Вы тут

Літаратура ў бясснежным снежні


Ужо хутка Каляды і Новы год, а снегам і не пахла. Але святы ніхто не адмяняў, таму не хвалюйцеся: літаратурныя падарункі ад часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і «Бярозка» вы атрымаеце! Прапануем пасвавольнічаць ды зазірнуць у мех Дзеда Мароза.

23-18

У 12-м «Полымі» чытайце аповесць у навелах «Астравы на сушы» Казіміра Камейшы. «Тут будзе заўсёды крыху хаатычна, крыху асіметрычна, аднак жа з прыкідам свайго жыццёвага вокамеру, з думай не толькі пра сябе, але і нашчадкаў сваіх», — піша аўтар у прадмове да свайго твора. Інтрыгуе, ці не так?

Паэтычная падборка Міколы Мятліцкага «З ракі стагоддзяў памяць п'ю» нагадвае пра хуткаплыннасць часу:

Памятай: туды імкнецца час,

Дзе ў тумане год не будзе нас.

І таму ў прадбачанні імжы

Ты імгненнем кожным даражы.

Вашую гістарычную памяць, шаноўныя чытачы, ускалыхне таксама літаратурная легенда Івана Саверчанкі «Скарб крывічоў».

Даволі рэдка ў «Полымі», «Маладосці» і «Нёмане» з'яўляюцца драматургічныя творы. Кожная п'еса на іх старонках — падзея адметная. Таму сустракайце падзею — камедыю Георгія Марчука «Аднойчы на дачы». Таксама нячаста сучасныя паэты пішуць паэмы. Настойліва раім прыгледзецца і да «Баку» Таццяны Сівец.

У рубрыцы «Галасы свету» — пераклады з туркменскай. Керым Курбаняпесаў, Агагельды Аланазараў, Атамурад Атабаеў прынясуць у наш бясснежны снежань крыху туркменскага сонца сваёй паэзіяй.

23-17

Рэдакцыя часопіса «Маладосць» вырашыла не сядзець склаўшы рукі ў прыкрай бясснежнай сітуацыі і напісала ліст да Зюзі з просьбай пра снег. Пабачыць гэтую авантурную спробу вы можаце на пачатку нумара.

Упершыню ў «Маладосці» — Павел Горбач, у вершах якога ноткі восеньскай тугі і самаіроніі. У сваіх паэтычных разважаннях ён прыходзіць да высновы, што «кінуць паліць, мацюкацца і піць» — першы крок у шчаслівую будучыню.

Алег Нікулін прапануе невялічкую паэму «Калі няма для Дракулы ахвяры». Тут і жахі, і роздум аб веры і лёсе паэтаў... Паэтка Людка Сільнова распавядзе, як падключыць фантастычны роўмінг і паэтычна растлумачыць, чаму цыбуліны ў шклянцы падобныя да каланістаў Марса. Традыцыйная ж калядная падборка «Прыйдзе Бог сняжынкаю на носе» сагрэе і падорыць святочны настрой.

Проза 12 нумара спрэс казачная. Тут вам і гісторыі аб прынцэсах і быках (казка Алега Грушэцкага), і пра Зюзіча, «сына траскучага марозу, унука сівой зімы», і пра касмічных гоншчыкаў (аповесць Святланы Магілеўчык). Вось толькі кранальнае апавяданне Настассі Нарэйкі «Сукенка для прынцэсы» — невясёлая зямная рэальнасць, але і яно не пазбаўлена святочнай цудоўнасці і цеплыні.

Чарговая чароўная аповесць Кацярыны Мядзведзевай «Калі расцвітуць чорныя ружы» — «разыначка» нумара. Здольнасць маладой пісьменніцы ствараць свой непаўторны свет, насяляць яго сімпатычнымі героямі чарговы раз захапляе. На наш погляд, творы Мядзведзевай можна смела заносіць у спіс утульнага чытання пад пледам (які, дарэчы, таксама прапануе 12-я «Маладосць»).

Блізкі па настроі аповесці «Калі расцвітуць чорныя ружы» твор «Маленькая дама» нямецкай пісьменніцы Штэфані Ташынскі, які вы знойдзеце ў рубрыцы «Пераклады». Не адмоўце сабе ў задавальненні зірнуць на свет вачыма дзіцяці.

Асобна ў 12-й «Маладосці» вылучаецца «Кітайскі сшытак». Тут вас чакае вытанчаная паэзія Лі Хэ, якога «Маладосць» узяла на сябе смеласць параўнаць з нашым Максімам Багдановічам, а таксама аповесць маладога пісьменніка Гэ Ляна «Статуэткі майстра Іня» і перакладчыцкія спробы студэнтаў і магістрантаў кафедры кітайскай філалогіі філфака БДУ.

