Вы тут

Маці і...164 нашчадкі!


Што трэба для сямейнага шчасця? Дом, машына, шмат грошай, безумоўна, добры падмурак, але, пагадзіцеся, без дзіцячага смеху ўсё гэта з часам страціць сэнс. Сёння шмат для каго трое дзяцей ужо мяжа, а раней такія сем'і наогул не лічылі шматдзетнымі. На фота, якім падзяліўся Уладзімір Капуза, галоўны рэдактар Магілёўскай абласной аграрнай газеты «Зямля і людзі», толькі частка яго братоў і сясцёр.


Зле­ва на­пра­ва, ніж­ні рад — Кос­ця, баць­ка Мак­сім Іва­на­віч з Во­вам, ма­ці Ва­сі­лі­на Іва­наў­на з Ва­сіль­ком; верх­ні рад — Пётр, Ра­ман і Тэк­ля, 1954 год.

Не трапілі ў кадр яшчэ пяцёра — Сцяпан, Люба, Надзя, Мікалай і Андрэй. Дакладней, Андрэй ёсць, але за кадрам. У якасці фатографа. У 50-я гады мінулага стагоддзя ён адзіны ў вёсцы меў у асабістым карыстанні славутую «лейку» — фотаапарат, апеты ў так званым гімне ваенных карэспандэнтаў. Карэспандэнтам ён не быў, але лічыўся першым на вёсцы фотамайстрам. І быў старэйшым з дзяцей у вялікай сям'і Максіма і Васіліны Капузаў, якія выхавалі дзесяцярых сыноў і дачок. Вунь той сімпатычны малы ў квяцістай сукенцы (ці, як тут называлі на польскі манер, капоце) — ніхто іншы, як будучы рэдактар Уладзімір Капуза. У 1954 годзе, калі быў зроблены гэты здымак, яму споўніўся ўсяго годзік. На той момант ён быў восьмы, самы малодшы з дзяцей. Праз 2 гады нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, потым — дзяўчынка.

У іх роднай вёсцы Сварынь Драгічынскага раёна мірна ўжываліся беларусы, украінцы, палякі. Да 1939 года гэта была тэрыторыя Польшчы. А да сваякоў з Валынскай вобласці, што ва Украіне, сям'я хадзіла нават пешшу. У тыя часы яшчэ не было нават думкі пра нейкую там мяжу і пашпартны рэжым. Адно было кепска: з усіх бакоў Сварынь абступалі балоты і грамадскі транспарт курсіраваў туды толькі адзін месяц на год. На ўвесь астатні перыяд дарога станавілася непраходнай для тэхнікі. Людзі перасоўваліся выключна пешшу. Затое падчас вайны немцы нават не рызыкавалі сюды сунуцца. Мясцовыя больш баяліся ашалелых бандэраўцаў, якія маглі нечакана наляцець і ўчыніць расправу.

Адгрымела вайна, вярнуўся з фронту бацька, вядомы на ўсё наваколле каваль. Ён мог і каня падкаваць, і калёсы адрамантаваць. Сям'я хоць і не шыкавала, але хлеб у доме быў заўсёды. Бацькоўская хата, на фоне якой пазіруе сям'я, не была вялікай. Але маці Васіліна Іванаўна (на здымку яна трымае рукой няўрымслівага Васілька) клапацілася, каб кожнаму ў ёй было ўтульна. «Маці — гэта сонейка маё, святы чалавек, яе нам вельмі не хапае, — з пяшчотай у голасе ўзгадвае Васіліну Іванаўну сын. — Калі яна памерла, святар казаў, што не было лепшай прыхаджанкі, чым яна. За ўсё жыццё ніколі не павысіла голас, ад яе павявала спакоем. Памятаю, як цяжка было мне, падлетку, раніцай уставаць пасвіць кароў. Яна, каб крышачку ўсцешыць, цішком совала ў кішэню першы агурок або нешта іншае, больш смачнае. У яе любімчыкаў не было, яна ўсіх аднолькава шанавала, нікога не вылучала. Але кожнаму, як магла, спачувала. Худзенькая, маленькая: яе саму трэба было абараняць. Я паспеў запісаць на плёнку яе голас, дзе яна расказвае пра сваё жыццё. Колькі ж маёй матулечцы прыйшлося гора сербануць! Вайна, цяжкая сялянская праца, выхаванне дзяцей. Як маці-гераіня яна была ўзнагароджана ордэнам з залатой зоркай».

Сям'я амаль праз 40 га­доў. Зле­ва на­пра­ва, ніж­ні рад — Сцё­па, баць­ка Мак­сім Іва­на­віч, ма­ці Ва­сі­лі­на Іва­наў­на; верх­ні рад — Ула­дзі­мір, Ва­сіль, Кан­стан­цін, На­дзя, Мі­ка­лай, Тэк­ля, Пётр, Анд­рэй, па­ча­так 1980-х.

Па сутнасці, Васіліна Іванаўна 13 разоў нараджала (двойчы няўдала, а яшчэ адна яе дачушка Насця зусім маленькай памерла падчас вайны).

«Гляджу на гэтае фота і быццам вяртаюся ў дзяцінства, — прызнаецца Уладзімір Капуза (здымак вісіць у яго кабінеце на пачэсным месцы). — Мы жылі, лічы, у самай глушы Палесся, але не сумавалі. А як было цікава вучыцца ў нашай пачатковай школе! Пад яе адвялі самую вялікую хату ў вёсцы. На ўсе малодшыя класы была адна настаўніца. Зімой, бывала, замерзнем па дарозе ў школу, і яна, каб мы хутчэй адагрэліся, дазваляла слухаць урокі на печцы.

Памятаю, як бацька ездзіў на заробкі. А бліжэй да восені вяртаўся з вялікім запасам збожжа. Мы ніколі не куплялі хлеб, маці яго пякла з перамолатага зерня. А я быў галоўны млынар (усміхаецца). Тады дзяцей да працы прывучалі з маленства. Дарослыя пойдуць, а я, чатырохгадовы, гляджу маленькую сястрычку. Быў нянькай, потым да 7 класа пастушком. Спачатку ў вёсцы кожны сваіх кароў пасвіў, а потым пачалі збіраць у статак і ганяць на пашу па чарзе. Да 10 гадоў я ўжо умеў і касіць, і араць, і каня запрэгчы. Вясковыя дзеці гэтую навуку праходзілі па поўнай праграме... У жыцці яна вельмі спатрэбілася. І вучыўся без троек (па пяцібальнай сістэме). Пасля школы адразу ж на журфак паступіў, ва ўніверсітэт. Першы ў вёсцы! Гэта было вельмі ганарова. Маці радавалася, але ў Мінск не адпускала, пакуль усю бульбу не выкапалі. Як той казаў, вучоба вучобай, але спачатку справа. Цяпер гэтыя гады ўзгадваюцца, як найлепшыя ў жыцці. І перш за ўсё я ўдзячны за іх маці. Гэта такое шчасце — жыць у вялікай сям'і! Маю матулю можна лічыць багатай жанчынай. Яе ўжо няма, але засталіся 38 унукаў, 90 праўнукаў і 28 прапраўнукаў».

Фота з сямейнага архіва Уладзіміра Капузы

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.