Вы тут

Валёнкі сталі своеасаблівым дэпутацкім «брэндам»


Іх чацвёрты год запар напярэдадні навагодніх свят дорыць вясковым старажылам Дзяржынскай выбарчай акругі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік.


— З валёнкамі вы нам і зіму прывезлі, — сустракаюць гасцей ля варот свайго дома баба Шура і дзед Франц Доўнары. Жывуць яны ў вёсцы Старына Дзяржынскага раёна. Выйшлі падзівіцца доўгачаканаму беламу покрыву, а тут — на парозе госці, ды яшчэ з сюрпрызам. Валёнкі заўсёды на вёсцы былі ў пашане. Цяпер шапавалы робяць іх асабліва цёплымі і прыгожымі. Нярэдка, гледзячы на абноўкі, старыя ўспамінаюць маладыя гады. «Вось бы такую прыгажосць на той час. Ад кавалераў адбою не было б», — часам жартуюць бабулі.

Ала Губарэвіч, старшыня Дзяржынскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым сем'ям», дэпутат мясцовага Савета, добра ведае ўсю акругу і яе жыхароў. Таму Ала Браніславаўна і прапануе зазірнуць у хаты тых людзей, якім дапамога асабліва патрэбна. Яна прыдумала і наступныя прывітальныя словы: «З цяплом і радасцю ідзём. Валёнкі файныя нясём».

Чарговы прыпынак — вёска Мелькавічы, дзе жыве Аляксей Пятровіч Гаркач, былы чыгуначнік. Хату напаўняе вясёлая гамонка, прымяраюцца валёнкі. Ад амаль дзевяностагадовага ўсхваляванага гаспадара гучаць словы вялікай удзячнасці.

Вёска Пажэжына. Стукаем у дзверы Ніны Сцяпанаўны Гарбуз. Ведаем, чакае і Леакадзія Антонаўна Носікава. Дэпутат, перш чым уручыць падарунак, цікавіцца лёсам жанчын, іх сённяшнімі патрэбамі. Кожная амаль сорак гадоў спраўна працавала ў калгасе. Родная зямля і зараз надае доўгажыхаркам сілы. Яны кажуць, што ніколі не мелі зайздрасці, не растрачвалі сябе марна. З прыездам гасцей засвяціліся ў іх вачах агеньчыкі радасці. Валёнкі, як навагодняя ёлка, заззялі ў хатах святлом людскога цяпла.

Уладзіслаў Цыдзік мае ўжо 85 вось такіх незабыўных навагодніх сустрэч. Гэта не проста падарунак ад дэпутата. Гэта цёплыя крокі ад душы да душы.

— Радуе, што ў сваім намеры несці дабро я не адзінокі, — гаворыць Уладзіслаў Станіслававіч. — Дапамаглі набыць валёнкі кіраўнікі дзяржынскага прадпрыемства «Араматык». І было яшчэ шмат неабыякавых людзей, з якімі на працягу года ў Дзяржынскім і Уздзенскім раёнах удалося зрабіць многа карыснага.

Дэпутат дадае:

— Калі гарады патонуць у свеце феерычных агнёў, а на святочным стале не будзе месца для новых пачастункаў, успомніце пра тое, што недзе ў аддаленай вёсцы да цёплай печкі туліцца старая бабуля і яна таксама загадвае свае жаданні...

Алена Стэльмах

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.