Вы тут

Выпрабоўваюць лёд на трываласць


Часам гэта робіцца цаной здароўя, а то і жыцця.

У мінулым годзе ў Брэсцкай вобласці загінулі шэсць чалавек, праваліўшыся пад лёд на вадаёмах. Трое з іх — рыбакі, якія займаліся падлёдным ловам, яшчэ трое — адзін дарослы і двое дзяцей — спрабавалі перайсці вадаём па тонкім лёдзе. Шэсць абарваных жыццяў, шэсць трагедый у сем'ях...


Самае цяжкае, калі ахвярамі становяцца дзеці, якія не вырастуць, і з-за якіх дарослыя будуць усё астатняе жыццё грызці сябе, што не навучылі, не расказалі, не ўнушылі правілы бяспекі. Ну а рыбакі — аматары і шукальнікі экстрыму, якія жыццём заплацілі за ігнараванне правілаў асабістай бяспекі. Нялёгка ўсведамляць, што падобныя здарэнні паўтараюцца з года ў год, нягледзячы на шматлікія папярэджанні і перасцярогі.

Так было і на гэты раз. У першых чыслах студзеня аблвыканкам прыняў распараджэнне пра забарону выхаду на лёд. Дакументы такога кшталту выходзяць у свет на пачатку сезона і ў канцы, калі лёд асабліва тонкі і небяспечны. Абазначаная мера носіць у значнай ступені прапагандысцкі характар, бо насамрэч ніякіх санкцый да таго, хто лезе на крохкі лёд, няма. Але такім чынам органы мясцовай улады стараюцца прыцягнуць увагу людзей, напомніць ім пра элементарныя правілы бяспекі.

— Забарона — нагода лішні раз аб'явіць па радыё, напісаць у газетах, размясціць адпаведную інфармацыю на стэндзе. Можа, хоць нехта пачытае і задумаецца — гаворыць старшыня Олтушскага сельскага Савета дэпутатаў Маларыцкага раёна Вітольд ПЯТКЕВІЧ.

Паводле слоў старшыні, у іх населеным пункце знаходзіцца маляўнічае Олтушскае возера. Як толькі яго паверхня пакрылася тонкім шклом лёду, паявіліся рыбакі. Асноўная іх частка — заўсёднікі з Брэста, якія гадамі прыязджаюць у Олтуш. Большасць рыбаловаў са стажам, як правіла, прытрымліваюцца правілаў бяспекі, маюць выратавальныя сродкі. Але трапляюцца і навічкі, аматары «вясёлага» баўлення часу, пра што сведчаць спецыфічныя шкляныя адходы, якія нярэдка застаюцца побач з месцамі рыбалкі.

Вітольд Мечыслававіч расказаў, што шмат гадоў таму на возеры здарыўся няшчасны выпадак, калі пацярпелі дзеці, — аб чым да гэтай пары ўспамінаюць у вёсцы. Але тая бяда ўсё ж паслужыла ўрокам для бацькоў, педагогаў, грамадскасці. Найперш вялікая ўвага надаецца выхаванню бяспечных паводзінаў у вучняў. Настаўнікі Олтушскай і Ланской сярэдніх, а таксама Збуражскай школы-садка, сярод якіх ёсць дэпутаты сельскага Савета, заўсёды клапоцяцца аб набыцці адпаведных буклетаў, іншых інфармацыйных матэрыялаў, супрацоўнічаюць з райаддзелам МНС, праводзяць гутаркі і тэматычныя мерапрыемствы... Пра гэта і дзясяты раз нагадаць вучням ці выхаванцам не бывае лішнім, — падсумаваў Вітольд Пяткевіч.

З аматарамі зімовай рыбалкі прафілактычную работу праводзяць супрацоўнікі МНС. Як расказаў памочнік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей МАШНОЎ, з паніжэннем тэмпературы і пачаткам ледаставу ўсе райаддзелы правялі рэйды на вадаёмах вобласці. Работнікі Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з супрацоўнікамі міліцыі і адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста прайшлі ўздоўж ракі Мухавец у межах горада. Удзельнікі рэйду сустрэлі нямала рыбакоў. З кожным з іх пагаварылі, пацікавіліся іх веданнем правілаў бяспекі і аказання дапамогі таму, хто праваліўся пад лёд. Таму, хто прадэманстраваў прабелы ў ведах, падрабязна расказвалі, як сябе паводзіць на лёдзе і што неабходна браць на рыбалку заўсёды.

Супрацоўнікі Камянецкага райаддзела МНС пайшлі ў рэйд на раку Лясную. Першы намеснік начальніка райаддзела Андрэй Парафянюк тлумачыў аматарам зімовай рыбалкі, якім каварным бывае лёд. Нават калі таўшчыня замерзлай вады дасягае 12 і больш сантыметраў, на сярэдзіне вадаёма нярэдка ўтвараюцца палонкі, якія тояць небяспеку. Калі ж лёд пакрыты снегам, можна іх не заўважыць...

На той жа рацэ Лясной, як толькі паявіўся першы лёд, адбылося надзвычайнае здарэнне. Не з чалавекам. З ласём. Няшчасны звер хацеў ці то перайсці раку, ці то напіцца і праваліўся пад лёд. Хоць глыбіня была не вельмі вялікая — жывёліна стаяла ў вадзе, ды выбрацца з ледзянога палону самастойна ёй было цяжка. Першымі лася заўважылі памежнікі з заставы «Церабунь». Паводле слоў кіраўніка прэс-службы Брэсцкай памежнай групы Аляксандра КІСЛОВА, вартавыя мяжы адразу звязаліся з выратавальнікамі і пасля іх прыбыцця разам вызвалілі жывёліну з ледзянога палону. Лось, на шчасце, моцна не пацярпеў. Аказаўшыся на беразе, адразу пабег у лес. Але так здараецца не з усімі жывымі істотамі, якія трапляюць пад лёд. Бо не заўсёды побач аказваецца той, хто прыйдзе на дапамогу. Таму чалавек — як істота разумная — абавязаны заўсёды клапаціцца пра сваю бяспеку.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.