Вы тут

Дзень дворніка


Падчас праходжання цыклону праз краіну ў гэтай ролі давялося пабываць многім.

Гаворка не толькі ўласна пра работнікаў ЖЭСаў і дарожных службаў, а таксама вясковых жыхароў, якім — хочаш не хочаш — неаднойчы трэба было чысціць ад снегу ўласныя падворкі. Узяць рыдлёўку прыйшлося і гараджанам: аўтамабілістам, даішнікам, спецназаўцам, работнікам гандлю.


Парадуюцца хіба бляхары...

Найбольш дасталося мінчанам і жыхарам Мінскай і Віцебскай абласцей. Па інфармацыі сіноптыкаў, менавіта ў гэтых двух рэгіёнах выпала максімальная колькасць ападкаў: у сталічнай вобласці вышыня снегу вагалася ад 16 да 33 сантыметраў, у паўночным абласным цэнтры яна дасягала 31 сантыметра. А рэкардсменам стаў Мінск. На ранак учарашняга дня вышыня снегавога покрыва складала ў горадзе 33 сантыметры. Яго прырост за ноч і дзень 12-га склаў 21 сантыметр. Тым не менш учора двары і дарогі былі чыстымі ад снегу. Невялікія «казіныя сцежкі» заставаліся хіба толькі ў баку ад асноўных шляхоў перасоўвання гараджан. Праўда, падчас снегападу ў сталіцы, па звестках ДАІ, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў павялічылася ўдвая ў параўнанні са звычайнымі днямі. За суткі адбылося 170 аварый, адзін чалавек пацярпеў. Так што дзень праходжання праз сталіцу цыклону можна назваць не толькі «днём дворніка», але і «днём бляхара», як гавораць самі аўтамабілісты.

Транспартныя артэрыі спраўляліся

На барацьбу з наступствамі стыхіі было кінута больш за 4,1 тысячы адзінак тэхнікі і больш за 18,8 тысячы чалавек розных арганізацый. Падраздзяленні МНС аказалі дапамогу ў вызваленні са снежных заносаў 17 транспартных сродкаў: 15 грузавікоў, двух аўтамабіляў хуткай дапамогі, у якіх агулам знаходзіліся 24 чалавекі. На шчасце, ніхто не пацярпеў. У ранішні час «пік» у сталіцы былі зарэгістраваны 13 выпадкаў парушэння руху грамадскага транспарту. У Мінску падчас цыклону на тых участках дарог, дзе ёсць спускі і пад'ёмы, здымаліся з маршрутаў тралейбусы, на змену якім выходзілі аўтобусы. Кіраўнікам транспартных арганізацый было прадпісана максімальна абмежаваць выезд і перасоўванне грузавых аўтамабіляў дазволенай максімальнай масай больш за 3,5 тоны.

Дарожнікі нагадваюць пра наяўнасць адзінага тэлефоннага нумару дыспетчарскіх службаў арганізацый рэспубліканскай дарожнай гаспадаркі. Набраўшы «125» у любым рэгіёне краіны, удзельнікі дарожнага руху могуць паведаміць важную інфармацыю або выказаць прэтэнзіі наконт дарожных умоў.

Здарэнняў амаль не было

Па звестках «Белэнерга», на ранак учарашняга дня без электразабеспячэння заставаліся 313 населеных пунктаў. Большасць — з колькасцю жыхароў да 50 чалавек. Аварыйныя брыгады працягвалі аднаўленчыя работы. У сталічнай вобласці задзейнічана амаль 250 спецыялістаў і 76 адзінак тэхнікі.

Сярод здарэнняў падчас цыклону: перавод з-за адключэння электраэнергіі 11 пацыентаў Лапіцкай участковай бальніцы Асіповіцкага раёна ў цэнтральную раённую бальніцу. Увечары ў выніку падзення дрэва на кантактную сетку каля чыгуначнай станцыі «Вярэйцы» зноў у Асіповіцкім раёне адбылося вымушанае спыненне электрапоезда рэгіянальных ліній Мінск—Асіповічы. Затрымка руху склала 27 хвілін. Таксама ўвечары абрынулася жалезабетоннае перакрыцце на плошчы 80 квадратных метраў цаглянага будынка цялятніка 1964 года пабудовы ў вёсцы Вайганы Валожынскага раёна. Работнікі МНС і мясцовай гаспадаркі эвакуіравалі 208 цялят узростам да шасці месяцаў. Пацярпелых не было. Часова з-за прарыву цеплатрасы без цепла- і гарачага водазабеспячэння заставаўся абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Пухавічы» (179 дзетак).

Праца ў штатным рэжыме

Нацыянальны аэрапорт Мінск працаваў у штатным рэжыме. Для ўборкі снегу ў складаных умовах было задзейнічана 30 адзінак спецтэхнікі. У выпадку неабходнасці аэрапорт мог бы забяспечыць гарачым харчаваннем (запас прадуктаў ёсць на 3 тысячы чалавек на пяць дзён) пасажыраў, тых, хто іх сустракае і праводзіць, а таксама размясціць для адпачынку са стварэннем камфортных умоў. Пасажыраў без грошай маглі забяспечыць бясплатным харчаваннем.

Беларуская чыгунка аператыўна забяспечвала своечасовую ачыстку пуцей ад снегу. На ачыстцы стрэлачных пераводаў на станцыях працавала больш за 1,7 тысячы чалавек. На перагонах і станцыях было задзейнічана шэсць снегаўборачных машын. Своечасова ўбіраліся ад снегу і пасыпаліся пясчана-салянай сумессю пасажырскія платформы і прылеглыя да чыгуначных вакзалаў тэрыторыі. Затрымак у руху цягнікоў не было.

Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, усе 754 аўтакрамы Белкаапсаюза выйшлі на маршруты ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі. Усе машыны былі ўкамплектаваныя ў адпаведнасці з асартыментнымі пералікамі.

rs@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.