Вы тут

Мовазнаўцы Валянціне Лемцюговай – 80!


Дзякуючы прафесару Валянціне Лемцюговай на карце краіны сталі з'яўляцца паўзабытыя гістарычныя назвы.

У Беларусі і далёка за яе межамі добра вядомы вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Лемцюгова. На працягу больш чым 20 гадоў яна ўзначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію пры НАН Беларусі, з'яўлялася членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Колькасць яе навуковых распрацовак проста ўражвае. Акрамя таго, яна выхавала цэлую генерацыю кваліфікаваных моваведаў і спецыялістаў у галіне анамастыкі. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з яе калегам, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігарам КАПЫЛОВЫМ, каб распытаць пра прафесійны лёс таленавітага мовазнаўцы, якая днямі адсвяткавала 80-годдзе.


— Напэўна, вялікая ўдача — працаваць побач з такім чалавекам, як Валянціна Пятроўна?

— Яна належыць да той кагорты людзей, чыё жыццё — яскравы прыклад працалюбства, прынцыповасці і адданасці айчыннай мовазнаўчай навуцы і любімай справе, звязанай з даследаваннем і папулярызацыяй роднага слова. Душэўная заклапочанасць і шчырае хваляванне за лёс беларускай мовы, роднай краіны заўсёды вызначаюць гэтага нераўнадушнага, вернага свайму прафесійнаму абавязку чалавека. Яна аўтарытэтны вучоны і глыбокі даследчык, у якога ёсць чаму павучыцца.

— На рахунку Валянціны Лемцюговай стварэнне шматлікіх слоўнікаў...

— Так, у гісторыі беларускай навукі яна вядома як аўтар шматлікіх прац у галіне лексікалогіі і лексікаграфіі, анамастыкі, дыялекталогіі, сучаснай беларускай мовы, гісторыі і культуры мовы. Валянціна Пятроўна прымала ўдзел у стварэнні «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» — выдання, якое было адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Удзельнічала ў выкананні аўтарытэтнага міжнароднага навуковага праекта, у якім задзейнічаны навукоўцы ўсіх славянскіх краін і Германіі, «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас». З'яўляецца суаўтарам шэрагу буйных калектыўных лексікаграфічных прац, такіх як «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі», «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі». Настаўнікі-філолагі добра ведаюць яе «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы», «Слоўнік-даведнік «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах», «Кароткі слоўнік беларускай мовы».

А яе «Украінска-беларускі слоўнік» стаў першым у беларускай і славянскай лексікаграфіі. Яго выхад у свет адзначаны як падзея ў культурным і навуковым жыцці не толькі Беларусі і Украіны, але і ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Англіі, Бельгіі, Румыніі, Канадзе.

— Распавядзіце пра даследаванні мовы газеты «Наша Ніва», над якім працавала Валянціна Пятроўна.

— Сапраўды яна з'яўляецца ініцыятарам, навуковым кіраўніком і аўтарам комплексу навуковых прац, прысвечаных вывучэнню мовы «Нашай Нівы» — унікальнага пісьмовага помніка эпохі беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Падрыхтаваны пад яе кіраўніцтвам «Слоўнік мовы «Нашай Нівы» з'яўляецца крыніцай раней нікім не даследаваных лексічных рэсурсаў, ён адлюстроўвае карціну моўнай арганізацыі пачатковага этапу станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы з усімі ўласцівымі ёй рысамі і супярэчнасцямі, паказвае яе лексіка-фразеалагічныя адметнасці, перадае адчуванне яе шырыні і глыбіні.

— Раскажыце пра працу Валянціны Лемцюговай у галіне анамастыкі.

— Яна вядучы спецыяліст у гэтым. З імем Валянціны Пятроўны цесна звязана развіццё напрамкаў анамастычнай школы, заснаванай у 60-я гады мінулага стагоддзя акадэмікам Мікалаем Бірылам. Ёю распрацаваны тэарэтычныя асновы стандартызацыі беларускіх геаграфічных назваў. Гэтыя распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне пры падрыхтоўцы і выданні розных па тэматыцы і маштабе карт, атласаў. Асобнае месца займае падрыхтаваны пад непасрэдным кіраўніцтвам Валянціны Пятроўны нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах. Гэтае выданне атрымала высокую ацэнку экспертаў камісіі па стандартызацыіі пры ААН, якія рэкамендавалі яго ў якасці ўзору для іншых краін.

— Несумненна, не меншай увагі заслугоўвае і яе кніга «Тапонімы распавядаюць».

— Там змешчана каля трох тысяч навукова-папулярных эцюдаў пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў (айконімаў), таксама тлумачыцца сэнс многіх гідронімаў (назваў рэк, азёр, балот) і антрапонімаў (уласных асабовых імён і прозвішчаў). Кніга выклікала вялікую цікавасць не толькі ў спецыялістаў, але і ў шырокага кола чытачоў, неабыякавых да мінулага сваёй малой і вялікай Радзімы. Прафесар Мікалай Прыгодзіч слушна адзначыў, што «дзякуючы прынцыповасці і настойлівасці прафесара Лемцюговай на карце Беларусі, у многіх гарадах і мястэчках сталі з'яўляцца паўзабытыя гістарычныя назвы, аднаўляецца старажытны таманімікон беларускага народа».

— З нагоды 80-годдзя Валянціны Лемцюговай у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сабраліся яе калегі. Пэўна, гучала шмат добрых пажаданняў?..

— Так, мы нават зладзілі круглы стол з гэтай нагоды, які называўся «На шчодрай ніве роднага слова». Сябры, вучні, аднадумцы Валянціны Пятроўны казалі ў яе адрас цёплыя словы. Дарэчы, у Валянціны Пятроўны цудоўная сям'я, у якой яна заўсёды знаходзіць падтрымку і разуменне, перадае сваю мудрасць і жыццёвы вопыт. Дачка Ірына пайшла па мацярынскіх слядах і дасягнула вышынь філалагічнай навукі, таксама стала доктарам навук...

— Прафесар Адам Мальдзіс расказваў аб тым, як дапамагаюць працы Лемцюговай раскрыць таямніцы паходжання беларускіх прозвішчаў. Асаблівую цікавасць выклікала выступленне навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Уладзіміра Кошчанкі «Ад геаграфічнай лацінкі да нацыянальнай сістэмы раманізацыі беларускай мовы», у якім аўтар прапанаваў не абмяжоўвацца Інструкцыяй па перадачы літарамі лацінскага алфавіта ўласных геаграфічных назваў, а распрацаваць стандарт, які б распаўсюджваўся ва ўсіх выпадках, калі трэба забяспечыць адназначнае прадстаўленне кірылічнага тэксту лацінскімі літарамі. Такая цікавая навуковая дыскусія, несумненна, стала выдатным падарункам да юбілею.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.