Вы тут

Хто такі Балотнік?


Адказ падкажа казка.

«Я!» — «Я!» — «Я!» — «Калі ласка, можна я? Калі ласка!»

Вочы, поўныя «запалу і агню». Дзясяткі рук, што імкліва ўскінуліся ўверх. І гэта не ўрок у канцы чвэрці, калі дзецям выпадае апошні шанц выправіць дрэнныя адзнакі. Гэта — кніжны марафон «Калядная казка», арганізаваны Выдавецкім домам «Звязда» сумесна з сеткай крамаў «Белкніга» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне». А прайшоў ён 15 снежня ў Доме кнігі «Светач» у Мінску.

[caption id="attachment_115524" align="alignnone" width="600"]22-19 Дзеці заўсёды вераць у казку[/caption]

Дзеці, якія завіталі ў госці да «Каляднай казкі», сталі непасрэднымі ўдзельнікамі падарожжа ў свет фантазій і незвычайных прыгод. А сімвалам таго, што мерапрыемства пачалося, стаў узмах чароўнай палачкі ў руках вядучай! Чаму менавіта «марафон»? Таму што адразу некалькі беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей, пазнаёмілі гасцей сустрэчы са сваімі казкамі, вершамі і загадкамі. Анатоль Зэкаў, Галіна Пшонік, Віктар Кажура, Яна Явіч — пісьменнікі імкнуліся не проста расказаць пра свае творы, але даць дзецям магчымасць стаць актыўнымі ўдзельнікамі казачнай дзеі. У гэтым ім дапамаглі гульні, інтэлектуальныя заданні і спецыяльныя «казачныя» пытанні. Колькі боцікаў патрэбна вожыку, каб абараніць ад холаду сваіх дзетак? Хто такі Балотнік, і як да яго змагла трапіць звычайная дзяўчынка Зося? У якіх ягад лісточкі «быццам вушкі», а на «тварыках» — вяснушкі? Напэўна, дарослым няпроста адказаць на гэтыя пытанні. А вось дзеці справіліся з заданнем «на ўра»! За што і атрымалі прыемныя падарункі ад арганізатараў.

22-21

І хоць асноўная мэта кніжнага марафона — абудзіць у дзецях інтарэс да сучасных беларускіх аўтараў, паказаць, што ў іх ёсць шмат цікавых твораў для юных чытачоў (і яна была дасягнута!), важна нават не гэта. У пісьменнікаў атрымалася стварыць душэўную і шчырую атмасферу свята, якой часта так не хапае ў паўсядзённым жыцці. І кожны з прысутных імкнуўся далучыцца да гэтай светлай і добрай Казкі.

Дарэчы, у рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне», адным з заснавальнікаў якой з'яўляецца Выдавецкі дом «Звязда», пісьменнікі актыўна праводзяць прэзентацыі сваіх кніг не толькі ў кніжных крамах, але і ў бібліятэках і школах. «На мой погляд, «Сямейнае чытанне» — гэта вельмі добрая культуралагічная акцыя з вялікім выхаваўчым патэнцыялам, — кажа Галіна Пшонік, пісьменніца і журналіст, якая прыняла ўдзел у кніжным марафоне. — Я бачу, што дзецям сёння не хапае інтэлектуальных зносінаў. Такіх, якія можа забяспечыць сустрэча з цікавымі людзьмі. З нашымі сённяшнімі аўтарамі, напрыклад. Калі ж адбываецца такі сінтэз інтэлектуальнага і духоўнага, ды яшчэ пры непасрэдным удзеле беларускіх аўтараў, — гэта вельмі важна для выхавання свядомай асобы».

[caption id="attachment_115525" align="alignnone" width="600"]22-20 Удзельнікі кніжнага марафона пісьменнікі Галіна ПШОНІК і Анатоль ЗЭКАЎ.[/caption]

Як пісаць дзіцячыя кнігі, каб зацікавіць юных чытачоў? З такім пытаннем мы звярнуліся да Алены Мальчэўскай, якая гэтымі днямі прэзентавала сваю кнігу «Ша-ша з левага чаравіка» ў адной з крамаў РУП «Белсаюздрук»:

— Ведаеце, нейкага выпрацаванага падыходу ў мяне няма. Але ёсць жа такая вядомая фраза, што пісаць для дзяцей трэба гэтак жа, як для дарослых, толькі лепш. Мне падаецца, што трэба пісаць як для сябе і пра сябе — але ў пэўным дзіцячым узросце. Калі я прыдумляла казачныя гісторыі, узгадвала менавіта сябе — у 11 год. Будзьце шчырымі — і ваш твор прыцягне ўвагу чытачоў.

Алена Зарэчная

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?