Вы тут

Кнігі як цуд


Калядны дабрачынны баль кнігі прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Асноўнай тэмай свята, арганізатарамі якога з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі і адкрытае акцыянернае таварыства «Белкніга», сёлета стала чытанне ў сям'і.

23-31

Правядзенне дабрачыннага Балю кнігі напярэдадні Калядаў і Новага года стала выдатнай традыцыяй: ён ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Баль і ўнікальны дабрачынны кніжны аўкцыён, што праходзіць у яго рамках, — гэта і падвядзенне вынікаў выдавецкага года, і магчымасць прадставіць самыя яркія праекты, і спроба здзейсніць цуд хоць для невялікай колькасці дзяцей-сірот. Так, сродкі, атрыманыя ад продажу кніжных лотаў штогод пералічваюцца на рахунак аднаго з дамоў-інтэрнатаў краіны. Сёлета атрымальнікам дабрачынных грошай стаў Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне.

Распачынаючы святочны баль, міністр інфармацыі Лілія Ананіч звярнула ўвагу на знакавыя для айчыннага кнігавыдання падзеі 2015 года:

— Сёлета наша краіна чарговы раз стала ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД за кнігу "Беларусь замкавая".

Узяў пачатак міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і Час», які ўпершыню сабраў удзельнікаў з розных краін свету ў лютым, падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. 2015-ы стаў годам заснавання Нацыянальнай літаратурнай прэміі, гэта пацвярджае вялікі клопат дзяржавы пра развіццё нашай літаратуры, кнігавыдання. Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію — гэта таксама знакавы момант для беларускай літаратуры.

Адметнай падзеяй года можна назваць і пачатак акцыі «Сямейнае чытанне», што праводзіцца сумесна з Беларускім саюзам жанчын і будзе доўжыцца да мая 2016 года. Гэты праект закліканы яшчэ раз нагадаць, як важна ў коле сям'і, сяброў, блізкіх знаходзіць час для кнігі. Літаратурныя творы, прачытаныя разам, могуць стаць выдатнай тэмай для агульнай цёплай гутаркі. Міністр працы і сацыяльнай абароны, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна заўважыла:

— На жаль, ёсць дзеці, якім мама ніколі не чытала кнігі, якія былі пазбаўлены гэтага шчасця матулінай ласкі, дабрыні і цеплыні казак, апавяданняў, гісторый. Сёння кожны з нас мае магчымасць падарыць такім дзеткам цяпло, паказаць сваю спагаду і неабыякавасць.

23-30

15 унікальных кніжных праектаў, аб'яднаныя ў 7 тэматычных блокаў, сталі лотамі дабрачыннага аўкцыёну. І калі на ранейшых святах самымі эксклюзіўнымі і каштоўнымі былі рарытэты з прыватных калекцый, выданні, якіх ужо даўно няма ў продажы, то сёлета рарытэты саступілі па папулярнасці кнігам, што яшчэ рыхтуюцца да шырокага выпуску і выдадзены толькі ў адзінкавых копіях. Падчас аўкцыёну сваіх першых чытачоў і ўладальнікаў знайшлі кнігі, якія, безумоўна, стануць хітамі наступнага года. Гэта выданне «Гонар Беларусі. Маладыя, таленавітыя, адораныя», падрыхтаванае выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» як своеасаблівы вынік Года моладзі. Кніга распавядае пра лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Першы асобнік выдання «Слуцкія паясы. Мастацтва, асобы, эпоха» (выдавецтва «Беларусь») таксама знайшоў свайго чытача. Самы дарагі лот аўкцыёну, які пайшоў з малатка за 9,5 мільёна рублёў, — таксама першы экзэмпляр. Гэта кніга «Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі...», падрыхтаваная выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пад заслону года. Пад вокладкай фаліянта сваімі ўспамінамі пра выдатнага музыканта, стваральніка і кіраўніка легендарнага гурта «Песняры», народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна дзеляцца яго сябры і калегі. Выданне вельмі дарэчы — 12 студзеня Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75...

Не засталіся без увагі і юбіляры 2015 года. Так, на аўкцыёне былі прадстаўлены кнігі Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» і «Дзікае паляванне караля Стаха», мемуары выдатнага кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага і даследаванні яго нашчадкаў, перакладзеныя з французскай мовы (праект выдавецтва «Чатыры чвэрці»), выданне «Аляксей Кузьміч. Творца ўзвышаных Мадонн», прысвечанае памяці выдатнага мастака. Адзначылі і вялікі юбілей, які чакае нас у 2017-м, — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Былі прадстаўлены: рарытэтная энцыклапедыя «Францыск Скарына і яго час», эксклюзіўны праект «Скарынаўскі каляндар», а таксама кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету», падрыхтаваная летась Выдавецкім домам «Звязда».

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што з гадамі гэтыя кнігі здабудуць яшчэ большую каштоўнасць.

Калядны кніжны баль яшчэ раз даказаў: сёлета выдаўцамі рэалізавана сапраўды шмат знакавых праектаў, але і наступны год абяцае быць не менш цікавым і паспяховым. З кнігай, здольнай тварыць дабро, несці розум і асвету, сапраўды ўсё магчыма.

Падчас аўкцыёну сёлета было сабрана 68 мільёнаў рублёў, гэтыя грошы дапамогуць здзейсніць запаветныя жаданні выхаванцаў Журавіцкага дома-інтэрната. Дзякуючы добрай кнізе адбываюцца цуды!

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».