І гэта далёка не ўсё, што вы знойдзеце ў казачна-каляднай «Маладосці», апошняй у 2015 годзе...

23-16

«Бярозка» прапануе праводзіць стары год (першы год існавання адноўленага часопіса, дарэчы) віктарынай па матэрыялах папярэдніх нумароў. Тым, хто ўважліва чытаў «Бярозку» ўвесь год і правільна адкажа на ўсе пытанні, абяцаюць падарунак.

Падрыхтоўцы да Новага года елкі, кватэры, сябе і свайго настрою прысвечаны ўвесь нумар. Ганна Варонка распавядзе, як сустракае свята, Сяргей Грудніцкі праматывуе сваімі разважаннямі пра месца чалавека ў свеце, Яна Мусвідас растлумачыць, які падарунак ні ў якім разе нельга дарыць дзецям. Сваю калонку займеў нават... папяровы кубачак для кавы.

Пісьменніца Алена Беланожка падкажа, як ператварыць звычайны школьны ранішнік у сапраўднае свята: рэквізіт і падарункі сваімі рукамі, арыгінальныя святочныя конкурсы, навагодняя пошта і калядная варажба... І яшчэ шмат ідэй! Як стварыць падарункі і ўпрыгожанні сваімі рукамі, можна ўбачыць у майстар-класах. А самыя дзейсныя спосабы святочнай варажбы падкажа прывід Аркаша.

Герой рубрыкі «Бел. літ» — Максім Багдановіч. Вучні мінскай гімназіі №10 правялі экскурсію па кабінеце-музеі імя самага рамантычнага паэта. А дапоўніць стварэнне святочнага настрою раім апавяданнем Кацярыны Мядзведзевай «Мой тата — Дзед Мароз».

23-15

На юбілей, які «Нёман» пачаў адзначаць яшчэ ў мінулым нумары, завіталі госці з Калінінграда — часопіс «Балтика». Не абышлося без падарункаў. Ад апавядання Алега Глушкіна «Ціхая Вальпургіевая ноч» чакаеш нехарактэрнай для «Нёмана» магіі, фантастыкі, прыгод. Але фантастыкі не атрымліваецца. Атрымліваецца проза жыцця, часам не менш незвычайная і захапляльная, але чамусьці з адным, заўсёды прадказальным і адначасова нечаканым канцом. Не пакідае «Нёман» тэма вайны. Афганістан — у аповесці Леаніда Чыгрына «Мяцеж», Вялікая Айчынная — у апавяданні «Пах газы» Віталя Шаўцова, Чачня — у «Авітамінозе» Валерыя Горбаня. І толькі ў апавяданні Дзмітрыя Грыгор'ева «Сцяна» вайна — не галоўная гераіня, а неназойлівая дэкарацыя, а галоўнае — пераадоленне сябе, сваёй слабасці і перамога — перш за ўсё над сабой.

Яшчэ крыху аптымізму і прагі жыцця надасць чытачу «Нёмана» паэзія. Яна прадстаўлена інтымнай і філасофскай лірыкай Алеся Бадака, поўнымі жаночых эмоцый вершамі Лізаветы Палеес, одамі каханню Славаміра Адамовіча, жыццесцвярджальнымі радкамі Валянціны Салаўёвай і прыемнай тугой па мінулым Таццяны Цеценькінай.

Замежжа ў «Нёмане» прадстаўлена не толькі «Калінінградскім сшыткам». Героем рубрыкі «Сусветная літаратура» стаў Гурам Сванідзэ, рускамоўны грузін, пісьменнік. «Нёман» прапаноўвае пазнаёміцца з ім спачатку праз інтэрв'ю, а потым прачытаць і апавяданні. Яны, дарэчы, прывабліваюць вельмі нетыповымі назвамі: «Жаночая прывабнасць матэматыкі», «Нашчадак імператара», «Немец-перац-каўбаса», «Спадчына ідыёта» і г.д. Вось і здагадаецеся, пра што творы. А лепей прачытайце.

Яшчэ адна рэальная і ўжо гістарычная постаць — Андрэй Макаёнак. Сёлета споўнілася 95 гадоў з дня яго нараджэння. Сваімі ўспамінамі пра вядомага драматурга, колішняга рэдактара «Нёмана» на старонках часопіса ўспамінаюць акцёры Барыс Луцэнка, Генадзь Аўсяннікаў, рэжысёр Валерый Анісенка. Пра асаблівасці характару Андрэя Ягоравіча, яго працу з акцёрамі, пра птушку і мышку расказваюць яны.

Тамара Мінютка, Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.