Вы тут

АДКБ супраць тэрарызму


Учора на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які адбыўся ў Маскве, кіраўнікі дзяржаў-членаў прынялі сумесную заяву аб супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у вузкім складзе, якое доўжылася больш за дзве гадзіны, і ў шырокім, калі далучыліся міністры замежных спраў і іншыя члены дэлегацый.

Прыярытэтнай задачай у барацьбе з тэрарызмам кіраўнікі дзяржаў — удзельнікі АДКБ назвалі рашучае спыненне дзейнасці групоўкі ІДІЛ. Яны таксама выступілі за фарміраванне шырокай кааліцыі на аснове палажэнняў Статута ААН, нормаў і прынцыпаў міжнароднага права без палітызацыі і папярэдніх умоў. Яны заклікалі ўсе дзяржавы няўхільна выконваць патрабаванні антытэрарыстычных рэзалюцый Савета Бяспекі і Генеральнай Асамблеі ААН.

«Канстатуем рост пагроз бяспекі ў Цэнтральнай Азіі, звязаных з павышэннем актыўнасці ІДІЛ, руху «Талібан», «Аль-Каіды» і іншых тэрарыстычных арганізацый на тэрыторыі Афганістана, што вядзе да ўсплёску напружанасці на паўднёвых рубяжах АДКБ, наўпрост пагражаючы дэстабілізацыі сітуацыі ў зоне яе адказнасці», — сказана ў сумеснай заяве прэзідэнтаў.

Лідары дзяржаў — членаў АДКБ лічаць, што падтрыманню стабільнасці на еўразійскай прасторы і ў свеце ўвогуле будуць спрыяць далейшае развіццё супрацоўніцтва ў рамках існуючых рэгіянальных структур і пашырэнне ўзаемадзеяння дзяржаў па пытаннях барацьбы з тэрарызмам.

Асобную ўвагу Савет калектыўнай бяспекі АДКБ надаў перакрыццю крыніц фінансавання тэрарызму. У сваёй заяве лідары краін-членаў таксама падтрымалі нарошчванне намаганняў міжнароднай супольнасці ў барацьбе з тэрарызмам у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы пры паралельным прасоўванні мірнага палітычнага ўрэгулявання праз перамовы паміж урадам Сірыі і шырокім спектрам апазіцыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?