Вы тут

Прэзентацыя відэароліка «Беларусь — краіна для жыцця» прайшла ўчора ў Мінску


Ён ужо транслюецца на міжнародным тэлеканале «СТС Інтэрнэшнл», у хуткім часе яго пачнуць паказваць па «Еўраньюс», а таксама па іншых міжнародных каналах. Гэта не выпадкова. Інтарэс да нашай краіны за мяжой расце як сярод турыстаў, так і сярод інвестараў — важна яго задаволіць.

Ідэя відэароліка належыць Міністэрству інфармацыі.

— Гэта наша вялікая праца па стварэнні іміджу краіны, — заўважыла ў размове з журналістамі міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў Пасланні Парламенту і беларускаму народу асобна спыняўся на тым, наколькі важна, каб сродкі масавай інфармацыі працавалі на імідж краіны. Мы бачым, што на замежных каналах краіны рэкламуюць сябе. Гэтым самым ствараюцца ўмовы для прываблівання турыстаў, інвестыцый. Думаю, несправядліва, што ў Беларусі не было дагэтуль такога роліка, які, як мне здаецца, сёння вельмі актуальны.

Відэа пачынаецца з пытання: што самае галоўнае ў жыцці? На працягу роліка глядач мае магчымасць не толькі атрымаць асалоду ад нашых краявідаў, але і знайсці адказ на гэтае пытанне.

Міністр інфармацыі ўпэўнена: самае галоўнае — само жыццё.

— Гэта можна паказаць праз сям'ю, праз простых людзей, якія сустракаюць раніцу новага дня са сваімі клопатамі, — расказала яна. — Як у гэтым роліку: паспяховы тата, цікавая мама, дзеці — усе заняты, усе жывуць у прыгожай, годнай краіне. Мы проста ўлюбіліся ў гэты ролік на этапе знаёмства са сцэнарыем. Натуральна, захацелася, каб прадукт з'явіўся.

Міністэрства плануе задзейнічаць усе магчымыя кантакты ў рамках рэалізацыі міжурадавых пагадненняў з цэлым шэрагам дзяржаў, каб распаўсюдзіць гэты відэапрадукт.

— Цікавасць да Беларусі велізарная, — кажа Лілія Ананіч. — Наша дзяржава, як ніякая іншая, менавіта ў гэты перыяд паказвае, наколькі важна быць прасторай міру, дабра. Мы адбыліся як краіна, дзе знаходзяць разуменне розныя бакі канфлікту ва Украіне. Мы бачым, што палітыка, якая праводзіцца нашым Прэзідэнтам, падтрымана народам. Мы хочам, каб Беларусь заўсёды была краінай для жыцця.

Па словах прадзюсара Валерыя Краўчука, галоўнай задачай падчас працы над відэа было «перанесці эмоцыі са сцэнарыя ў відэарад».

— У выніку ролік атрымаўся вельмі добрым, пранікнёным, — канстатуе ён.

Яго калега прадзюсар Уладзімір Папоў дадае, што гэта відэа — першы прадукт такога ўзроўню, зроблены цалкам у нашай краіне і нашымі людзьмі.

— Кожны ўклаў часцінку свайго таленту, — кажа прадзюсар.

Кастынг для акцёраў быў доўгім — больш чым 1,5 месяца: доўга не маглі знайсці патрэбныя тыпажы.

Акцёр Аляксандр Брухацкі, які сыграў ролю дзядулі, быў выбраны амаль адразу.

— Трэба знаходзіць магчымасць працягваць гэтую справу, — упэўнены ён. — Я ўдзячны, што ўдзельнічаў у такім праекце. Раней спявалі: мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас — Савецкі Саюз. Я з гонарам скажу: мой адрас — Беларусь. Я вельмі задаволены, што расказаў пра свой дом.

Актуальнасць роліка падкрэсліў і Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў.

— Гэты ролік нам спатрэбіцца з многіх прычын, — адзначае прадстаўнік МЗС. — Фіксуецца змяненне адносін да Беларусі ў пазітыўны бок. Яно адбываецца праз рэальныя фактары, у тым ліку такія, што не залежаць ад нас наўпрост. У гэтым зале, дзе зараз праходзіць прэзентацыя, ужо больш за 20 разоў сустракалася трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Інтарэс да нас расце і з прычыны тых унутрыпалітычных мерапрыемстваў, якія ў нас праводзяцца на вельмі высокім узроўні. Гэты інтарэс мае не толькі якаснае, але і колькаснае выражэнне: такога рэзкага росту пастаянна акрэдытаваных замежных карэспандэнтаў, як зараз, у нас не было гадоў дзесяць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.