з кішэчніка ў лімфатычныя вузлы. Такая сітуацыя змагла адбыцца з-за таго, што арганізм пацыента быў аслаблены вірусам імунадэфіцыту чалавека, інакш бы ён змог справіцца з атакай чужародных клетак.

Калючкі каштавалі жыцця

У чэрвені змяя з запаведніка на возеры Эланд у правінцыі Квазулу-Натал, ПАР, вырашыла паабедаць, і гэтае рашэнне каштавала беднай рэптыліі жыцця.

Турыст, які ехаў на веласіпедзе па запаведніку, першым заўважыў раздутага пітона і выклаў яго фатаграфію ў інтэрнэт. Здымак адразу выклікаў вялікую цікавасць. Людзі не ведалі што і думаць, каго ж праглынула вялікая змяя. Анатаміраванне паказала, што амаль 4-метровы пітон хацеў паабедаць дзікабразам масай каля 14 кілаграмаў. Варта адзначыць, што стравы з калючай жывёліны не такая ўжо экзотыка для пітонаў. Трагедыя адбылася падчас пераварвання: пітон упаў на скальны выступ і ад удару аб зямлю калючкі знутры пракалолі стрававальны тракт.

Дождж з павукоў

Не толькі іспанцы пакутавалі ў 2015 годзе ад дзіўных ападкаў. У маі на галовы жыхароў паўднёва-ўсходняй Аўстраліі ў рэгіёне Новы Паўднёвы Уэльс пасыпаліся мільёны маленькіх павукоў, якія пакрылі зямлю ліпкім павуціннем. «Павуковы дождж» — ці «валасы анёла» — узнікае, калі павукі выкарыстоўваюць метад «паветраплавання» пры міграцыі. Вецер пераносіць членістаногіх на іх уласнай павуціне на далёкія адлегласці.

Менавіта з-за гэтага павукі насяляюць усе кантыненты. Як правіла, паветраплавальнікі нябачныя для чалавечага вока. Але часам непагадзь прымушае іх вісець у паветры тыднямі, а пры змене надвор'я павукі-мігранты пачынаюць падаць на зямлю.

Работнікі на батарэйках

Японскія інжынеры абвясцілі аб адкрыцці ў Нагасакі ўнікальнага гатэля Henn-na, назва якога перакладаецца як «Дзіўны гатэль». Абслугоўваючы персанал, афіцыянты, прыбіральшчыкі і гардэробшчыкі выглядаюць як сапраўдныя людзі, але на самой справе гэта андроіды, якія ходзяць і размаўляюць.

Такі персанал істотна скарачае выдаткі ўладальнікаў гатэля. Па-першае, ім сапраўды не прыйдзецца плаціць зарплату. Па-другое, андроіды працуюць за кошт святлодыёдных лямпаў і аднаўляльных крыніц энергіі. Памяншэнне расходаў вядзе да скарачэння кошту нумароў. Спыніцца ў «Дзіўным гатэлі» можна будзе, заплаціўшы ў пераліку на нашы каля мільёна рублёў, у той час як астатнія нумары ў гатэлях Нагасакі каштуюць у сярэднім пад чатыры.

Нечаканасць ад вопера

Спецыяльна напярэдадні Дня Усіх Святых у меню рэстаранаў хуткага харчавання «Бургер Кінг» з'явіўся новы пункт: вопер (гамбургер з ялавічынай) на чорнай булачцы. Спачатку гэты жудасны на выгляд бургер здаваўся пацешным і зусім бясшкодным спосабам святкавання Хэлоўіна. Аднак на выхадзе чорная булачка прынесла непрыемныя сюрпрызы. Пацярпелыя дзяліліся гісторыямі пра тое, як вопер афарбаваў іх адходы жыццядзейнасці ў яркі смарагдавы колер. Гэта здарылася з-за вялікай колькасці харчовых фарбавальнікаў, якія часта не засвойваюцца чалавечым арганізмам. Нягледзячы на тое, што канкрэтна гэтыя фарбавальнікі шкоды здароўю не наносяць, урачы папярэджваюць: такі вынік можа сведчыць аб наяўнасці захворванняў страўнікава-кішачнага тракту.

«Газета.Ru»

Загаловак у газеце: Як правільна ўцякаць ад зомбі і іншыя самыя кур'ёзныя выпадкі са свету навукі ў мінулым годзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.