Вы тут

У Магілёве прэзентавалі ўнікальны альбом


У Магілёве прэзентавалі ўнікальны альбом, у які ўвайшлі здымкі ХІХ-ХХ стагоддзяў.

У выставачнай зале на вуліцы Болдзіна не было дзе яблыку ўпасці. Людзі прыйшлі пабачыць Магілёў, які ўжо не існуе або змяніўся да непазнавальнасці. А яшчэ пазнаць твары тых, хто яго праслаўляў, і, калі пашчасціць, сваіх продкаў або знаёмых. Бо здымкі для фотаальбома шукаліся не толькі ў фондах краязнаўчага музея і музея гісторыі Магілёва, але таксама ў прыватных калекцыях і сямейных архівах гараджан.


Глядзіш на фота і адчуваеш подых часу, мімалётнасць і крохкасць нашага быцця. Шанц акунуцца ў мінулае падарылі неабыякавыя да гісторыі горада і сваёй справы магілёўскія фотамайстры Ірына Савосіна, Аляксандр Ліцін, Генадзь Карчэўскі, старшыня магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў. «Думка пра стварэнне асобнага фотавыдання лунала ў паветры яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму, але тады гэтая мара здавалася недасягальнай. Толькі ж нездарма кажуць, што думкі матэрыяльныя», — адзначылі стваральнікі.

Такі глыбокі аналіз фотамастацтва ў маштабах аднаго горада зроблены ўпершыню. У анталогію «Магілёўскі фотаальбом. 1864—2000» увайшло болей за 700 фота, складзена партфоліа 57 магілёўскіх майстроў з іх біяграфіямі і фотаздымкамі — усяго згадваецца больш за сотню імён. Ірына Савосіна і Аляксандр Ліцін напісалі гістарычны нарыс, які складаецца з 13 глаў і распавядае, як развівалася фотасправа ў родным горадзе. «Спачатку была думка абмежавацца апошняй чвэрцю мінулага стагоддзя, калі ў савецкай краіне назіраўся росквіт мастацкага фота, — кажа Ірына Савосіна. — Але хацелася чагосьці больш цікавага. Акрамя таго, адчуваўся дэфіцыт здымкаў ХІХ стагоддзя, пачатку і сярэдзіны ХХ. Шукалі фота, цікавіліся гісторыяй, знаходзілі каштоўную інфармацыю. Вельмі ўдзячны музеям, прыватным калекцыянерам і ўсім тым, хто даў магчымасць зазірнуць у сямейныя альбомы. Дзякуючы ім белых плям у гісторыі фота Магілёва стала менш».

Ірына Савосіна ў захапленні ад кнігі

Сігнальны альбом аб'ёмам болей за 400 старонак фармату А4 выйшаў на грамадскіх пачатках у прыватным магілёўскім выдавецтве «Амелія-Прынт». Каб кніга выдавалася вялікім накладам і яе змог набыць кожны ахвотны, трэба знайсці сродкі. Стваральнікі звярнуліся да грамадскасці з надзеяй, што адгукнуцца неабыякавыя людзі, якія дапамогуць справе. Першымі змаглі зрабіць свой унёсак наведвальнікі прэзентацыі. Для іх ахвяраванняў у зале была ўсталявана спецыяльная скрыня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.